Как выглядел город Дубровно в начале ХХ века?

Дубровно, Дубровенский район, история, церковь, синагога, костел, бернардинцы, парк, танцы, воспоминания, обувь, свистульки, Эрмитаж, мануфактура, ткачество, аптека, кино, бассейн, люди, Катерина, Никандрова

«Якім быў горад ў даўнія часы, спадар Дудараў?»

Калі чалавек няўрымслівы, цікаўны, то яго, безумоўна, непакоіць мінулае і гістарычнае тых мясцін, куды яго, напрыклад, накіравалі працаваць пасля заканчэння ВНУ на працу. А калі гэты чалавек да таго ж па прафесіі журналіст, то для яго мінулае таго куточка роднай Беларусі, дзе яму пашчасціла распачаць сваю працоўную дзейнасць, уяўляе сапраўдную цікаўнасць.

Вось і да мяне аднойчы звярнулася малады журналіст, супрацоўніца раённай газеты з прапановай расказаць аб цікавым мінулым з гісторыі Дуброўна. Калі шчыра, то я больш-менш добра ведаю гісторыю пасляваеннай Дубровеншчыны. Тым не менш, паабяцаў, што пакорпаюся ў сваіх рабочых блакнотах, пашукаю цікавае з успамінаў тых дубровенцаў, якія нарадзіліся яшчэ да Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года мінулага стагоддзя.

Вырашыў знайсці тое з занатаванага, аб чым мне гадоў пятнаццаць назад расказала Ганна Кірылаўна Звяркова (родная сястра майго бацькі), якая нарадзілася на мяжы ХХ стагоддзя.

У цёткі Ганны

З дзяцінства цётка Ганна была вельмі дапытлівай і мела надзіва добрую памяць. Гадоў за дзесяць да ўходу на пенсію цётка працавала кур’ерам і адначасова выконвала абавязкі прыбіральшчыцы ў выканаўчым камітэце Дубровенскага гарадскога Савета народных дэпутатаў. У Дуброўна ведала ўсіх альбо амаль усіх па прозвішчу і імя, кім, хто і дзе працуе ці працаваў.

Мая цікаўнасць да згадак Ганны Кірылаўны пачалася з таго, што я аднойчы спытаў яе, чаму вельмі многія старыя бабулькі і дзядкі спыняючыся на скрыжаванні вуліц Лапанькова, Камсамольская і Старапаштовая, павярнуўшыся тварам да драўлянага дома на ўзгорачку паблізу будынка суда Дубровенскага раёна, тройчы хрысцяцца…

Такі рытуал рабіла і мая цётачка, калі праходзіла міма таго дома, афарбаванага ў цёмна бардовы колер. Пачуўшы маю просьбу Ганна Кірылаўна тады запрасіла ў адзін з выхадных зайсці да яе ў госці, а да таго часу яна паспрабуе падрабязней прыгадаць шмат чаго цікавага з гісторыі нашага роднага горада.

Па слаўнай вуліцы…

—Месца, пра якое ты мяне спытаў, даражэнькі, і сапраўды святое, — распачала жанчына, якая пражыла на гэтым свеце без малага сто гадоў, шмат чаго бачыла на сваім вяку і вытрывала на сваіх кволых жаночых плячах. Адна толькі Вялікая Айчынная вайна чаго варта. — Вельмі многія дубровенцы, якія нарадзіліся ў пасляваенны час, са сваімі бацькамі жылі і жывуць на вуліцы Ганны Нікандравай. Але даволі многія з іх, і я ў гэтым упэўнена, мо не ведаюць, як называлася самая вялікая вуліца нашага райцэнтра ў даваенны і пэўны пасляваенны час. А называлася яна Бярозкаўская.

Назву сваю вуліца атрымала амаль два стагоддзі назад, калі расійская імператрыца Кацярына ІІ праязджала па нашай мясцовасці. Мой дзядуля, са слоў свайго, расказваў, што ўвесь шлях, дзе меркаваўся праезд царыцы, быў абсаджаны бярозамі.

Тады ж узводзіліся і прыгожыя вёскі, якія ў народзе называліся “пацёмкаўскія”. На гэтыя работы зганяліся тысячы сялян з навакольных вёсак.

У час урачыстага сходу ў РДК, прымеркаванага да 25-годдзя Перамогі Савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў над гітлераўскай Германіяй, удзельнікам мерапрыемства было абвешчана, што рашэннем гарадскога Савета вуліца Бярозкаўская перайменавана ў вуліцу Ганны Нікандравай.

Я таксама прысутнічала на тым сходзе. У зале РДК, вобразна кажучы, яблыку не было дзе ўпасці (тады зала Дома культуры ўмяшчала больш за 500 чалавек) большасць з якіх былі ўдзельнікамі вайны. Сотні дубровенцаў стоячы віталі такое рашэнне гарвыканкама.

Што датычыцца Ганны Аляксееўны Нікандравай, то яна руская, з Пскоўшчыны. У вайну старшы лейтэнант, камсорг Ганна Нікандрава ў час наступлення паблізу вёскі Кіраёва ўзняла байцоў палка ў атаку. Шкада, але ў гэтым баі яна загінула. Месца пахавання Героя Савецкага Саюза Г.А.Нікандравай ведаюць гараджане — гэта сквер насупраць РДК.

Вуліца Бярозкаўская (Нікандравай) была выбрукавана (вымашчана) каменем. Пазней такое пакрыццё мелі вуліцы Аптэчная (зараз Камсамольская), Вакзальная. Але да 1935 года ў час веснавой і асенняй непагадзі вуліца Аптэчная літаральна патанала ў гразі. Колы конных фурманак хаваліся па вось у гразь.

Храмы да самых нябёсаў

На гэтай жа вуліцы размяшчаліся дзве праваслаўныя царквы, яны былі вельмі прыгожымі, а называліся Мікалаеўскімі.

Першая — летняя — была драўлянай і размяшчалася як раз на месцы дома № 2 цяперашняй вуліцы Камсамольская, што побач з будынкам суда Дубровенскага раёна. А там, дзе зараз знаходзіцца рэдакцыя газеты “Дняпроўская праўда” (гэты будынак частка з таго, што захавалася ў пасляваенны час ад велічнага будынка з цэглы Свята-Мікалаеўскай царквы). Над ёй узвышалася высачэзная званіца. Ва ўсе праваслаўныя святы адтуль нёсся меладычны звон, які перагукваўся са званамі Свята-Троіцкай (яна захавалася), Барыса-Глебскай (вуліца Барысаглебская, а зараз Першамайская).

Разрабаванне і разбурэнне гэтага самага прыгожага і велічнага праваслаўнага храма г.Дуброўна пачалося ў 1937-1939 гадах, а давяршылася ў час вайны. Святар у Свята-Мікалаеўскай царкве быў вельмі чулым і добразычлівым чалавекам, вельмі ўважліва адносіўся да просьбаў і пытанняў прыхаджан і не толькі з ліку вернікаў. Двор царквы быў вельмі вялікі, унутры яго размяшчаліся могілкі, дзе знаходзілі апошні прытулак свяшчэннаслужыцелі і члены іх сем’яў, знакамітыя людзі горада таго часу.

Вытанчаны абутак ад майстра Грышкі

Адразу праз дарогу ад летняй Мікалаеўскай царквы размяшчаўся прыгожы і дыхтоўны дом шаўца Грышкі Купцова. Ён славіўся далёка за межамі Дуброўна сваімі ўмелымі і майстравымі рукамі. Пашытыя яго рукамі туфлі, боты, іншы абутак насілі не толькі сотні дубровенцаў, а і многія аршанцы і люд Магілёўскай губерніі.

Калі была малой, то разам з дзяўчынкамі і хлапчукамі часта бегалі да дому шаўца Купцова, з захапленнем разглядалі яго вырабы, якія былі выстаўлены ў вітрыне за шклом. Каб ты ж ведаў, як мне хацелася мець прыгожыя дзявочыя туфлі, зробленыя рукамі майстра. Але гэта было толькі ў марах, бо ў бацькоў не было неабходных грашовых сродкаў — адных дзяцей было дзевяць ртоў…

Ізноў — пра храмы…

Пачаставаўшы мяне духмянай гарбатай, якую цётачка настойвала на лекавых раслінах, сабраных у полі і лесе ўласнаручна, яна працягвала:

—Крышачку ніжэй па вуліцы з правага боку ў доме, дзе жыве сям’я Волахаў, у даваенны час жылі служкі Спаскай царквы. Побач з домам і царквой была надзвычай прыгожая капліца, у якой адпявалі нябожчыкаў. Туды заходзілі людзі, каб паставіць свечку за ўпакой ці за здароўе, перачакаць навальніцу альбо снежную завіруху, ці правесці час у гутарцы з гараджанамі да пачатку службы ў храме. Ад самой жа Спаскай царквы захаваўся невялікі двухпавярховы будынак, дзе ў пасляваенны час быў Дом культуры з кіназалай на 150 месцаў (сёння тут размешчана раённая санэпідстанцыя). Спаская царква была аздоблена вельмі прыгожа, мела высачэзную званіцу.

З левага боку ў напрамку Оршы ўзвышаўся велічны каталіцкі касцёл, частка якога захавалася і па сёння. Напярэдадні знакавых каталіцкіх святаў і, у прыватнасці, Нараджэння Хрыстова па каталіцкаму календару, ксёндз у суправаджэнні дзесятка служкаў хадзіў па вуліцах Дуброўна. Яны спявалі песні, віншавалі гараджан і вернікаў са святам, а нас, дзяцей, частаваў цукеркамі, пернікамі, пячэннем і іншымі прысмакамі, раздаваў дробныя грошы.

А што за прыгажосць была ўнутры касцёла! Ад будынка, уніз па вуліцы вялі шырачэзныя прыгожыя мармуровыя прыступкі, паабапал якіх у вячэрні час гарэлі газавыя ліхтары (выкарыстоўваўся керасін). Большасць дубровенцаў ведаюць гэты будынак як кляштар бернардзінцаў.

У 30-40-х гадах мінулага стагоддзя тут размяшчаўся рабфак, у пасляваенны час дзейнічала СШ № 1 г.Дуброўна, потым у гэтым будынку мелі прытулак кантора горжылкамунгаса, энергазбыту, аўташкола ДТСААФ і іншыя.

А яшчэ ў нашым горадзе было некалькі сінагогаў.

У дні праваслаўных, каталіцкіх і яўрэйскіх святаў у храмах, касцёле і сінагогах, як кажуць, і яблыку недзе было ўпасці. Ідучы ў Божыя Храмы людзі апраналі ўсё чыстае, самае прыгожае і новае. У кожнай з трох канфесій былі свае прыхільнікі, але людзі паміж сабой сябравалі і жылі вельмі дружна.

На алеі закаханых і не толькі

Пацікавіўшыся ў Ганны Кірылаўны наконт таго, як моладзь адпачывала і весялілася ў святы і выхадны дзень, пачуў наступнае.

—Масавыя гулянні і святкаванні моладзі і іншага люду Дуброўна адбываліся ў асноўным па вуліцы Аптэчная і ў былым панскім парку, дзе зараз размешчаны кулінарны камбінат райспажыўтаварыства. На месцы будынка пракуратуры (маю на ўвазе стары будынак, што каля банка), размяшчалася чайная. Хлопцы куплялі тут цукеркі-карамель “падушачкі”, пернікі і частавалі імі каханых і знаёмых дзяўчат. Усе разам каталіся на конях, якіх у даваенны час шмат было ў гараджан. Свае паслугі прадастаўлялі і калгасы, якія размяшчаліся напрыканцы вуліцы Аршанская, у напрамку вёскі Бурая — непадалёку ад Свята-Троіцкай царквы і на вуліцы Бярозкаўская (сёння Нікандравай, дзе зараз знаходзіцца магазін райпа № 4 і магазін “Ветразь” ААТ “Аршанскі малаказавод”). Дугі коней звычайна ўпрыгожвалі рознакаляровымі стужкамі, кветкамі з каляровай паперы, а ў летні час — жывымі палявымі кветкамі, на дугі мацавалі меладычныя званочкі. Многія вазніцы ўпрыгожвалі конскую вупраж. І, як закон, сярод груп моладзі і гараджан, абавязкова быў гарманіст.

Ля былога панскага парка былі дзве школы — беларуская і яўрэйская. Далей па леваму боку вуліцы Горацкая былі рускія і польскія могілкі. На месцы пахавання грамадзян польскай нацыянальнасці католікі узводзілі вельмі прыгожыя скульптурныя кампазіцыі. Моладзь і дзеці хадзілі на тыя могілкі, як у музей.

У самім жа парку ў выхадныя і святочныя дні было вельмі шматлюдна і весела. На танцавальнай пляцоўцы іграў духавы аркестр. Мы адпачывалі і танцавалі, праўда не так, як танцуе сёння моладзь. Самымі маладымі на танцах былі дзесяцікласнікі, а больш маладзейшыя з зайздрасцю назіралі за сваімі старэйшымі братамі і сёстрамі, бацькамі.

Тэрыторыя парка ўздоўж і ўпоперак была перасечана алеямі, дарожкі якой былі ўкрыты бітай чырвонай цэглай, а таму на фоне зялёнага травянога газона глядзеліся вельмі добра. Назву дзвюх я і зараз памятаю — алея закаханых і алея раставання. На першай алеі былі ўстаноўлены лаўкі і драўляныя столікі. Мы, малыя, вельмі любілі з хованак назіраць за маладымі хлопцамі і дзяўчатамі, якія поруч прагульваліся тут.

Не ведаю, кім і калі было заведзена, але закаханыя хлопцы і дзяўчаты прыносілі сюды і ставілі на столікі ў гліняныя вазачкі і збаночкі букеты кветак. Букеты былі розныя — бэз, жасмін, піёны, рамонкі і палявыя званочкі, вяргіні і іншыя — бачна, любімыя кветкі каханых. У свой час на гэтай жа алеі я і пазнаёмілася са сваім будучым мужам Сцяпанам. Гэтая алея была знакаміта і тым, што на ёй маладыя людзі прызнаваліся ў каханні, дамаўляліся аб сватаўстве. Я не памятаю, каб хто-небудзь з нас, дзяцей, краў кветкі з тых столікаў разам са збаночкамі ці вазачкамі. І яшчэ. Алея закаханых была засаджана беластвольнымі прыгажунямі бярозамі і духмяным кустоўем жоўтай акацыі.

Паабапал алеі раставання раслі магутныя дрэвы — ліпы, клёны, вязы, ясені, кроны якіх хавалі ад людскіх вачэй тое, што там рабілася. Гэта алея завяршалася крутым і абрывістым берагам, які спускаўся да рэчкі Задубровенка.

З расказаў дарослых мы ведалі, што нярэдка, пераканаўшыся ў здрадзе, юнакі ці хлопцы запрашалі сюды сваіх каханых, аб нечым узрушана размаўлялі, а наблізіўшыся да абрывістага берага, хлопцы, быццам бы незнарок, спіхвалі з таго абрыву дзяўчат. На гэтым іх сяброўства заканчвалася. Наслухаўшыся такіх страшных расказаў дарослых, мы, малыя і падлеткі, баяліся туды хадзіць, асабліва позна ўвечары ці ноччу.

А на вуліцы Аптэчнай…

Калі вярнуцца зноў на вуліцу Аптэчную (Камсамольская), то хачу сказаць, што на месцы магазіна “Забота” (зараз “Міні-маркет”) размяшчалася прыватная ткацкая арцель, дзе вырабляліся розныя ткацкія рэчы для дома. Гаспадар арцелі абучаў ткацкай справе многіх дзяўчат-дубровенак. Многія з іх потым уладкоўваліся працаваць на фабрыку “Дняпроўская мануфактура”. Гаспадар той арцелі сам вырабляў ткацкія станкі, прызначаныя для ручнога ткацтва…

Свістулькі бабкі Матузковай для Эрмітажу

За кубачкам гарбаты непрыкметна праляцелі дзве гадзіны. Ганна Кірылаўна прыгадала і бабулю Матузкову, якая жыла па вуліцы Бярозкаўская, пра яе прыродны талент вырабу гліняных цацак, конікаў, свістулек у выглядзе птушак, дудачак, цацак-парачак (выява дзяўчыны ў шапачцы з лялькай у руках).

Па словах цёткі Ганны яны, дзеці, так і казалі, што пойдуць за свістулькамі да бабулі Матузковай. А я ведаю, што ў Санкт-Пецярбургу ў Эрмітажы ў экспазіцыі гліняных цацак ёсць некалькі, што належаць справе залатых рук нашай зямлячкі.

Ганна Кірылаўна заўважыла і тое, што ў гады яе дзяцінства і маладосці дубровенцы жылі не вельмі багата і заможна, але весела і дружна, часта хадзілі адзін да аднаго ў госці, разам святкавалі святы і адзначалі знакамітыя падзеі.

Гісторыя працягваецца…

Убачыўшы ў вачах Ганны Кірылаўны стомленасць, вырашыў спыніць нашу гутарку, працягнуўшы яе ў наступны раз. Адначасова папрасіў, каб яна прыгадала, як працавалі дубровенцы на даваенным льнозаводзе, які размяшчаўся за Дуброўна, у полі, метраў за сто ад сённяшняга будынка паліклінікі, аб рабоце і справах умелых рабочых фабрыкі “Дняпроўская мануфактура” (на гэтым месцы зараз знакамітае на ўсю рэспубліку адкрытае акцыянернае таварыства “Дубровенскі льнозавод”) і, як юнакі і дзяўчаты ў даваенны час здавалі нарматыў значка “Варашылаўскі стралок” па плаванню ў фабрычным 25-мятровым басейне, аб вядомых і знакамітых дубровенцах даваеннага часу.

Але лёс так распарадзіўся, што чарговая сустрэча не адбылася — Ганна Кірылаўна пайшла з жыцця. Яе ж голас, успаміны пра родны горад Дуброўна і сёння ціхім званочкам гучаць у маёй галаве…

Падрыхтаваў Леанід ДУДАРАЎ

Как выглядел город Дубровно в начале ХХ века?: 2 комментария

  • 11.02.2012 в 11:04 дп
    Permalink

    побольше бы архивных фото…

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

  • 27.02.2012 в 1:50 пп
    Permalink

    Уважаемый Алексей и наши дорогие читатели!

    Пришлось перефотографировать 2 толстые книги «Память.Дубровенский район», но зато есть результат:)

    Смотрите в нашей ФОТОГАЛЕРЕЕ на сайте (вверху) раздел «ИСТОРИЯ ДУБРОВНО»

    Вот прямая ссылка: http://www.dubrovno.by/?page_id=11296

    Раздел «ИСТОРИЯ В ЛИЦАХ» пока в разработке — уж очень там много фотографий наших людей. Но и он появится на сайте в скором времени.

    Будем вместе, будем на связи:)!!!

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *