Сказ о том, как дубровенская травница построила свой счастливый домик с окнами в сад

Дубровно, Атрошкина, травница, юбилей, 60 лет, день рождения, цветы, жизнь, любовь, семья, рецепт, здоровье, хобби

Цёплай парой года кожны прахожы абавязкова прыпыніцца на хвілінку-дзве, каб палюбавацца прыгажосцю квецені, у якой патануў дом Тамары Васільеўны Атрошкінай, удыхнуць водар кветак, якія з пяшчотай і любоўю вырошчвае гэтая жанчына. А зімой, калі завітаеш да яе ў госці, Тамара Васільеўна абавязкова напоіць цябе духмянай гарбатай з лекавых траў, што беражліва збірала летам. Так мне гаварылі ўсе, хто знаёмы з гэтай цудоўнай жанчынай, а я, у сваю чаргу, зацікавіўшыся, вырашыла наведаць яе і зараз пазнаёмлю вас з яе цікавым жыццём.

Першыя крокі па жыцці

Дубровно, Атрошкина, травница, юбилей, 60 лет, день рождения, цветы, жизнь, любовь, семья, рецепт, здоровье, хобби дорога

Тамара Васільеўна Атрошкіна родам з вёскі Антоненкі Дубровенскага раёна. Пасля заканчэння школы яна працавала на Аршанскім ільнокамбінаце. Затым паехала ў Віцебск вучыцца на закройшчыцу і засталася ў гэтым горадзе працаваць па сваёй спецыяльнасці на камбінаце бытавога абслугоўвання “Луннікі”. Праз некаторы час Тамара Васільеўна захацела вярнуцца ў свой родны край, дзе сустрэла сваё каханне, і засталася тут ужо назаўжды.

Па прыездзе з Віцебска Тамара Васільеўна працавала закройшчыцай мужчынскага адзення ў раённым камбінаце бытавога абслугоўвання. У камбінаце бытавога абслугоўвання яна адпрацавала каля 10 гадоў, а потым вырашыла кардынальна памяняць накірунак сваёй працоўнай дзейнасці і паступіла ў Полацкі сельскагаспадарчы тэхнікум, атрымала спецыяльнасць “Бухгалтар”.

Пасля заканчэння вучобы пачалася яе работа ў аддзеле эканомікі Дубровенскага райвыканкама. Там яна адпрацавала 20 гадоў.

Яе муж, Міхаіл Васільевіч, працуе на ўнітарным прадпрыемстве «Дубровенскае ПМС». Шмат гадоў назад прадпрыемства выдзеліла ім кватэру, а калі з’явіліся дзеці і сям’я павялічылася, дапамагло пабудаваць асабісты дом.

—За тое, што ў нас з мужам ёсць зямельны надзел і свой дом, куды зараз з радасцю прыязджаюць дзеці, хочацца сказаць вялікі дзякуй начальніку УП “Дубровенскае ПМС” Уладзіміру Еўдакімавічу Малчанаву. Гэты чалавек добра нам дапамог, калі мы толькі рабілі першыя крокі ў сваім сямейным жыцці, — гаворыць Тамара Васільеўна.

Сямейнае шчасце

Дубровно, Атрошкина, травница, юбилей, 60 лет, день рождения, цветы, жизнь, любовь, семья, рецепт, здоровье, хобби руки

У Тамары Васільеўны і Міхаіла Васільевіча Атрошкіных двое дзяцей. Сын Вадзім вучыўся ў сярэдняй школе № 1 горада Дуброўна і скончыў яе з сярэбраным медалём. Зараз Вадзім — маёр міліцыі, мае дзве вышэйшыя адукацыі, працуе на пасадзе начальніка Свіслацкага аддзялення міліцыі Пухавіцкага раённага аддзела ўнутраных спраў. Дачка Вікторыя таксама была выдатнай вучаніцай і скончыла сярэднюю школу № 2 горада Дуброўна з залатым медалём, атрымала вышэйшую адукацыю ў Беларускім педагагічным універсітэце імя М.Танка. Зараз Вікторыя працуе выхавальніцай у Руднянскай дапаможнай школе-інтэрнаце для дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў.

Тамара Васільеўна і Міхаіл Васільевіч маюць дзвюх унучак, старэйшай з якіх — Вользе ўжо споўнілася 14 гадоў, а малодшай Аляксандры — 8. Бабуля з дзядулем заўжды рады сустракаць сваіх унукаў на канікулах.

—У нас вельмі моцная і дружная сям’я, за што я ўдзячна менавіта свайму мужу Міхаілу. Мы ганарымся сваімі дзецьмі і заўжды шчыра радуемся кожнаму іх поспеху. Здаецца, зусім нядаўна мы дапамагалі рыхтаваць ім урокі, а сёння ўжо даём парады іншага кшталту. Вялікую ролю ў жыцці Вадзіма і Вікі сыгралі іх класныя кіраўнікі Галіна Рыгораўна Аўчарова і Вера Аўрамаўна Ганчарова. Гэтых жанчын па праву можна назваць настаўнікамі ад Бога: яны прывілі нашым дзецям любоў да ведаў, зацікавілі вучобай не адно пакаленне вучняў, гэта тыя людзі, якія разам з бацькамі дапамагалі дзецям рабіць першыя ўпэўненыя крокі па жыцці і прымаць важныя рашэнні, — гаворыць Тамара Васільеўна. — Сваіх нявестку Алену і зяця Мікалая мы з мужам любім як родных, — задаволена адзначае Тамара Васільеўна.

Нядаўна ў свой 60-гадовы юбілей Тамара Васільеўна прымала віншаванні ад усіх блізкіх ёй родзічаў.

Справа для душы і сэрца

Дубровно, Атрошкина, травница, юбилей, 60 лет, день рождения, цветы, жизнь, любовь, семья, рецепт, здоровье, хобби

—Адразу пасля таго, як мы атрымалі зямельны надзел, я пачала займацца яго добраўпарадкаваннем, шмат часу праводзіла ў рабоце з зямлёй. Мне пашчасціла пасябраваць з адной цудоўнай жанчынай — настаўніцай беларускай мовы і літаратуры Галінай Сцяпанаўнай Піменавай. Менавіта яна прывіла мне любоў да кветак. Заўжды вакол яе дома раслі кветкі, якімі проста нельга было не залюбавацца, праходзіўшы міма. Мы пачалі абменьвацца з Галінай Сцяпанаўнай добрымі парадамі і насеннем кветак, ад таго наша сяброўства стала яшчэ больш цесным, — гаворыць Тамара Васільеўна.

—Я вельмі люблю не толькі дэкаратыўныя расліны каля хаты, але і тыя, што растуць на полі і ў лесе. Яны вельмі гаючыя. Галоўнае — паверыць у іх лекавыя магчымасці. Усе травы я збіраю з малітвай. Летам нарыхтоўваю лекавыя расліны, зімой заварваю гарбату з іх.

—У рамках праекта “Дом без адзіноты” мы калектыўна выязджаем на раён, дзе Тамара Васільеўна карыстаецца самай вялікай папулярнасцю, бо бярэ з сабой свае травы, нават на месцы заварвае з іх гарбату і частуе ўсіх жадаючых. Ужо ад’язджаць трэба, а каля яе стаіць натоўп людзей, якія ўважліва слухаюць яе парады і рэцэпты ад кожнай хваробы, — з усмешкай зазначае кіраўнік праекта Клаўдзія Рыгораўна Гарэлікава.

А на развітанне – будзьце шчаслівыя і здаровыя!

Вельмі проста захварэць зімовай парой, дастаткова толькі на некалькі хвілін з цёплага памяшкання выйсці на халодны скразняк і на табе — ужо назаўтра горла баліць і кашаль паяўляецца. Я на ўсялякі выпадак папрасіла ў сваёй субяседніцы рэцэпт ад прастудных хвароб.

—Адна з лекавых раслін, якая дапамагае адолець многія немачы, — гэта манарда. З лета назбірайце, насушыце яе кветачак, а зімой, каб прадухіліць хваробу, піце настоеную манардавую гарбату. Яна здольна зняць боль, а таксама аказвае прафілактычнае ўздзеянне. Супрацьстаяць хваробе вам дапамогуць кветкі ліпы, душыцы, настой каранёў ахінацэі.

Увогуле, каб любая трава ператварылася ў лекавую і дапамагла вам, трэба верыць у яе магчымасці і абавязкова падзякаваць ёй за дапамогу. Так я паступаю заўжды, і чарговай зімой эпідэмія грыпу абыходзіць мяне і маю сям’ю бокам, — гаворыць Тамара Васільеўна.

Ганна КАЦІКАВА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *