Слово о «Дняпроўскай праўдзе” держит “старожил” печатного дела Дубровенщины Фёдор Кулаков

Дубровно, Днепровская правда, Кулаков, старожил, газета, история, люди, биография, жизнь

“Дняпроўская праўда”, цябе я вітаю
З шаноўным тваім юбілеем!
Узрост паважаны, ды я заўважаю,
Што зараз ты памаладзела.
Калгасаў равесніца і пяцігодак,
У час той стваральны, вірлівы
І лозунгі “зверху”, і голас народа
Ты слухала мудра, цярпліва.
І людзі твой голас душой успрымалі.
Чытаючы яркія словы,
З табой углядаліся ў новыя далі,
Ісці былі ўперад гатовы.
Ды змёў іх і працу, і мары-надзеі
Шалёны і вогненны вецер…
Не плакалі людзі, назад не глядзелі —
Лячылі сляды ліхалецця.
І вёскі ўзнімаліся, спеў тугі колас,
І ў гэтым адзіным настроі
Раённай газеты не лішнім быў голас,
Патрэбен ён быў, як ніколі…
Чытаю пажоўклую з часам газету:
Адчынена школа… гул на льнозаводзе…
І гэтак ва ўсім — аднаўлення прыкметы
У нашым вялікім і слаўным паходзе.
Газета дзе шчырым, дзе з’едлівым словам
Пахваліць кагосьці ці пакрытыкуе,
Ды тон публікацый — адкрыты, здаровы —
Народ наш не крыўдзіць, а толькі гуртуе.
Было так заўсёды і цяпер застаецца:
Сяўба там, жніво або фэст міжнародны —
“Дняпроўка” заўсёды на ўсё адгукнецца,
Уклад унясе свой і важкі, і годны.
…І зноў наша вёска жыве адраджэннем,
Аграгарадкамі аблічча мяняе.
Па-дзелавому, а ўсё ж з захапленнем
“Дняпроўка” паказвае ўсё, асвятляе.
Яе супрацоўнікі — штат невялічкі —
Усюды паспеюць, напішуць, адзначаць.
І з кожнага нумара — свежай крынічкі —
Жыццё свайго краю падпісчыкі бачаць…
А колькі людзей, што свой край услаўлялі
Ці подзвігам ратным, ці мірнаю працай,
Пачэснае месца ў газеце займалі, —
Так будзе заўжды, нельга ў тым сумнявацца.
“Дняпроўская праўда”! Цябе я вітаю
З цудоўным тваім юбілеем,
Усёю душою, усім сэрцам жадаю:
Хай плынь твая не абмялее!

Жыццё маё звязана з журналістыкай з 1963 года.

У канцы 1977 года прыйшоў я ў “Дняпроўскую праўду” на пасаду загадчыка аддзела сельскай гаспадаркі. І хутка зразумеў, што трапіў у дружны творчы калектыў.

Рэдактарам газеты быў Аляксандр Фядотавіч Агурцоў, франтавік, чалавек справядлівы і прамалінейны. Гэтыя асноўныя рысы яго характару наклалі адбітак на ўвесь калектыў, усю раённую газету.

Цвёрдым у сваіх перакананнях быў малады намеснік рэдактара (адначасова — загадчык аддзела партыйнага жыцця) Леанід Вадзімавіч Саратокін. Потым ён пераехаў працаваць у Віцебск, я быў прызначаны на яго месца.

Не магу не назваць са словамі ўдзячнасці Ісаака Яфімавіча Когана, Аляксея Канстанцінавіча Кісялёва, Анатолія Ягоравіча Калько, па тым часе людзей далёка ўжо немаладых, якія працавалі ў нашым калектыве. Ісаак Яфімавіч Коган, таксама франтавік, быў у газеце “каралём інфармацыі”. Інфармацыю ён мог знайсці імгненна. На інфармацыях за месяц Ісаак Яфімавіч набіраў да 4000 радкоў, што было вельмі многа.

Фотакарэспандэнт Аляксей Канстанцінавіч Кісялёў быў проста дабрэйшым чалавекам, любіў людзей і сваю справу. Ён часта выязджаў у калгасы, саўгасы, прывозіў фотаздымкі работнікаў палёў, майстэрняў, фермаў і, здаецца, у душы трошкі ганарыўся гэтым, хоць нідзе і ніколі ні адзіным слоўцам не выстаўляў сябе.

Анатолій Ягоравіч Калько перажыў блакаду ў Ленінградзе, служыў на флоце, доўгі час працаваў у нашай газеце загадчыкам аддзела пісьмаў. Нават калі пайшоў на пенсію, не парываў сувязь з газетай. Яго часта запрашалі падмяніць пайшоўшага ў водпуск супрацоўніка, і Анатолій Ягоравіч на пэўны час зноў браўся за сваё творчае рамяство…

Яшчэ працавала ў той час у рэдакцыі маладая сямейная пара, выпускнікі журфака БДУ Віктар і Людміла Кубекі, ён — адказны сакратар, яна — загадчык аддзела пісьмаў. Людміла была як мурашка працавітая, паслухмяная, добразычлівая. Відны сабою, напорысты Віктар Паўлавіч і не спрабаваў хаваць, што шчыра яе кахае, як яно ў жыцці бывае: часцей за ўсё сходзяцца супрацьлегласці. І ў рабоце яны дапаўнялі адзін аднаго, Віктар не цураўся таго, каб дапамагчы сваёй Людміле падрыхтаваць у газету больш адказны матэрыял, сам ён спраўляўся з усім лёгка і ўпэўнена. Потым іх сям’я па сямейных і службовых абставінах пераехала ў Магілёў. Але сувязі з Дуброўна, рэдакцыяй Віктар і Людміла Кубекі яшчэ доўга не гублялі…

У канцы сямідзесятых прыйшла ў рэдакцыю Лідзія Рыгораўна Чапялова, крыху пазней — Андрэй Мікалаевіч Квір, Леанід Васільевіч Дудараў, Алена Аляксандраўна Башун. Усе гэтыя творчыя работнікі былі глыбока аддадзеныя сваёй справе.

У Дуброўне ўсе ведаюць Леаніда Васільевіча Дударава, які ў 62 гады пайшоў на заслужаны адпачынак. Няма, відаць, у газеце такой тэмы — ад спартыўнай да ваенна-патрыятычнай, ад бытавой да інтэрнацыянальнай — якой бы не кранулася яго вострае пяро. Пра сябе Леанід Васільевіч пакінуў добрую памяць яшчэ і тым, што сваімі працавітымі рукамі добраўпарадкаваў кабінеты рэдакцыі ў свабодны ад работы час. Ён і цяпер заходзіць у рэдакцыю.

Намеснік галоўнага рэдактара газеты Андрэй Мікалаевіч Квір аднойчы шчыра прызнаўся мне: “У сельгасвытворчасці раёна я асабіста ведаю не проста ўсіх кіраўнікоў і спецыялістаў, але і найбольш паважаных даярак, механізатараў, вадзіцеляў… І ніколі мне не трэба распытваць як праехаць на тую ці іншую ферму або поле”.

Гэтак жа ён ведае і сельгасвытворчасць, яе тэхналагічныя працэсы, яе дасягненні і недахопы…

Хутка Андрэю Мікалаевічу споўніцца 61 год, з іх 31 год ён адпрацаваў у рэдакцыйным калектыве. Няхай яшчэ доўга застаецца вострым яго журналісцкае пяро.

Пасля Аляксандра Фядотавіча Агурцова рэдактарамі “Дняпроўскай праўды” былі Юрый Васільевіч Касцюк і Уладзімір Уладзіміравіч Шаўчэнка, якія таксама пакінулі аб сабе добрую памяць

Не магу забыць, якім інтэлегентным чалавекам быў Юрый Васільевіч Касцюк. Пры ім “Дняпроўская праўда” мела самы высокі тыраж, а ўсталяваную ім “Прыёмную Пракопа Прачуханца” памятаюць чытачы да гэтага часу, некаторыя яшчэ і звяртаюцца ў яе.

Яшчэ мне хочацца назваць прозвішчы некалькіх былых тэхнічных работнікаў рэдакцыі: машыністку Эмілію Фамінічну Шындзікаву, бухгалтара Марыю Арцёмаўну Кавітаву, прыбіральшчыцу Марыю Іванаўну Сіманькову.

Не імкнуся назваць усіх, бо ёсць жа яшчэ былыя работнікі былой дубровенскай друкарні — некалі без іх быў бы немагчымы выпуск газеты. Ёсць былыя і цяперашнія няштатныя карэспандэнты, чыя допісы ў газету вельмі цаніліся.

Ёсць маладыя спецыялісты, але яны павінны сказаць за сябе самі сваёй работай.

А ўсяму разам калектыву рэдакцыі газеты “Дняпроўская праўда” і мясцовага радыёвяшчання «Дубровенскі радыёвеснік» трэба сваёй творчасцю так гаварыць за свае сродкі масавай інфармацыі, каб добрая пагалоска аб іх гучала далёка за межамі Дубровеншчыны.

Фёдар КУЛАКОЎ,
былы намеснік рэдактара газеты «Дняпроўская праўда»

Слово о «Дняпроўскай праўдзе” держит “старожил” печатного дела Дубровенщины Фёдор Кулаков: 1 комментарий

  • 05.10.2012 в 8:16 дп
    Permalink

    Извините! А Чикуновым Вы не работали?

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *