Как отметили Яблочный Спас в отдалённых деревнях Дубровенского района?

Нядаўна ўдзельнікі міні-праекта “Дом без адзіноты” клуба “Сардэчныя сустрэчы” РДК — прадстаўнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва на чале з К.Р.Гарэлікавай наведалі аддаленыя вёскі Панізоўе, Казлы, Асташкавічы былога Баеўскага сельскага Савета. Вось што паведаміла загадчыца Баеўскага сельскага клуба Валянціна Валакіціна.

Гэта быў першы дзень пасля яблычнага Спаса і тэма сустрэчы з вяскоўцамі была прысвечана гэтаму святу. Спачатку Клаўдзія Рыгораўна пачаставала ўсіх пасвяцонымі ябылкамі і расказала пра гэта свята. Потым размаўлялі са старымі людзьмі, расказвалі аб падзеях у жыцці раёна, цікавіліся жыццём вяскоўцаў, іх праблемамі, вымяралі ціск, давалі парады, якія лекавыя расліны прымаць пры розных захворваннях.

Клаўдзія Рыгораўна — вопытны вядучы. Яна ўмела  слухачоў уцягвала ў размову.

—Наша задача, — гаварыла яна, — не пакінуць без увагі ніводнага адзінокага і састарэлага чалавека. Мы стараемся прынесці ў ваш дом радасць, таксама больш даведацца аб тых людзях і аб тых вёсках, якія наведалі.

І вяскоўцы расказвалі аб сваім жыцці, праблемах як добрай знаёмай.

Да гэтага свята быў падрыхтаваны тэматычны вечар. І ў кожнай вёсцы ўдзельнікі міні-праекта, валанцёры ТЦСАН разам з удзельнікамі мастацкай самадзейнасці Баеўскага сельскага клуба выступалі перад гледачамі, а таксама выконвалі песні па заяўках гледачоў пад дэвізам “Спяваем для вас і разам з вамі”. А акампаніраваў на баяне Аляксей Якаўлевіч Гаўруцікаў.

Спачатку завіталі ў вёску Панізоўе. Пражываюць там 6 чалавек. Узрост —  за 70 гадоў. Усё жыццё яны пражылі ў роднай вёсцы і адпрацавалі ў родным калгасе. Прымаў гасцей гаспадар, старэйшына Ігнат Фролавіч Марчанка. У яго цудоўны дом і мэбля ў доме таксама зроблена сваімі  рукамі. Сцены дома ўпрыгожваюць падарункі сына Яўгена і ўнукаў — вырабы з дрэва. У Ігната Фролавіча цудоўны сад. І хоць яму ўжо 80 год — усё кругом дагледжана і акуратна.

Вельмі добрая гаспадыня Юлія Аляксандраўна Валжанкова. У яе прыгожы палісаднік з рознакаляровымі кветкамі, шмат і хатніх кветак. Яна сама шые, вышывае, вяжа. А як прыпеўкі спявае! Нават і гармонік не трэба. Усе прысутныя заслухаліся.

Пажадаўшы жыхарам вёскі Панізоўе моцнага здароўя і дабрабыту на многа-многа гадоў, мы адправіліся ў вёску Казлы. Марасіў дожджык і нас у хату запрасілі гаспадары Канстанцін Максімавіч і Марыя Ягораўна Раманенкі. Сабраліся ўсе жыхары вёскі, у асноўным жанчыны. Сярод іх самы старэйшы Мікалай Сяргеевіч Зубкоўскі, 1922 года нараджэння, які з’яўляецца актыўным чытачом Баеўскай сельскай бібліятэкі. Спачатку доўга размаўлялі пра жыццё, здароўе. Расказвалі, як адпрацавалі ўсё жыццё ў калгасе і з касой, і з сярпом, і з віламі, а хто ў жывёлагадоўлі.  Усюды працавалі добрасумленна і чэсна, многія  ўзнагароджаны дзяржаўнымі ўзнагародамі. Некаторыя з іх згубілі здароўе Вольга Максімаўна Хмарская, Марыя Антонаўна Шэдзікава, Вольга Іларыёнаўна Леўрыкава, Надзея Паўлаўна Хмарская. Яны і далі супрацоўнікам ТЦСАН некалькі наказаў. Даўно ў вёску прыязджаў фельдшар, цяжка даехаць у Дуброўна за лекамі і іншыя.

У вёсцы Асташкавічы пражываюць 2 чалавекі, але мы не мінулі і гэтую вёску. Жывуць людзі, жыве вёска. Пётр Міронавіч Грыбкоўскі і Ніна Фядотаўна Цярэнцьева чакалі нас з самага ранку. А на сустрэчу прыйшлі і іх дзеці. Падрыхтавалі хату, дзе мы і размясціліся. Толькі што іх наведала аўталаўка, дзе Пётр Міронавіч і Ніна Фядотаўна зрабілі неабходныя пакупкі.

Падрыхтавала да друку Лідзія ЧАПЯЛОВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *