Сказ о том, как в 1930-е наша «Днепровка» народ на великие дела поднимала

Дубровно, Днепровская правда, газета, юбилей, 80 лет, история, гаврутиков, крестьяне, колхозы, 1935, план, пятилетка

5 сакавіка 1935 года раённай газеце “За сацыялістычнае будаўніцтва” (яна ж — «Дняпроўская праўда») споўнілася пяць гадоў. У жыцці краіны за гэты час адбыліся важныя падзеі. Хуткімі тэмпамі развівалася прамысловасць, амаль закончылася калектывізацыя сельскай гаспадаркі. Круты паварот у цяжкія выпрабаванні.

Калектыў раённай газеты на чале з галоўным рэдактарам М.П.Барашкавым па меры магчымасці імкнуўся адпавядаць запавету правадыра У.І.Леніна, каб газета была “не толькі калектыўным прапагандыстам і калектыўным агітатарам, але і калектыўным арганізатарам”. Пагартаем яе старонкі…

У 30-50-я гады каляндарны год не супадаў па тэрміну з сельскагаспадарчым па даволі банальных прычынах: пасля 1 студзеня да канца вясны працягваліся абмалот зерневых культур, здача льновалакна, засыпка насення і разлік за працадні. Не ведаючы дакладных паказчыкаў за мінулы год, немагчыма было скласці абгрунтаваны план на год наступны.

Не быў выключэннем і 1935 год — трэці год другой, так званай, сталінскай пяцігодкі. Толькі ў красавіку на сесіі райвыканкама (старшыня Мацко) быў зацверджаны план, а па жывёлагадоўлі — у канцы чэрвеня.

План быў не меншым, чым “спущенный” зверху і прадугледжваў атрымаць ураджай азімага зерня 11,3 цэнтнера з гектара, азімай пшаніцы — 11,5, аўса — 10,6, ячменю — 12, ільновалакна і льносемя — 3 (не ніжэй 12 нумара), бульбы — 120, караня-плодаў — 140 цэнтнераў з гектара.

Цяпер гэтыя паказчыкі ў многіх чытачоў выклікаюць усмешку, а ў той час яны былі дасягненнем, за якое адзначалі і ўзнагароджвалі. Пры прымітыўнай матэрыяльнай базе немагчыма было ўкласціся ў аптымальныя агратэхнічныя тэрміны выканання сельскагаспадарчых работ, а, значыць, і атрымаць запланаваны ўраджай.

Дубровно, Днепровская правда, газета, юбилей, 80 лет, история, гаврутиков, крестьяне, колхозы, 1935, план, пятилетка

У газеце за 4 красавіка 1935 года старшыня калгаса “Новае жыццё” (вёска Сіпішчава) Шышкевіч паведамляе, што на пачатак сакавіка адрамантавалі 37 плугоў, 40 барон, 10 акучнікаў, 5 пружаных барон, 1 сеялку, 20 калёс і 6 фургонаў, 42 ездавыя хамуты і 42 аралейныя. Поўнасцю забяспечаны вяроўкамі, падстронкамі і іншай збруяй. У многіх гаспадарках і таго не было. Не хапала тэхнікі ў Дубровенскай, Зарубскай і Арловіцкай МТС.

У калгасах было 7139 коней, прызначаных для апрацоўкі 47206 гектараў пасяўной плошчы і выканання іншых работ. Ад цяжкай працы і дрэннага догляду коні былі нямоглымі і заўчасна гінулі. У Слатаўскім сельсавеце са 136 пакрытых конематак 26 абарціравалі. Амаль такое ж становішча ў Іскозскім і іншых Саветах.

Угнаенне ў калгасах у асноўным прымянялі арганічнае. Яго вывозілі на санках з ферм калгасаў і хлявоў калгаснікаў у зімовы час. Да мая і пазней гной знаходзіўся ў талай ва-дзе і пад сонцам.

Якое ўгнаенне — такія былі ўраджай і заработная плата. Як прыклад дабрабыту, раёнка за 25 сакавіка прыводзіць паказчыкі аплаты за 800 працадзён (за 1934 год) калгасніка Кузьмы Пестунова (вёска Сіпішчава): 90 пудоў жыта, 19 пудоў ячменю, 7 пудоў аўса, 150 пудоў бульбы (гэта на сям’ю, карову, авечак і двух парасят).

Дарэчы, хатняя жывёла абкладалася значным падаткам. У раёне план мясанарыхтовак у першым квартале быў выкананы толькі на 40,5 працэнта. Каб не плаціць падатак, жыхары вымушаны былі забіваць жывёлу.

25 сакавіка газета паведамляла аб масавым забойстве маладняку буйной рагатай жывёлы ў Кляноўскім і іншых сельскіх Саветах.

Сакратар райкама КП(б)Б С.М.Мышалаў даручае РК ЛКСМБ мабілізаваць і накіраваць у сельсаветы 15 чалавек камсамольскага актыву для правядзення ў раёне кампаніі па мясанарыхтоўках. Даручаны пракурору Райхліну нечарговы разгляд ўзбуджаных спраў аб злосных сабатажніках мясанарыхтовак. Газета за 29 жніўня паведамляе, што за невыкананне плана мясанарыхтовак жыхар вёскі Азарава асуджаны на тры гады турмы.

Амаль у кожным нумары газеты называюцца квартальны, месячны і дзесяцідзённы план па збору падатку і патрабаванні ўлад жорстка пакараць тых, хто зрывае план. За першы квартал план па ўкладах у ашчадкасу выкананы толькі на 30 працэнтаў, а па пазыках — на 56,2 працэнта.

У красавіку газета піша, што жыхары раёна… з радасцю сустрэлі навіну аб рашэнні ўрада правесці падпіску на дзяржаўную пазыку другой пяцігодкі і што 141 рабочы саўгаса «Соревнование» (вёска Холаўе) падпісаліся на 14200 рублёў. У наступных нумарах названа шмат прозвішчаў жыхароў, што “добраахвотна падпісаліся на пазыку” і шмат працоўных калектываў, што “злосна зрываюць дзяржаўную пазыку”.

У маі-чэрвені 1935 года газета называе грамадзян і калектывы, якія адгукнуліся на гібель 11 членаў экіпажа і 36 пасажыраў гіганцкага самалёта “Максім Горкі” ў Маскве, і ахвяравалі грошы на будаўніцтва новых аналагічных самалётаў, якія па аб’ектыўных прычынах не былі пабудаваны.

На пачатак 1935 года ў Беларусі было кааперавана 72,6 працэнта сельскіх гаспадарак. Прыкладна такія ж паказчыкі былі і ў Дубровенскім раёне (177 калгасаў). Працягвалася работа па абагульненню аднаасобнікаў. Так, у вёсцы Жарнеўка 100 працэнтаў гаспадарак абагульнена, а ў цэлым у Кляноўскім сельсавеце — 90 працэнтаў.

Сакратары райкама КП(б)Б Воранаў і Кудзелька, старшыня райвыканкама Мацко ўручалі на месцы дзяржаўныя акты на вечнае карыстанне зямлёй калгасамі.

А асноўнай і вядучай культурай на зямлі Дубровеншчыны быў лён, з якім было нямала праблем па прычыне адсутнасці належнай механізацыі, у тым ліку сушыльных установак, што стрымлівала льноцерабленне, дастаўку на льнозавод і апрацоўку. План за 1934 год па льну быў выкананы толькі на 84,3 працэнта, у той жа час у Мардашэвіцкім сельсавеце — на 108 працэнтаў.

Да пасяўной кампаніі 1935 года было засыпана 4708 цэнтнераў ільносемя з 7151 неабходных.

У раённай газеце рэгулярна друкаваліся рэкамендацыі па сяўбе, вырошчванні, уборцы і апрацоўцы гэтай культуры, заклікі надаць “бальшавіцкія тэмпы паходу за лён”. З нумара ў нумар друкаваліся спісы калгасаў і сельскіх Саветаў, занесеныя на “чырвоную” і “чорную” дошкі не толькі па льну, а і па іншых паказчыках.

Дубровно, Днепровская правда, газета, юбилей, 80 лет, история, гаврутиков, крестьяне, колхозы, 1935, план, пятилетка

У раёне прымаліся і больш строгія меры. 5 мая газета паведамляе аб пакаранні судом на два і адзін годы турэмнага зняволення двух брыгадзіраў калгаса “Чырвонае Чубакова” за злоснае парушэнне агратэхнічных правіл пры сяўбе ільна і аднаго калгасніка калгаса імя Дзяржынскага — за псаванне льну пры ўборцы і «хранении».

Да канца мая 1935 года ў асноўным закончылася сяўба зерневых культур (у 1933 годзе да 18 чэрвеня — 86 працэнтаў), а ў канцы ліпеня — уборка. Першым выканаў план па хлебанарыхтоўках (на 22.08.35г. — 143,36 цэнтнера) калгас “Чырвонае Чубакова” (старшыня В.Куляеў), затым калгас “Аснова” (вёска Гудава Зямянскае, старшыня Бадулаў), калгас “Новае жыццё” (вёска Сіпішчава, старшыня Пестуноў), “Чырвоны баец” (вёска Дабрынь), “Зялёны сад” (вёска Пячонкі), “Рудзутак” (вёска Пірагі).

У цэлым па раёну на 25 жніўня было ўбрана 95 працэнтаў зерневых культур. “Дапамог” град, што выпаў у канцы жніўня і пашкодзіў ураджай на значнай плошчы. Але ж і сабранае трэба было зберагчы. У Асінаўцы быў толькі адзін склад на 500 тон зерня і той знаходзіўся ў дрэнным стане. Другі ж склад не быў закончаны.

Млыны былі ў Дуброўне, у вёсках Расасна, Ляды, Цілівічы, Пуцяціна, Бахава, Слатаўшчына, Казарынава, Кісялі, Сетаўка, Станіславова, Ляхаўка, Займішча, Пунішча, Жарнеўка, Асташкавічы, Ірвяніца, Валькава і ў саўгасе «Соцсоревнование».

У калгасах прадстаяла пасеяць: жыта — 8935 гектараў, азімай пшаніцы — 1230. У аднаасобным сектары: жыта — 2065, азімай пшаніцы — 70 гектараў. На 1 верасня было ўжо пасеяна 37 працэнтаў зерневых і выцераблен 91 працэнт лёну (на 31 снежня 1932 года — 50,2 працэнта). 15 кастрычніка старшыня калгаса “Чырвонае Чубакова” паведаміў рэдакцыі аб поўным выкананні плана льнонарыхтовак (68,4 цэнтнера пры плане 64 і нумарам 12).

Як бачым, калгасы пакрысе “станавіліся на ногі”. А адстаючых падцягвалі з дапамогай сілавых мер.

У газеце за 29 верасня паведамляецца, што выязны суд асудзіў калгасніка вёскі Чубакова “за злосны кулацкі сабатаж хлебанарыхтовак і ўсіх відаў плацяжоў” на 3 гады, а 5 калгаснікаў з калгаса “Перамога” Мардашэвіцкага сельсавета на 3 і 2 гады турэмнага зняволення. 29 снежня ў газеце паведамляецца аб асуджэнні на 2 гады і 6 месяцаў турэмнага зняволення старшыні калгаса “Чырвоная паляна” Цілівіцкага сельсавета за “сабатаж ільнонарыхтовак”.

У жніўні і верасні праходзіла кампанія па “праверцы партдакументаў”. Шукалі “крамолу” не ў партыйных білетах, а ў іх уладальнікаў і знахо-дзілі. Многія члены КП(б)Б былі выключаны з радоў партыі (прозвішчы ўказаны).

Наколькі апраўданы былі такія жорсткія меры, могуць сказаць толькі тыя людзі, што жылі і працавалі ў той складаны час.

Адсутнасць матэрыяльнай зацікаўленасці ў выніках сваёй працы прыводзіла да абыякавых адносін да тэхнікі, маёмасці і жывёлы, парушэнняў працоўнай дысцыпліны, крадзяжу, п’янства. Пілі і старшыні калгасаў, і калгаснікі, некаторыя настаўнікі (нават у школе), аб чым пісала газета. Былі злачынствы і іншага кшталту. 30 чэрвеня газета паведамляе аб згвалтаванні чатырма жыхарамі вёскі Рэдзькі (прозвішчы ўказаны) дзвюх калгасніц, а 4 і 7 жніўня — аб згвалтаванні загадчыкам фермы калгаса “Чырвоны куток” Новатухінскага сельсавета 16-гадовай дзяўчыны, якая прыйшла на ферму за малаком. “Адмарозкі” былі і тады.

Але ж большую частку рабочых і калгаснага сялянства складалі сумленныя людзі, якія паказвалі прыклады адносін да працы і людзей. Газета называе работніцу фабрыкі “Дняпроўская мануфактура” Надзею Крымчанка, якой даверылі абслугоўваць адначасова 10 станкоў. Яна “зотаўка”, ёсць на фабрыцы і “стаханаўцы”.

Для такіх працаўнікоў маральныя стымулы адыгрываюць не меншую ролю, чым каштоўныя падарункі ці прэміі.

Вось некалькі прыкладаў, што прыводзіць раённая газета.

24 сакавіка адбыўся раённы злёт калгаснікаў-ударнікаў і рабочых саўгасаў.5-6 мая ў рабочым клубе горада дэманстраваўся гукавы кінафільм “Гібель эскадры”, а

15-16 лістапада — “нашумеўшы” фільм “Чапаеў”. У вёскі для дэманстрацыі кінафільмаў выязджалі кінаперасоўкі.

1 мая на фабрычнай плошчы адбылася дэманстрацыя працоўных і вучняў школ. Былі арганізаваны здача норм на значок “Варашылаўскі стралок”, катанне вучняў на машынах, бясплатная дэманстрацыя кінафільмаў у рабочым клубе і “гарадскім кіно”.

24 мая лепшыя ўдарнікі фабрыкі і “сацыялістычных палёў” былі ўзняты ў паветра на самалёце з аэрадрома горада Дуброўна. Сярод пасажыраў знаходзіўся 85-гадовы Іван Трутка, першы старшыня калгаса “Прамень Кастрычніка” гарадскога Савета.

З нагоды ўзнагароджання БССР ордэнам Леніна ў раёне было арганізавана спаборніцтва за права падпісаць пісьмо “любімаму і дарагому правадыру ўсіх народаў таварышу І.В.Сталіну”.

У ліпені ў Мінск на ўрачысты сход паехала прадстаўнічая дэлегацыя з раёна. Ордэн Леніна рэспубліцы ўручаў М.І.Калінін.

У кастрычніку лепшыя льнаводы раёна ўдзельнічалі ва Усебеларускім злёце льнаводаў.

У маі пры саматужна-прамысловай арцелі вёскі Ляды адкрыты дзіцячы сад на 50 чалавек (дзве групы — для беларускіх і яўрэйскіх дзяцей).

У раёне будуюцца і рамантуюцца школы, у тым ліку заканчваецца будаўніцтва школы ў Зарубах.

25 верасня Саўнарком і ЦК ВКП(б) прымае пастанову аб зніжэнні цэн на хлеб і адмене картачнай сістэмы на мяса, рыбу, цукар, тлушч і бульбу. Гэта паведамленне раённай газеты жыхары, канешне, сустрэлі з асаблівым энтузіязмам.

Вось так паўсядзённа раённая газета збірала навіны жыцця Дубровеншчыны і без перабольшвання друкавала на сваіх старонках. Газету чыталі, потым выкідвалі ў печ, а той адзіны экземпляр, што трапіў у архіў, праз колькі гадоў стаў у поўным сэнсе гэтага слова “гістарычным дакументам”, дзякуючы якому мы даведаліся аб жыцці нашых продкаў.

Дзякуй табе, наша раённая газета, за гістарычны летапіс жыцця, сардэчная ўдзячнасць усім, хто працаваў і працуе над яе выданнем.

Аляксей ГАЎРУЦІКАЎ,
няштатны карэспандэнт газеты

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *