Галіна Жукава: каб добра жыць, трэба добра працаваць

 

 Менавіта такую жыццёвую пазіцыю выказвае Галіна Жукава, загадчык МТФ «Мардахі» СГФ імя Ю.Смірнова.

—На нашай ферме зараз знаходзіцца 960 галоў жывёлы. З іх  285 дойны статак. А яшчэ даглядаем маладняк і 129 цялят, якія толькі нарадзіліся. Работы хапае, затое і заробак ёсць, і ўмовы для працы ёсць. Кіраўніцтва СГФ, вет­урач кожны дзень наведваюць нашу брыгаду. Калі ўзнікаюць нейкія пытанні, ёсць магчымасць вырашыць іх адразу. Цікавімся мы і пра тое, як працуюць на іншых фермах СГФ — пра гэта таксама можна даведацца ў спецыялістаў. Зараз размова абавязкова закранае падрыхтоўку да Усебеларускага народнага сходу.

Я лічу, гэта добра, што ў нашай Беларусі праводзіцца такі форум. Нам усім трэба, каб была магчымасць высказаць свае меркаванні наконт той ці іншай падзеі, падтрымаць тое добрае, што робіцца ў нашай краіне, альбо падказаць, дзе нешта не ладзіцца, знайсці адказы на пытанні і вырашыць, як разам, не пера­кладваючы на каго-небудзь адказнасць, выправіць тое, што зараз, магчыма, не завадальняе ў грамадстве ці вытворчасці.

Я пажадала, каб дэлегаты Усебеларускага народнага сходу данеслі да ўсіх простую думку: кепска б жылося ў горадзе, калі б мы дрэнна працавалі тут, у вёсцы. А мы працуем добра. Вось і нашы жанчынкі, то адна, то другая — на Дошцы гонару абласнога спаборніцтва. Таму і на паліцах магазінаў і малако, і масла, і булкі розныя.

Мяркую, што рашэнні VI Усебеларускага народнага сходу будуць спрыяць развіццю сельскай гаспадаркі, паляпшэнню умоў жыцця сельскіх жыхароў у плане развіцця інфраструктуры сельскіх населеных пунктаў.

Жадаю ўдзельнікам форуму плённай працы, прыняцця вывераных рашэнняў на карысць роднай Беларусі.

Алена КАРСАКОВА