Мужской взгляд: Сколько любви живёт в сердце матери?

Дубровно, мама, День матери, Раиса Проскурова, жизнь, судьба, детиПершы сынок у ПраскуравыхРаісы Леанідаўны і Анатолія Іванавіча — нарадзіўся сямімесячным, вагой усяго паўтара кілаграмы. Нялёгка было з ім, асабліва маці. Але выпеставалі, выгадавалі, у людзі вывелі. Цяпер іх першынец Аляксандр мае дзве вышэйшыя адукацыі, сям’ю, жыве і працуе ў Смалявічах дырэктарам ільнозавода.

Неўзабаве і другі сынок з’явіўся, Андрэй, дужанькі, моцненькі, такім і вырас. Таксама атрымаў вышэйшую адукацыю, ажаніўся, месцам жыхарства выбраў сталіцу нашай краіны, месцам працы — прыватную фірму. Калі служыў у арміі, у адной часці з ім служылі дубровенец Уладзімір Хмарскі і былы выхаванец Дубровенскай школы-інтэрната Сяргей Сугак. Неяк спазналіся, таварышамі сталі. Маці Уладзіміра, Марыя Пятроўна Хмарская, і маці Андрэя разам працавалі ў школе-інтэрнаце.
Калі Праскуравы ехалі ў воінскую часць наведаць сына, то, зразумела, везлі добры гасцінец.

—Запрашай таварышаў, — гаварыла Андрэю маці, — а Сяргея — абавязкова, да яго не прыйдзе ніхто.
Такая яна, Раіса Леанідаўна, ва ўсім, да людзей — з душой. Душой настаўніцы.

…Настаўніцай дзяўчынка Рая з вёскі Барадзіно марыла стаць з дзяцінства. Мару гэтую ў яе сэрцы запалілі настаўнікі Юлія Іванаўна і Канстанцін Савельевіч Бардухаевы. Прыклад Канстанціна Савельевіча быў надзвычай яркі.

—Дзіцячая газета таго часу “Піянер Беларусі” аб’явіла рэспубліканскі конкурс на лепшы малюнак, — успамінае Раіса Леанідаўна. — Я намалявала настаўніка, які раскінутымі рукамі абдымае цэлую групу дзяцей — перад маімі вачамі і ў думках стаяў вобраз Канстанціна Савельевіча. Газета змясціла мой малюнак і на мяне, праслаўленую, хлынуў лівень пісем з усёй рэспублікі — да сарака ў дзень. Паштальёнка была незадаволена, а я радавалася, са многімі потым доўга перапісвалася.

—А што з Канстанцінам Савельевічам?
—Да глыбокага жалю, яго ўжо няма ў жывых. Я з Дуброўны ездзіла на яго пахаванне. Горка было на душы, а памяць аб гэтым чалавеку засталася самая светлая.

…Раіса Леанідаўна настаўніцай стала. З першага разу ў педінстытут не паступіла, пачала працаваць, потым завочна вучылася ў Магілёўскім педагагічным інстытуце.

Баброўская базавая і сярэдняя школа № 1 г.Дуброўна прыкметнага следу ў яе душы чамусьці не пакінулі, а вось пра Пірагоўскую СШ Раіса Леанідаўна расказвала доўга і з захапленнем.

—Мы, настаўнікі-дубровенцы, у Пірагі ездзілі і хадзілі, як давядзецца. Цікава было там працаваць. Акрамя звычайнай была там вочна-завочная школа, дык некаторыя яе вучні маглі вечарам на заняткі і на падпітку прыйсці. Тут ужо не толькі веды, а тактоўнасць і цярпенне патрабаваліся.
—І гэта было цікава? — падкалоў я Раісу Леанідаўну.
—Ды не гэта, — з усмешкай запярэчыла яна. — А сам дух школы. Яшчэ нам падабалася ў калгасах працаваць — “На варце” — з цэнтрам у Пірагах і “40 год Кастрычніка” — з цэнтрам у Якубаве.
—Лён, бульбу, буракі ўбіраць — гэта так цікава?
—Там тады старшынямі былі Генадзь Акімавіч Ладычын і Міхаіл Васільевіч Сімаш — мы сябравалі з імі ўсёй школай, якую яны падтрымлівалі. Вось з імі было цікава супрацоўнічаць…

У “пірагоўскі” перыяд у Раісы Леанідаўны і нарадзіўся малодшы сын Андрэй. Пасля дэкрэтнага водпуску яна ў Пірагоўскую СШ не вярнулася па сямейных абставінах, а перайшла (гэта было ў 1984 годзе) ў Дубровенскую дапаможную (вспомогательную) школу, якая потым стала школай-інтэрнатам для дзяцей-сірот і нарэшце — проста дзіцячым домам.

З пяццю дырэктарамі за гэты час працавала Раіса Леанідаўна, прывіваючы дзецям любоў да роднай мовы. Ды не толькі веды трэба было даваць выхаванцам школы-інтэрната для дзяцей-сірот і дзіцячага дома, а тое, чаго не далі ім бацькі, якіх менавіта за няўвагу да сваіх дзяцей пазбавілі бацькоўскіх правоў.

—Але ж і выхаванцы там у вас былі!.. — зазначаю я. — Памятаю, камісія па справах непаўналетніх там выязное пасяджэнне праводзіла, тых, хто асабліва “вызначыўся”, разбірала. Адзін з іх, прозвішча яго я забыўся, ладны ўжо дзяцюк, падвыпіўшы, ламаў, крышыў мэблю, ганяў, хто пад руку трапіць…
—Дык то быў Юра Соуць. Мэблю крышыў і руку так параніў, што кроў было ніяк не спыніць. А я ў яго класе — 21 хлопец і 1 дзяўчынка — класнай была. Выклікалі “хуткую дапамогу”, павезлі ў бальніцу. Ён па дарозе і ў машыне буяніў. Мяне крывёю так “распляміў”, што куртачку потым я проста выкінула. І ў бальніцы доктар прасіў мяне супакоіць Юру. З цяжкасцю, але гэта мне ўдалося.
—Ну і што з гэтага Юры атрымалася?
—У нашу школу-інтэрнат сабралі самых горшых выхаванцаў з трох аднатыпных устаноў вобласці, уплыў нашай школы падзейнічаў на іх станоўча. І Юра выйшаў з яе сцен нармальным падлеткам.
—А была яшчэ ў вас прыгожая дзяўчынка, яе цыганкай звалі, яна вершыкі ў рэдакцыю прыносіла.
—Аксана Сіманіс, яна цыганка і ёсць. Пасля школы-інтэрната Аршанскае медвучылішча скончыла. Ужо даўно замужам, Дуброўну не забывала. І са мной сустракалася, а больш з настаўніцай Ганнай Віктараўнай Сліпанавай, з кветкамі да яе прыязджала. Да мяне прыязджаў Андрэй Сугак…

З мацярынскім болем гаварыла Раіса Леанідаўна пра дзяцей, што растуць і выхоўваюцца ў інтэрнатах і дзетдамах. Усім яны тут забяспечаны. І клопатам акружаны, толькі не мацярынскай ласкай. Як часта з затоеным смуткам у дзіцячых вачах вымаўляюць гэтае самае дарагое ў свеце слова “мама”…
Раіса Леанідаўна чула і чуе яго не толькі ад сваіх адзінакроўных сыноў, а яшчэ ад адной роднай і блізкай душы.

…Неяк на час летніх канікулаў прыбыла ў Дубровенскую школу-інтэрнат вучаніца вядомай на ўсю вобласць, а мо і рэспубліку, Лужаснянскай школы-інтэрната (цяпер гімназіі) Віялета Бязгузька. Дырэктарам там працуе Ула-дзімір Уладзіміравіч Шыцько, які некалі быў першым сакратаром Дубровенскага райкама камсамола. Ён і накіраваў яшчэ малую Віялету ў Дуброўна. А яна не захацела потым вяртацца ў Лужасна. Так тут і засталася. І пасябравала з Раісай Леанідаўнай.

Асабліва праявілася гэта, калі Раіса Леанідаўна з групай дзяцей адпачывалі ў Італіі.

—Віялеце было ўжо гадоў пятнаццаць, — весела расказвае Раіса Леанідаўна. — Яна — дзяўчынка-прыгажуня, маленькая мадэль, разумніца, на ўсе рукі майстрыха. А ў гаспадароў, дзе мы жылі, быў малады і вельмі гарачы сын. Ён не хаваў, не мог схаваць сваіх сімпатый да Віялеты, а ў мяне па-жаночаму стала ныць сэрца. Асцярожна і тактоўна стала я перасцерагаць дзяўчынку, гэта зблізіла нас яшчэ больш.
Калі вярнуліся ў Дуброўну, стала я забіраць Віялету ў нашу сям’ю на выхадныя і святы, на канікулы. Стала яна ў нашай сям’і як родная, хоць дакументальна гэта ніяк не аформлена. З настаўнікам матэматыкі, цудоўным чалавека Уладзімірам Аляксеевічам Осіпавым ахрысцілі яе, цяпер ён — хросны бацька Віялеты, я — яе хросная маці. Яна і называе мяне “мамай”, “мамачка”, “матуля”.
—Заўсёды так называе?
—Заўсёды, нават калі я ёй і наганяю дам, — заявіла Раіса Леанідаўна і расказала адну вельмі сур’ёзную гісторыю, звязаную з Віялетай, якую я пераказваць не буду.
—А біялагічная маці ў Віялеты ёсць?
—Ёсць, толькі яна сваіх дзяцей на другога мужчыну прамяняла. Жыве з тым мужчынам вельмі заможна, на адзінакроўную дачку — нуль увагі, Віялета яе Ларыскай заве.
—Вось як бывае, — нявесела прамовіў я.
—Бывае, — згадзілася Раіса Леанідаўна, усмешка знікла з яе твару.
—А дзе цяпер Віялета?
—Пасля Дубровенскай яе накіравалі ў Сенненскую школу-інтэрнат, дзе даюць сярэднюю адукацыю. Цяпер ёй ідзе 23-ці год, яна — курсантка чацвёртага курса акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў. Двойчы была на практыцы ў Дуброўне, у нашай, у сваёй сям’і. Дарэчы, для яе ўжо гатова 1-пакаёвая кватэра ў Віцебску, як сірата, яна мела права на льготную субсідыю. Толькі сіратой яна сябе не адчувае. І мой муж, які працуе ў пажарнай ахове льнозавода, і нашы сыны, і я лічым яе членам нашай сям’і, дзе ўсе роўныя, патрэбныя адно другому.
—Дзіцячы дом у Дуброўне напярэдадні новага навучальнага года зачынілі. Як уладкаваліся вы, Раіса Леанідаўна?
—Аформіла пенсію па выслузе гадоў і пачала працаваць у ТЦСАН па доглядзе за пажылымі людзьмі, за мной іх замацавана восем. Я прыйшлася ім да спадобы і мне з імі добра. Нібы дзяцей памяняла — малых на старых…

Светла і прыемна на душы ад сустрэчы і размовы з такім чалавекам.

Фёдар КУЛАКОЎ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *