Внештатный корреспондент «Дняпроўскай праўды» собрала историю Дубровенского района в альбомах

Дубровно, Днепровская правда, летопись, юбилей, Кореневская, Квир, 80 лет, газета, альбомы, история

Ірына Сямёнаўна Каранеўская ўжо пяць гадоў знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Тым не менш, і па сённяшні дзень у рэдакцыі газеты “Дняпроўская праўда” аб гэтай жанчыне ўспамінаюць, як аб адным з самых актыўных няштатных аўтараў нашай газеты. Прыйшоўшы ў 1986 годзе на пасаду намесніка начальніка райсельгасупраўлення па эканамічных пытаннях, яна з першых месяцаў работы пачала цесна супрацоўнічаць з “Дняпроўскай праўдай”. Як і яе папярэднік на гэтай ключавой пасадзе ў аграрным ведамстве раёна Міхаіл Ігнацьевіч Плячкоў, Ірына Сямёнаўна нярэдка сама пісала ў газету артыкулы на злабадзённыя тэмы эканамічнага развіцця аграпрамысловага комплексу раёна. Яшчэ часцей тэлефанавала ў аграпрамысловы аддзел рэдакцыі і перадавала аператыўную і так неабходную інфармацыю з жыцця сельскіх працаўнікоў, без якой газета не можа існаваць, як рака без шматлікіх прытокаў.

Мне, як былому загадчыку сельгасаддзела рэдакцыі, часцей чым каму-небудзь з рэдакцыі даводзілася звяртацца да Ірыны Сямёнаўны з просьбай, каб атрымаць на эканамічныя тэмы інфармацыю ці кансультацыю і за два дзесяткі гадоў супрацоўніцтва не прыпомню ні аднаго выпадку, каб Ірына Сямёнаўна, спаслаўшыся на занятасць, адмовіла ў просьбе карэспандэнта.

Вельмі каштоўным у супрацоўніцтве з Ірынай Сямёнаўнай было тое, што яна не проста прадстаўляла работнікам рэдакцыі па іх просьбе неабходную інфармацыю, праяўляла ініцыятыву і, як вопытны эканаміст, падказвала нам перспектыўныя, актуальныя тэмы для падрыхтоўкі матэрыялаў. Яна завастрала нашу ўвагу на шматлікіх недахопах, упушчэннях і праблемах развіцця сельгаспрадпрыемстваў раёна. З такім няштатным памочнікам было лёгка і цікава працаваць.

Сувязі з Ірынай Сямёнаўнай Каранеўскай мы падтрымліваем па сённяшні дзень, хаця яна зараз жыве ў аграгарадку Ерамееўшчына і займаецца хатняй гаспадаркай.

Напярэдадні юбілею “Дняпроўскай праўды” Ірына Сямёнаўна па нашай просьбе завітала ў рэдакцыю і прыйшла, вобразна кажучы, не з пустымі рукамі. У некалькіх пакетах яна прывезла альбомы, у якіх размешчаны выразкі з фотаздымкамі і артыкуламі з “Дняпроўскай праўды”, якія яна пачала збіраць пятнаццаць гадоў назад. Гартаючы альбомы, на старонках якіх бачны шматлікія фотаздымкі лепшых людзей Дубровеншчыны, можна паназіраць за этапамі развіцця раёна.

—Я, як правіла, выразаю з газеты фота-здымкі людзей, якіх ведаю. Перыядычна перагортваю альбомы, і ў памяці ўсплываюць людзі і падзеі. А гэта наша гісторыя. У маіх альбомах праследжваецца жыццё раёна ў канкрэтных асобах, — з усмешкай гаворыць Ірына Сямёнаўна.

Акрамя альбомаў, Ірына Сямёнаўна прывезла ў рэдакцыю некалькі папак з выразкамі з іншых газет. Асобае месца ў іх займаюць выразкі з публікацыямі аб гісторыі Дубровеншчыны, аб яе знакамітых людзях, якія жылі ў розныя гістарычныя эпохі.

А яшчэ Ірына Сямёнаўна збірае апублікаваныя ў газетах здымкі кіраўнікоў савецкай дзяржавы і незалежнай Беларусі, пачынаючы з партрэтаў Уладзіміра Ільіча Леніна. Асобае месца ў гэтай падборцы газетных выразак займаюць фотаздымкі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі.

—Усё гэта я раблю для таго, каб мае ўнучкі ведалі гісторыю нашага раёна і краіны. Міне час, і фотаздымкі Леніна, Сталіна, Ельцына, Гарбачова можна будзе знайсці толькі ў бібліятэках ці музеях. А ў маіх унучак яны будуць пад рукамі, — гаворыць Ірына Сямёнаўна.

Вось такой патрэбнай справай займаецца даўні надзейны сябар “Дняпроўскай праўды” Ірына Сямёнаўна Каранеўская.

Андрэй КВІР

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *