У цэнтры ўвагі — жывёлагадоўля

Наступныя гады ў сельгасвытворчасці Віцеб­шчыны павінны стаць пяцігодкай жывёлагадоўлі. На адным з пасяджэнняў аблвыканкама Мікалай Шарснёў падкрэсліў, што «сучасныя рабатызаваныя комплексы, аўта­матызаваныя фермы, буйныя сельскагаспадарчыя аб’яднанні — гэта будучыня вобласці і краіны. На такіх прадпрыемствах — добрыя ўмовы працы і заработная плата. Па гэтым шляху павінен ісці АПК вобласці». Аб павышэнні прэстыжу працы ў  жывёлагадоўлі сведчыць і той факт, што ў абласны бюджэт закладзены сродкі на выплату надбавак для выпускнікоў сельскагаспадарчых ВНУ, якія будуць працаваць ў гэтай галіне.  Штомесяц яны будуць атрымліваць па Br1 тыс.

Трэба адзначыць, што ў нашым раёне надаецца вялікая ўвага гэтай галіне сельгасвытворчасці і людзям, якія працуюць у жывёлагадоўлі.

 На гэты перыяд безумоўным лідарам па вытворчасці малака ў раёне з’яўляецца СГФ імя Юрыя Смірнова: на прадпрыемстве зараз самая вялікая прыбаўка вытворчасці малака да ўзроўню мінулага года — 104%. А некаторыя працаўнікі з’яўляюцца лідарамі нават на абласным узроўні.

Абкам прафсаюза работникаў АПК Віцебскай вобласці падвёў вынікі спаботніцтва жывёлаводаў за снежань 2020 года. Сярод пераможцаў — Ала Палійчук, аператар машыннага даення МТФ «Мардахі» СГФ імя Ю.Смірнова. Сярэдні ўдой на карову у яе групе склаў 775 кілаграмаў. Гэта другі паказчык у вобласці.

Днямі грамату абкама прафсаюза работнікаў АПК і грашовую прэмію працаўніцы ўручылі старшыня Дубровенскага райкама прафсаюза работнікаў АПК Аляксандр Малянкоў і дырэктар СГФ імя Ю.Смірнова Артур Сыса.

Аляксандр Малянкоў адзначыў, што гэта другая запар перамога Алы Палійчук.  Па выніках працы ў лістападзе 2020 года яна займала трэццяе месца. У снежні — другое. Старшыня прафкама пажадаў, каб урэшце імя і прозвішча аператара машыннага даення занялі першы радок у спісе пераможцаў абласнога спаборніцтва.

Кіраўнік сельгаспрадпрыемства Артур Сыса лі­чыць, што для гэтага ў Алы Палійчук ёсць усе падставы: добрасумленныя адносіны да справы, пэўны прафесійны вопыт і ўвогуле добрая працоўная атмасфера ў калектыве.

Дарэчы, акрамя ўзнагарод пераможцы, райкам прафсаюза са шчырай падзякай за працу перадаў усяму калектыву МТФ «Мардахі»  смачны торт.

Пытанні далейшага развіцця жывёлагадоўчай галіны ў гэтыя дні абмяркоўваюцца ва ўсіх сельгаспрадпрыемствах раёна. Як паведаміла намеснік старшыні райвыканкама Святлана Рыжанская, падчас правядзення дней інфармавання размова таксама ідзе пра падрыхтоўку да Усебеларускага народнага сходу, падводзяцца вынікі Года малой радзімы, абмяркоўваецца Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця на бліжэйшую пяцігодку.

Да сустрэч у працоўных калектывах далучыліся і самадзейныя артысты аўтаклуба. Так, у чацвер невялічкі канцэрт адбыўся на цэнтральнай ферме ў Сваташыцах, а ў пятніцу аўтаклуб наведаўся да работнікаў адной з ферм у ААТ «Якубава-Агра».

Алена КАРСАКОВА