Дубровенский район победил в республиканском смотре-конкурсе по землепользованию и благоустройству на селе по итогам 2010 года

Дубровно, СПК Правда, ферма, доярка, женщина, отдых

У 2010 годзе наш раён быў прызнаны пераможцам рэспубліканскага агляду-конкурсу “Землекарыстанне высокай культуры земляробства, добраўпарадкавання машынных двароў, жывёлагадоўчых ферм і комплексаў”. Так ацэнены вынік работы, праведзенай у гаспадарках раёна за гады рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця сяла.

На большасці малочнатаварных ферм зманціраваны малакаправоды і ўстаноўлены малочныя халадзільнікі, палепшаны ўмовы для ўтрымання маладняку буйной рагатай жывёлы, што дазволіла механізаваць пераважную большасць працэсаў па абслугоўванню жывёлы, у тым ліку і раздачу кармоў. Таксама щ гаспадарках наведзены належны парадак на прыфермаўскіх тэрыторыях, амаль паўсюдна завершана добраўпарадкаванне машынных двароў. Аб гэтым наша газета ўжо паведамляла неаднойчы.

Але што канкрэтна зроблена па стварэнню ўмоў для работы і адпачынку жывёлаводаў, механізатараў у рамонтных майстэрнях? Гэтае пытанне асабліва актуальна ў зімовы перыяд, калі цісне мароз, мятуць завеі, і адпачываць на свежым паветры не даводзіцца. І мы, аўтар гэтых радкоў і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Міхаіл Іванавіч Рубанцаў, адправіліся ў сельгаскааператывы “Праўда” і “Герой”, дзе ўзровень развіцця жывёлагадоўлі знаходзіцца на дастаткова высокім узроўні.

Сельгаскааператыў “ПРАЎДА” запрашае…

Даведаўшыся аб мэце нашага прыезду ў гаспадарку, галоўны эканаміст сельгаскааператыва “Праўда” Людміла Валянцінаўна Бабакова паведаміла:

—У нашай гаспадарцы на кожнай ферме ёсць добра абсталяваныя пакоі, дзе жывёлаводы могуць пагрэцца, адпачыць, выпіць кубачак гарбаты, абмеркаваць наспеўшыя праблемы, а на пасуддзеўскай ферме ёсць нават тэлевізар…

Знаёмства з умовамі адпачынку жывёлаводаў мы вырашылі пачаць з наведвання самай аддаленай у гаспадарцы Кобызеўскай фермы. Адкрыўшы тарцовыя вароты, мы зайшлі ў кароўнікі, тут было цёмна. Міжволі падумалася, што на ферме, магчыма, па якойсьці прычыне адключылі электраэнергію. У гэты час на кармавым праходзе ажыўлена гутарылі некалькі чалавек. Сярод іх Міхаіл Іванавіч Рубанцаў, які ў васьмідзесятыя гады мінулага стагоддзя ў гэтай гаспадарцы працаваў сакратаром партарганізацыі, пазнаў брыгадзіра фермы Ніну Аляксандраўну Краўчанка.

—Чаму так цёмна ў памяшканні? Лямпачкі перагарэлі ці электрычнасць адключылі? — запытаўся я ў брыгадзіра.

—Гэта вам цёмна, бо зайшлі ў памяшканне з вуліцы, — гаворыць Ніна Краўчанка. — Мы ж, што трэба, бачым. Без неабходнасці лямпачкі не ўключаем, эканомім электраэнергію, інакш не ўкладзёмся ў месячны ліміт выкарыстання электраэнергіі.

Даведаўшыся аб мэце нашага прыезду, брыгадзір запрасіла нас у чырвоны куток, так звычайна жывёлаводы называюць пакой адпачынку.

Парадак, які панаваў у гэтым памяшканні, мяне прыемна здзівіў. Падлога чыста памытая, ля парога лапік палавіка, аб які кожны, хто заходзіць у пакой, выцірае ногі. Сцены і столь абабіты сайдзінгам. Ля сцен некалькі крэслаў і канапа. На стале — чайны сервіз і электрачайнік. У дальнім кутку — звычайная печка, якая абагравае пакой. На сцяне вісяць неабходныя заатэхнічныя паперы — рацыёны, графікі запуску і ацёлаў кароў, вынікі спаборніцтва жывёлаводаў.

Словам, тут ёсць усе ўмовы для невялікага калектыву жывёлаводаў (шэсць чалавек), каб адпачыць і абмеркаваць наспеўшыя праблемы.

Дубровно, ферма, корова, колхоз, сено

Ніна Аляксандраўна Краўчанка, якая ўзначальвае калектыў фермы пятнаццаць гадоў, паведаміла, што за 11 месяцаў 2010 года надой малака на карову склаў 3974 кілаграмы. Гэта другі паказчык у гаспадарцы. У зімовыя дні сутачны надой на карову ў сярэднім па ферме перавышае 11 кілаграмаў, а ў групе аператара машыннага даення кароў Антаніны Рыгораўны Арбузавай13,6 кілаграма. Дарэчы, Антаніна Рыгораўна па выніках работы за лістапад мела самы высокі ў раёне паказчык па надою малака на карову — 471 кілаграм або 15,2 кілаграма ў сярэднім за суткі. За 11 месяцаў гэта жывёлаводка надаіла на карову па 4613 кілаграмаў (другі паказчык у гаспадарцы), а ў цэлым за год гэты паказчык складзе амаль 5000 кілаграмаў малака. Варта нагадаць, што такой высокай прадуктыўнасці жывёлы ў сямідзесятыя-васьмідзесятыя гады мінулага стагоддзя дабівалася былая даярка гэтай фермы Зінаіда Карнееўна Бабакова, якая не адзін год узначальвала раённае спаборніцтва жывёлаводаў.

Зайшоўшы ў кароўнік Сіпішчаўскай фермы, дзе ў гэты час знаходзіліся некалькі жывёлаводаў, мы таксама звярнулі ўвагу на тое, што ў памяшканні не гарэла ні адной лямпачкі.

—Эканомім электраэнергію, — пракаменціраваў адзін з даглядчыкаў. — Уключаем святло толькі тады, калі ў гэтым ёсць патрэба.

У сказаным мы пераканаліся літаральна праз некалькі хвілін. Толькі мы пераступілі парог малочнага блока, каб трапіць у пакой адпачынку, дзяжурны жывёлавод уключыў святло, а калі пакінулі памяшканне, электралямпачка тут жа была выключана.

Факты эканоміі электраэнергіі мы заўважылі і пры наведванні рамонтнай майстэрні гаспадаркі, дзе таксама не ўбачылі ні адной уключанай без патрэбы электралямпачкі.

—У нашай гаспадарцы эканоміі электраэнергіі ўдзяляецца вялікая ўвага, — расказвала нам падчас сустрэчы ў канторы галоўны эканаміст гаспадаркі Людміла Валянцінаўна Бабакова. — Ад эканоміі і беражлівасці напрамую залежаць сабекошт прадукцыі, фінансавы стан гаспадаркі. Каб павысіць выручку ад рэалізацыі малака, мы імкнемся не дапускаць яго перарасходу на выпойванне цялятам. У апошнія гады таварнасць малака ў нашай гаспадарцы дасягае 90 працэнтаў, у той час, як у некаторых суседніх гэты паказчык складае каля 70 працэнтаў. Эканомія энергарэсурсаў, павышэнне таварнасці і якасці прадукцыі і няўхільнае павелічэнне аб’ёмаў яе рэалізацыі дазваляюць нашай гаспадарцы цвёрда трымацца на плаву ў фінансавым плане. Калі ў некаторых гаспадарках, для выплаты зарплаты бяруць крэдыт у банку, то ў нашай такіх праблем даўно няма. На сённяшні дзень, напрыклад, ад рэалізацыі прадукцыі мы маем выручку, якой хопіць, каб выплаціць зарплату за 2 месяцы.

Такое адступленне ад галоўнай тэмы гэтага артыкула раблю з той мэтай, каб наглядна паказаць, як у СВК “Праўда” зарабляюць грошы.

Дубровно, ферма, техника, корова, стойло, аппарат, колхоз

Што ж датычыцца ўмоў адпачынку жывёлаводаў у ходзе вытворчага працэсу, то сапраўды, як і паведаміла нам галоўны эканаміст гаспадаркі, на кожнай ферме, дзе пабывалі ў той дзень, мы ўбачылі ўтульныя пакоі адпачынку, у якіх чысціня і парадак, ёсць неабходная мэбля, печка для абагрэву, на стале — чайны сервіз і электрачайнік. Сцены, столь і падлога паўсюдна ў пакоях адпачынку аздоблены сучаснымі аддзелачнымі матэрыяламі. Праўда, на некаторых фермах печка ў той дзень была няпаленая. Але гэта ўжо справа саміх жывёлаводаў, брыгадзіраў ферм, вартаўнікоў, словам, тых людзей, хто тут працуе. Усё, што залежыць ад кіраўніцтва гаспадаркі, прафсаюзнай арганізацыі, тут зроблена: ёсць дзе сабрацца, на што прысесці, пры неабходнасці, выпіць гарачага чаю, на Пасуддзеўскай ферме можна паглядзець тэлевізар, а на Бахаўскай нават ёсць душавая кабіна.

А яшчэ мы не маглі не звярнуць увагу на тое, што на кармавых сталах было дастаткова кармоў, а на наша паяўленне жывёла ніякім чынам не рэагавала. З практыкі ведаю, што гэта галоўная прыкмета таго, як жывёла накормлена. Для кожнай групы жывёлы складзены адпаведны рацыён. Для кароў, у залежнасці ад фізіялагічнага стану, прадугледжаны тры рацыёны. Багата кормяць — добра і дояць.

На дзень наведвання гаспадаркі сутачны надой малака на карову тут перавышаў 9 кілаграмаў, у той дзень гаспадарка адгрузіла на маслазавод каля 5 тон малака. У цэлым жа за год СВК “Праўда” ў апошнія два гады прадае каля 2200 тон малака і займае другое месца ў раёне па аб’ёму рэалізацыі малака на 100 гектараў сельгасугоддзяў і на 1 работніка.

Добра ідуць справы і ў мясным цэху гаспадаркі. Сярэднясутачныя прывагі маладняку буйной рагатай жывёлы на дарошчванні перавышаюць 600, а на адкорме — 800 грамаў. Па агульнаму аб’ёму рэалізацыі мяса дзяржаве на 100 гектараў сельгасугоддзяў гаспадарка ўпэўнена займае першае месца ў раёне.

Словам, уражанне ад наведвання ферм сельгскааператыва “Праўда” засталося самае прыемнае. Па ўсім адчуваецца, што тут працуюць з прыцэлам на перспектыву.

У 2010 годзе тут закончылі рэканструкцыю памяшкання на 220 быкоў на цэнтральнай ферме і завяршаецца будаўніцтва па сутнасці новага цялятніка на пасуддзеўскай ферме, што дазволіць і ў далейшым нарошчваць вытворчасць і рэалізацыю жывёлагадоўчай прадукцыі.

Дарэчы, у гэтыя дні надоі малака на карову вышэй, чым у гэты перыяд мінулага года на 10-15 працэнтаў.

Наступны прыпынак – сельгаскааператыў «ГЕРОЙ»…

А вось суседні сельгаскааператыў “Герой”, які таксама па ўзроўню развіцця жывёлагадоўлі ў ліку лепшых гаспадарак раёна ў апошнія два гады, здае пазіцыі. Асабліва гэта прыкметна было ў 2010 годзе. Калі за 2009 год рэалізацыя малака ў параўнанні з папярэднім годам знізілася на 2 працэнты (у сярэднім па раёне павялічылася на 13 працэнтаў), то ў 2010 годзе зменшылася аж на 20 працэнтаў.

Гэта адзіная гаспадарка ў раёне, якая “мінусуе” па надоях малака ў гэтыя зімовыя дні. Напрыклад, 21 снежня, калі мы пабывалі ў СВК “Герой”, з ферм гаспадаркі паступіла на маслазавод 3343 кілаграмы малака — на 1500 кілаграмаў або на 13 працэнтаў менш, чым у гэты дзень у 2009 годзе. Яшчэ больш непрыглядная сітуацыя, калі такое параўнанне рабіць з 2008 годам. Два гады назад у снежні гаспадарка штосутачна рэалізоўвала звыш 4,5 тоны малака — на 2-2,2 тоны больш, чым у 2010 годзе.

Чаму ў апошнія два гады справы на малочнатаварных фермах гаспадаркі пагоршыліся? Адказ на гэтае пытанне мы разлічвалі атрымаць у час наведвання Сваташыцкай малочнатаварнай фермы, дзе ўтрымліваецца дзве трэці дойнага статка гаспадаркі. Сюды мы прыехалі разам з галоўным эканамістам Зояй Рыгораўнай Любавіцкай.

Спачатку наведалі пакой адпачынку. Тут, як і ў мінулыя гады, парадак, цёпла ад напаленай печкі, на стэндзе вісяць неабходныя заатэхнічныя дакументы. Ёсць памяшканне, дзе жывёлаводы пераапранаюцца.

Зайшоўшы ў цялятнік-прафілакторый, мы звярнулі ўвагу на тое, што большасць клетак пустыя, хаця ў папярэднія гады ў снежні на фермах гаспадаркі адбывалася масавыя ацёлы, цялятнікі-прафілакторыі былі перапоўненыя. Да новага года ў СВК “Герой”, як правіла, цяліліся больш за палавіну кароў і цялушак.

—Менш ацёлаў, менш і малака, — канстатуе Зоя Рыгораўна Любавіцкая.

Дубровно, ферма, колхоз, сельское хозяйство, благоустройство, двор

У ходзе гутаркі з галоўным эканамістам і тэхнікам-асеменатарам Марынай Рыгораўнай Русанавай высветлілася, што на змяншэнне ацёлаў адмоўна падзейнічала некалькі прычын. На першым плане — чалавечы фактар. У мінулым годзе звольніліся шэсць аператараў машыннага даення, сярод якіх і перадавікі вытворчасці. Прыйшоўшыя ім на змену жанчыны пакуль не змаглі дасягнуць таго ўзроўню эфектыўнасці работы, які мелі ранейшыя жывёлаводы. На ферме сёння маецца значная колькасць ялавых кароў, што таксама адмоўна адбіваецца на надоях. І, нарэшце, у апошнія гады гаспадарка значную колькасць племянных цялушак прадала ў Расію, што ў пэўнай ступені адмоўна адбілася на ўзнаўленні статка. У пацвярджэнне гэтага сведчыць той факт, што ў адным з кароўнікаў мы бачылі пустыя стойлы. І хоць у гэтыя зімовыя дні тут арганізавана асемяненне цялушак (да новага года, па словах Марыны Русанавай), асемянёна 120 цялушак, але навярстаць упушчанае ў жывёлагадоўлі не так проста.

Зніжэнне надояў адмоўна адбілася і на фінансавым стане гаспадаркі. Калі ў СВК “Праўда” ёсць грошы, каб выплаціць зарплату за два месяцы, то ў СВК “Герой” штомесячна існуе праблема, дзе знайсці грошы на выплату зарплаты, не гаворачы ўжо пра выдзяленне сродкаў на іншыя патрэбы.

У рамонтнай майстэрні гэтай гаспадаркі, дзе мы пабывалі ў той дзень, поўнае зацішша.

—Большасць механізатараў адправілі ў водпуск, іншыя працуюць на фермах, — тлумачыць сітуацыю галоўны інжынер гаспадаркі Мікалай Мікалаевіч Кесараў. — Няма грошай на запчасткі, таму і работы рамонтнікам няма.

Адноснае зацішша ў той дзень было і ў рамонтнай майстэрні СВК “Праўда”. Толькі некалькі механізатараў корпаліся ля разабранага МТЗ-80. Ніякіх сельгасмашын у майстэрні не было.

—Плугі, культыватары ўжо адрамантаваны. На хаду энерганасычаныя трактары, пасяўныя агрэгаты. Можна сказаць, што да веснавой сяўбы мы ўжо гатовы. Настройку, наладку сельгасмашын правядзем вясной. Так што асаблівай работы зараз няма, — з усмешкай зазначыў адзін з механізатараў.

Мы звярнулі ўвагу на тое, што з трубы, якая ўзвышалася над падсобным памяшканнем, прыбудаванага да майстэрні, ішоў дым. Гэта працавала ўстаноўка для падачы цяпла ў рамонтны цэх майстэрні. У адным з памяшканняў майстэрні нам паказалі воданагравальнік “Арыстон”, ад якога зыходзіла цяпло, і дзве ракавіны. Тут механізатары ў любы час могуць памыць рукі.

Вось такую сітуацыю мы ўбачылі на фермах і ў майстэрнях сельгаскааператываў “Праўда” і “Герой”. Напрошваецца вывад, што ад колькасці і якасці рэалізаванага малака і мяса напрамую залежыць і фінансавы стан гаспадаркі.

Андрэй КВІР

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *