Засланілі Айчыну

 

У мінулым годзе камсамольская арганізацыя адзначыла свой юбілей. Да гэтай даты ў рэдакцыі назапасілася шмат сведчанняў аб вялікай ролі гэтай арганізацыі ў выхаванні мола¬дзі. Адно з іх — нататкі, якія захаваліся ў школе Асінторфа. Іх аўтар К.Крук, педагог і краязнаўца, распавядае пра лёс братоў ПЛЯШКОВЫХ. Сёння мы прапануем іх вашай увазе.
Самым суровым выпрабаваннем на ідэйную сталасць, на вернасць Радзіме была для Ленінскага камсамола Вялікая Айчынная вайна. Ён вытрымаў гэта выпрабаванне з гонарам… …На другім пасёлку Асінторфа ў даваенныя часы жыла шматдзетная сям’я Пляшковых. Бацька Панкрат Якаўлевіч працаваў інспектарам па якасці торфу. Маці Еўдакія Германаўна вяла дамашнюю гаспадарку, займалася выхаваннем дзяцей. У сям’і раслі сыны-пагодкі Аляксей, Іван і Міхаіл. Надышоў час юнакам ісці служыць у Чырвоную Армію. На сямейнай нарадзе бацька Панкрат Якаўлевіч, сказаў так:
—Трэба звярнуцца з пісьмом да наркама абароны Маршала Савецкага Саюза Клімента Яфрэмавіча Варашылава, каб дазволіў ён вам служыць у адным камсамольскім танкавым экіпажы. Ад наркома такі дазвол быў атрыманы. I хоць Івану крыху не хапала да прызыўнага ўзросту, але братоў прызвалі разам.
У клубе торфапрадпрыемства адбыліся ўрачыстыя провады братоў Пляшковых у Чырвоную Армію. Затым у Оршы на гарадскім стадыёне (у той час Асінторф уваходзіў у склад Аршанскага раёна) адбыўся мітынг. Выступалі работнікі райкама партыі, ваенкамата. Ад братоў Пляшковых слова папрасіў Іван.

Служылі браты ў бронетанкавых войсках Беларускай ваеннай акругі, а дакладней у Лепелі. За год выдатна асвоілі сваю грозную баявую машыну і ў верасні 1939 года паспяхова ўдзельнічалі ў вызваленні Заходніх абласцей Беларусі.
Пазней іх танкавая брыгада змагалася з белафінамі. Так прайшлі браты баявую загартоўку. Доблесць, мужнасць, ваеннае майстэрства праявіў у суровых абставінах танкавы экіпаж братоў Пляшковых.
У 1940 годзе камандаванне 22-й танкавай брыгады накіроўвае братоў Пляшковых на вучобу ў Харкаўскае бронетанкавае вучылішча. А заканчвалі яны вучобу ў Сярэдняй Азіі. Там і атрымалі афіцэрскія званні і былі накіраваны ў дзеючую армію на пасады камандзіраў танкавых рот.
…Вялікая Айчынная развяла іх па розных франтах. Заходні, Данскі, Варонежскі, Ленінградскі, 2-і Прыбалтыйскі… Абаранялі Маскву, змагаліся пад Сталінградам…
Што ж, была такая лютая вайна. Адступалі, наступалі, гарэлі ў танках. Не раз былі браты паранены, але на шчасце ўсе засталіся жывымі. Іх баявы шлях быў адзначаны шматлікімі ўзнагародамі.
І заўсёды памяталі асінторфскія юнакі-камсамольцы, які гонар аказала ім Радзіма. I не пасаромілі яго.
Ім пашчасціла, мужна прайшоўшы праз усю вайну, сустрэць Дзень Перамогі. Потым працягваць нялёгкую службу ва Узброеных Сілах Радзімы. Аляксей Панкратавіч закончыў яе ў званні падпалкоўніка, служыў у славутай Кантэміраўскай танкавай дывізіі. Капітанамі сталі яго браты. Удзельнікам вайны быў іх малодшы брат Уладзімір. Быў цяжка паранены. Пасля вайны скончыў педінстытут і працаваў дырэктарам сярэдняй школы на Пскоўшчыне.
…У адзін са сваіх тагачасных візітаў у Асінторф браты падарылі мясцоваму музею каштоўныя экспанаты. Але самы дарагі іх падарунак — прыклад усім наступным пакаленням, як трэба любіць сваю радзіму.