Жизнь по правде и совести

Дубровно, дубровенский, федорцовы, сельское хозяйство

Адрас гераіні наступнага аповеду нам падказала старшыня раённага Савета дэпутатаў Алена Ціханава.
Яна расказала, што ў Ерамееўшчыне жыве Вера Нікіфараўна ФЕДАРЦОВА, якая ўсё жыцце адрабіла даяркай, была дэпутатам раённага Савета дэпутатаў, а ў жніўні гэтага года адзначыла сваё 70-годдзе.
Прозвішча гэтай жанчыны было знаёма і нам: не так даўно пісалі пра братоў Федарцовых, якія дбайна працуюць на жніве ў ААТ “Прыдубровенскае”. Аказалася, што яны ўнукі Веры Нікіфараўны.
Так шчаслівы выпадак дазволіў пазнаёміцца з цікавымі людзьмі, якія моцна трымаюцца за родную зямлю, берагуць свае карані і лепшыя сямейныя традыцыі. Рэдакцыйная машына спынілася каля дагледжанага дома, які поўнасцю панатаў у рознакаляровасці кветак. Асаблівым хараством уразілі флоксы, праз шыкоўны строй якіх вяла дарожка ў двор.
Гаспадыні ўжо дома не аказалася: зранку пайшла па гаспадарчых справах. Пакуль яе чакалі, завязалася размова з гаспадаром. Іван Мікітавіч — сустрэў прыветліва і пачаў знаёміць з сям’ёй, а лепей сказаць з родам.
— Тры сыны, унукі, праўнук — адны мужыкі — усе мы адной масці, — пасмейваючыся пачаў расказваць Іван Мікітавіч. — Масці адной і працы адной: тут усе — на сельгасвытворчасці. Мы і жывём побач: вось дом малодшага сына Аляксандра літаральна праз вуліцу, ён і прафесійную справу маю прадаўжае.
Як мы даведаліся, сам Іван Мікітавіч у свой час быў лепшым ветурачом рэспублікі — быў прызнаны ў 1998 годзе пераможцам рэспубліканскага прафесійнага конкурсу. 32 гады адпрацаваў ён у Дубровенскай райветстанцыі, а зараз пайшоў дзясяты год, як на заслужаным адпачынку.
Так за размовай прайшоў час, і да нас далучылася Вера Нікіфараўна. Яна адразу, адным позіркам, адным паваротам галавы нагадала мне гераінь лепшых савецкіх фільмаў, ролю якіх выконвалі Любоў Сакалова ці Вера Кузняцова.
Стрыманая, статная, з глыбокім змястоўным позіркам, які здаецца, разумее пра цябе ўсё і адразу, і разам з тым надзейная і мудрая.
Іншай нельга быць, калі ты адзіная жанчына ў сям’і.
— Вы пытаецеся, як жылі: цяжка! Тры сыны, муж зранку — на працу, мне на ферму. А даілі тры разы за дзень, а даяркі па тым часе і корм раздавалі, і гной выдалялі. Сыны амаль адны дома былі, — сумленна распавядала жанчына. — Але я змалку іх да працы прывучала: у кожнага былі свае абавязкі і яны іх выконвалі, не падводзілі.
Кожнае яе слова было пра сям’ю, пра поспехі мужа, сыноў і унукаў. Пра свае і працоўныя, і жаночыя справы расказваць ей перашкаджала, напэўна, прыродная сціпласць.
А расказаць было пра што: больш за 25 гадоў яна адпрацавала аператарам машыннага даення. Крыху паразважаўшы, вынесла Вера Нікіфараўна дзве старыя “корачкі”, якія сведчылі, што акрамя працоўных абавязкаў, яна паспяхова выконвала і грамадскую работу: была дэпутатам раённага Савета. Прычым выбіралася ім двойчы: у 1985 і 1995 гадах.
— На пасяджэнні камісій трэба было ў Дуброўна ездзіць, даручэнні выконваць, а гэта ўсё — час. Ой, як прыгадаю сколькі папрацавана, сколькі перажыта, так самой не вельмі верыцца, што я так змагла, вытрымала, — шчыра прызнаецца жанчына.
За высокія дасягненні ў вытворчасці яна была ўзнагароджана ордэнам “Знак пашаны”, ёй было прысвоена ганаровае званне “Заслужаны калгаснік”.
Але самай галоўнай узнагародай яна лічыць сваю сям’ю.
— Кожны дзень я павінна ведаць, як ідуць справы ў сыноў, унукаў. Яны прыходзяць, тэлефануюць абавязкова. А калі хто прамаруджвае, я сама нагадаю, запытаюсь. Я ніколі не змаўчу, калі што не па праўдзе хто робіць і сынам сваім самую горкую, але праўду, скажу, калі што не па сумленні выходзіць, папраўлю. Нічога, яшчэ прыслухоўваюцца. Напэўна ад таго і разам сям’я трымаецца, — упэўнена Вера Нікіфараўна.
На развітанне мы спыталі, як жа трэба будаваць сваё жыцце, каб пад старасць гадоў не было сорамна.
—Без зайздрасці жыць трэба, працаваць ад душы і да людзей ставіцца ад сэрдца. Праўду шанаваць і сумленню не здраджваць, — дапаўняючы адзін аднаго параілі Іван і Вера Федарцовы.
Менавіта так яны і жывуць.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *