Беларусь и Францию снова объединили дубровенские поля

Дубровно, Беларусь, Франция, сельское хозяйство, лён, эксперимент

Назад – у 2010 год!

У мінулым годзе ля вёскі Чырвоная Слабада праводзіўся эксперымент па вырошчванню лёну па дзвюх тэхналогіях — французскай і беларускай. Мэта эксперыменту — на практыцы высветліць, чыя тэхналогія ва ўмовах Віцебшчыны, дзе сканцэнтраваны асноўныя пасяўныя плошчы “беларускага шоўку”, больш эфектыўная.

Вынік эксперыменту такі. З кожнага з 10 гектараў лёну сорту “Дракар”, які вырошчваўся па французскай тэхналогіі, атрымана па 5,3 тоны трасты або ў пераводзе ў валакно 18,1 цэнтнера. На 10-гектарным участку рэспубліканскага навукова-даследчага інстытута лёну, засеянага сортам “Блакіт”, ураджайнасць трасты з гектара склала 4,8 тоны або ў пераводзе ў валакно 16,7 цэнтнера. “Дракар” апераджаў “Блакіт” і па выхаду валакна ў працэсе перапрацоўкі.

А сёння?..

Нядаўна дырэктар ільнозавода Анатоль Дзмітрыевіч Басянкоў паведаміў, што эксперымент на льняным полі — чыя тэхналогія лепшая ў нашых умовах — беларуская ці французская — працягваецца і ў гэтым годзе.

—30 красавіка, як і ў мінулым годзе, ля вёскі Чырвоная Сладаба, але на іншым полі, былі засеяны лёнам два доследныя ўчасткі па 15 гектараў кожны, — расказвае аграном-насеннявод ільнозавода Таццяна Пятроўна Каралёва. — Французскі ўчастак быў засеяны сортам “Алізэ” першай рэпрадукцыі, участак рэспубліканскага навукова-даследчага інстытута лёнусортам “Блакіт” матачнай рэпрадукцыі.

У адрозненне ад мінулага года, сёлета на першым этапе вырошчванне ўраджаю — сяўбе — ніякіх адрозненняў у тэхналогіі на абодвух участках не было: палеткі апрацаваны і засеяны аднатыпнымі агрэгатамі, унесены аднолькавыя дозы мінеральных угнаенняў. Нагадаю, што ў мінулым годзе на французскім участку былі ўнесены азотныя тукі, у выніку чаго лён сорту “Дракар” палёг. У гэтым годзе азотныя ўгнаенні і на французскім участку не ўносіліся.

Побач з эксперыментальнымі ўчасткамі на 190-гектарнай плошчы вырошчвае лён мехатрад ільнозавода. Поле засеяна французскім сортам “Алізэ” другой рэпрадукцыі. Тэхналогія апрацоўкі глебы і сяўбы на льнозаводскім полі такая ж, як і на доследных участках. Розніца толькі ў назве і рэпрадукцыі насення.

Дубровно, Беларусь, Франция, сельское хозяйство, лён, эксперимент

Сакрэты росту

У фазе сямідольных лісткоў як на эксперыментальных, так і на льнозаводскім участках пасевы апрацавалі супраць шкоднікаў прэпаратам “Каратэ” і адначасова ўнеслі сернакіслы цынк супраць кальцыевага хларозу.

У фазе “Ёлачка” на пасевах лёну правялі хімпраполку. На ўчастку навукова-даследчага інстытута лёну пасевы апрацаваны прэпаратамі “2М-4Х і “Секатарм-Турба” пры адначасовым унясенні стымулятара росту “Экасіл”.

На французскім участку лёну хімпраполка праведзена прэпаратамі “Шэккер” і “Базагран”.

Ядахімікаты далі належны эфект. Пустазелле загінула. Таццяна Пятроўна Каралёва расказала, што за развіццём раслін на ўчастку навукова-даследчага інстытута лёну пастаянна сочаць супрацоўнікі інстытута, а на французскім участку — спецыялісты льнозавода.

—Мы штодзень здымаем дадзеныя метэастанцыі, якую французскі спецыяліст устанавіў на льнозаводзе, і запісваем у спецыяльным журнале тэмпературу і вільготнасць паветра, колькасць выпаўшых ападкаў, — расказвае Таццяна Пятроўна Каралёва. — Праз дзень ездзім на поле і фатаграфуем пасевы. Адзін раз у два дні ўсю інфармацыю (дадзеныя метэастанцыі, фотаздымкі) перадаем па інтэрнэту ў Францыю. На падставе іх французскі спецыяліст праз інтэрнет дае ўказанні нам, якія тэхналагічныя аперацыі неабходна выканаць на полі. У самыя адказныя моманты вырошчвання наведваецца ў Дуброўна. Сёлета быў у час сяўбы лёну. Нядаўна ён даў рэкамендацыі, якімі прэпаратамі правесці хімпраполку. Да гэтага трэба дадаць, што эксперымент на льняным полі ў нашым раёне праводзіцца па ініцыятыве Міністэрства сельскай гаспадаркі і РА “Белаграсэрвіс”.

Між тым, у раёне

Варта адзначыць, што сёлета 80 працэнтаў плошчаў, адведзеных у раёне пад лён, засеяны насеннем імпартных сартоў, якія забяспечваюць больш высокі ўраджай.

Самую вялікую плошчу — 760 гектараў —займае французскі сорт “Алізэ”, які ў мінулым годзе даў самы высокі ўраджай. З беларускай селекцыі вырошчваецца лён толькі двух сартоў — “Блакіт” і “Васілёк”. У далейшым будзем рэгулярна інфармаваць нашых чытачоў аб ходзе эксперыменту на льняным полі.

Андрэй КВІР

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *