В Дубровно по дворам ходила Коляда!

Дубровно, Рождество, Каляды, Коляда, колядовщики, обряд, традиции, гулянье, веселье, фольклор, праздник

Усім вядомы такі абрад, як Каляды. Але мала хто ведае, як ён павінен праводзіцца на самой справе, бо тыя шматвяковыя традыцыі, што захоўвалі яшчэ нашы продкі, у сённяшні час сталі забывацца. Народны ансамбль “Кудзеліца”, удзельнікі якога збіраюць і берагуць фальклорны скарб нашага краю, кожны год напярэдадні свята нагадвае жыхарам Дубровеншчыны аб тым, хто такія сапраўдныя калядоўшчыкі.

Вось і ў гэтым годзе ўдзельнікі народнага фальклорнага ансамбля “Кудзеліца” вырашылі не мяняць свае традыцыі, а толькі крыху іх перайначыць. Такім чынам, 6 студзеня калядоўшчыкі замест звычайнага маршруту па дамах і людных месцах адправіліся са сваімі святочнымі забавамі ў госці ў арганізацыі нашага горада.

Сяброўскі і вясёлы гурт артыстаў — гэта кіраўнік калектыву “Кудзеліца” Анастасія Мікалаеўна Красоўская ў ролі Цыганкі, Таццяна Чабатарова ў ролі Цыгана, Наталля Барнетава ў вобразе Клоуна, Надзея Сілкова ў ролі Мядзведзя, Раіса Цярэнцьева ў ролі Матрошкі, адказны персанаж каляднай “дэлегацыі” Механоша дастаўся Людміле Радкевіч, роля галоўнага і неад’емнага героя Казы — Інэсе Крукоўскай, а сімвал надышоўшага года Зайчыка сыграла Наталля Аўчарова.

Першай “станцыяй”, на якую завіталі нашы героі, быў ільнозавод. Тут калядоўшчыкаў сустракалі гаспадыня Вольга Паладзьеўна Крывава і іншыя члены прафкама, работнікі бухгалтэрыі.

Затым артысты завіталі ў раённае спажывецкае таварыства.

Апошнім прыпынкам Каляды стала цэнтральная раённая бібліятэка, тут яе таксама гасцінна сустрэлі работнікі. Каляднікі спявалі песні і прыпеўкі, дэкламавалі вершы, жартавалі і вадзілі карагоды, Цыганка паваражыла ўсім жадаючым і не пашкадаваўшым “пазалаціць ручку”, а вучоны Мішка паказаў не толькі, як сучасная моладзь скача і хлопец дзяўчыну абдымае, але і куды жанчыны грошы хаваюць, калі з кірмашу вяртаюцца. І не было абыякавых у гэты святочны дзень, кожны глядач зрабіўся непасрэдным удзельнікам старажытнага абраду. Людзі радаваліся такому цудоўнаму прадстаўленню і, па традыцыі, шчыра надзялялі артыстаў-калядоўшчыкаў.

Дубровно, Рождество, Каляды, Коляда, колядовщики, обряд, традиции, гулянье, веселье, фольклор, праздник

Сцэнарый гэтага мерапрыемства складаўся з тых матэрыялаў, якія здабылі ўдзельнікі народнага ансамбля “Кудзеліца” падчас фальклорных экспедыцый. Песні, што спявалі калядоўшчыкі, прыгаворкі і нават галоўныя героі гэтага абраду — усё адпавядае тым традыцыям, што стварылі ў мінулым нашыя продкі.

Пра тое, як узнікла ідэя аднавіць народны абрад, пра гісторыю і старажытныя традыцыі Каляд апавядае кіраўнік народнага ансамбля “Кудзеліца” Анастасія Мікалаеўна Красоўская:

—Народнае свята Каляды спакон вякоў праводзілася на беларускай зямлі і, канешне ж, на самой Дубровеншчыне. На жаль, былі часы, калі гэты абрад забараняўся, таму пакрысе забыліся многія песні, танцы і карагоды. Але некаторыя жанчыны, нашы бабулі, прабабулі збераг-лі ўспаміны пра гэта свята. Калі я была метадыстам па фальклору, мне даводзілася збіраць казкі, загадкі, песні, традыцыйныя для гэтага абрада. Падчас такіх экспедыцый па вёсках нашага краю я даведалася вельмі многа цікавага, напрыклад, у што апраналіся калядоўшчыкі, як яны хадзілі.

У вёсцы Зарубы адна жанчына расказала мне, што ў маладосці яны збіраліся вяткамі — гэта значыць, групамі па 5-6 чалавек, усе пераапраналіся ў касцюмы і хадзілі па хатах калядаваць. У Міхалінава такія калектывы называліся “чудкамі” — яны чудзілі. У Расасна традыцыйным было, каб гаспадыня ўсе прысмакі, якімі яна надзяляе калядоўшчыкаў, паклала на тоўсты блін. А каб быў добры ўраджай на лета, Каза, паскакаўшы ў хаце гаспадара, павінна была пайсці патупаць па агародзе.

Зараз людзі, не ведаючы сапраўдных звычаяў, апранаюць на сябе касцюмы нетрадыцыйных для Каляд герояў. На самой справе сярод калядоўшчыкаў абавязкова павінны былі быць Каза, Мядзведзь, які, як лічылася, пакідаў на падлозе шмат шэрсці, а гэта значыць, багацце ў хаце. Таксама традыцыйнымі героямі Каляд былі Цыган, Цыганка і Механоша, які збіраў у сваю торбу прысмакі ад гаспадароў.

Гісторыя кожнага свята вельмі цікавая і, я лічу, што людзі павінны памятаць свае традыцыі, вось чаму мы вырашылі з нашым фальклорным калектывам “Кудзеліца” адрадзіць Каляды на нашай зямлі. Упершыню ў 1986 годзе ў Станіславоўскім сельскім Доме культуры мы правялі калядныя вячоркі на аснове абрадаў, сабраных на Дубровеншчыне. Заўважылі, што гэта зацікавіла людзей, і сталі праводзіць гэтае мерапрыемства і ў іншых вёсках, і ў самім горадзе.

На аснове народных здабыткаў я склала сцэнарый, з якім мы неаднойчы выступалі на фальклорных фестывалях, на сцэне раённага Дома культуры. Мы вучылі гэтаму абраду дзяцей. І зараз ужо ў нас ходзяць каляднікі не абы-як, а менавіта, як у мінулым, спяваюць сапраўдныя калядныя песні.

Па Дуброўна звычайна ходзіць шмат калядоўшчыкаў, таму ў гэтым годзе мы вырашылі змяніць свой маршрут і завітаць у госці на прадпрыемствы і ў арганізацыі. Каляды пачынаюцца, як зорка першая ўзыдзе, але нам давялося пайсці калядаваць днём. На льнозаводзе мы зайшлі ў цэх і сваімі песнямі як бы прыглушылі гул працуючых машын. Людзі былі задаволеныя, усміхаліся, дзякавалі нам, частавалі нашых артыстаў.

Мы хадзілі па горадзе з песнямі ў яркіх прыгожых касцюмах і людзі бачылі — Каляды ідуць! Гэта сапраўды вельмі добрае свята і яно павінна адраджацца і абавязкова быць у нашым жыцці.

Ганна КАЦІКАВА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *