Молодой механизатор с «Гиганта» догоняет лидеров жнива!

У камунальным сельгаспрадпрыемстве “Зарубы” ішоў апошні дзень жніва-2010. Сем камбайнавых экіпажаў абмалочвалі авёс на полі ля вёскі Іскозы. Сюды ў той дзень па прапанове старшыні райкама прафсаюза работнікаў АПК Міхаіла Іванавіча Рубанцава мы прыехалі для таго, каб павіншаваць камбайнераў Андрэя Васільевіча Галубцова, Віктара Аляксандравіча Ціцянкова і яго сына Сяргея з дасягненнем тысячнага рубяжу па намалоту збожжа, уручыць ім майкі і кепкі з эмблемай Федэрацыі прафсаюзаў Беларускай і сфатаграфаваць для газеты. Пасля працэдуры ўшанавання я пацікавіўся ў дырэктара сельгаспрадпрыемства Васіля Валянцінавіча Балабосава, каго з камбайнераў ён яшчэ рэкамендуе сфатаграфаваць для газеты.

—Нашай гаспадарцы дапамагае ўбіраць ураджай малады камбайнер з суседняга кааператыва “Гігант” Андрэй Васілеўскі, — апавядае Васіль Балабосаў. — Вельмі старанны хлопец, студэнт Беларускай дзяржаўнай сельгасакадэміі, у недалёкім будучым інжынер сельгасвытворчасці. У апошнія тры гады ў час летніх канікулаў ён працуе камбайнерам. Сёлета на яго рахунку каля тысячы тон намалочанага збожжа і рапсу. Сфатаграфуйце  і яго для газеты, — прапанаваў дырэктар.

І вось камбайн КЗС-10К, на якім працуе Андрэй Васілеўскі, зрабіўшы круг па ніве, параўноўваецца з намі. Па маёй просьбе камбайнер спыняе ўборачны агрэгат. На зямлю лёгка саскоквае невысокага росту, з усмешкай на твары светлавалосы юнак (на здымку). Прыпамінаю, што з ім я ўжо сустракаўся і, нават, напісаў замалёўку. Пазней, вярнуўшыся ў рэдакцыю, я пагартаў падшыўку “Дняпроўскай праўды”. У нумары за 19 лістапада 2005 года, які быў цалкам прысвечаны працаўнікам  аграпрамысловага комплексу раёна з нагоды іх прафесійнага свята, на 10 старонцы надрукаваны артыкул пад назвай “Маленькая зорачка на хлебаробскім небасхіле” і фатаграфія Андрэя Васілеўскага разам з бацькам Мікалаем Анатольевічам. Прачытаўшы артыкул, я зноў успомніў тую першую сустрэчу з Андрэем, якая адбылася амаль пяць гадоў назад.

І тады сустрэча была невыпадковай. Справа ў тым, што незадоўга да гэтага Андрэй у складзе раённай дэлегацыі прымаў удзел у абласным конкурсе прафесійнага майстэрства маладых аратых у пасёлку Барковічы Верхнядзвінскага раёна, дзе вельмі добра сябе праявіў. У конкурсе па падрыхтоўцы ворнага агрэгата да работы ў полі ён заняў першае месца, а на ворыве глебы быў чацвёртым. Згодна з умовамі конкурсу, трэба было навесіць на трактар плугі, потым адрэгуляваць навясную сістэму трактара так, каб агрэгат узворваў глебу на патрэбную глыбіню. На выкананне гэтых аперацый журы адводзіла 25 хвілін. Андрэй Васілеўскі справіўся за 9. Яму тады споўнілася семнаццаць гадоў і ён толькі што закончыў сярэднюю школу.

Натуральна, узнікае пытанне: якім чынам учарашні школьнік  трапіў на абласны конкурс прафесійнага майстэрства маладых механізатараў? Для гэтага, па меншай меры, трэба мець пасведчанне трактарыста-машыніста і пэўны вопыт работы на трактары ў полі.

Андрэй Васілеўскі на той час меў і першае, і другое. Паралельна з вучобай у школе ён скончыў шасцімесячныя курсы па падрыхтоўцы механізатараў у Дубровенскім прафтэхліцэі, атрымаў пасведчанне трактарыста. Як яму ўдавалася сумяшчаць вучобу ў школе і прафтэхліцэі, я не ўдакладняў. Ведаю толькі тое, што хлебаробскую справу Андрэй пачаў асвойваць яшчэ тады, калі вучыўся ў восьмым класе. Яго бацька, калгасны інжынер-электрык і, пры неабходнасці, механізатар, Мікалай Анатольевіч Васілеўскі аднойчы даверыў сыну пакіраваць трактарам і ў далейшым з усёй бацькоўскай адказнасцю  даваў яму першыя хлебаробскія ўрокі. Андрэй хутка, з юнацкім захапленнем асвойваў механізатарскую справу. У час  вучобы ў старэйшых класах ён неаднойчы самастойна працаваў у полі на ўзворванні глебы, а бацька ў гэты час выконваў неадкладныя справы па займаемай пасадзе інжынера-электрыка. Калі ж здараліся паломкі трактара ці прычапнога агрэгата, то ў ліквідацыі няспраўнасці бацьку, як правіла, актыўна дапамагаў сын.

Вось такім чынам Андрэй Васілеўскі, пакуль вучыўся у школе, з дапамогай бацькі і майстроў прафтэхліцэя асвоіў прафесію механізатара. Літаральна праз некалькі дзён пасля атрымання атэстата сталасці ён пачаў працаваць на трактары ў СВК “Гігант”. Не менш важна і такая дэталь: учарашняму школьніку Андрэю Васілеўскаму даверылі працаваць на энерганасычаным трактары МТЗ-1221 і выконваць такую адказную тэхналагічную аперацыю, як сяўба азімых. І шчыраваў юнак на полі не горш за вопытных хлебаробаў: за восень 2005 года ён пасеяў 459 гектараў азімых збожжавых і ўзараў 170 гектараў глебы. Гэта быў другі паказчык сярод маладых механізатараў раёна. І на ўрачыстым пасяджэнні перадавікоў сельскай гаспадаркі, прысвечаным прафесійнаму святу хлебаробаў, Андрэю былі ўручаны дыплом і падарунак як прызёру раённага спаборніцтва.

Вось так загаралася маленькая “зорачка” на хлебаробскім небасхіле.

Але роля радавога хлебароба кемлівага юнака яўна не задавальняла. Ён адчуваў, што здольны на большае.

У 2006 годзе Андрэй Васілеўскі паспяхова здаў уступныя экзамены на мехфак Беларускай дзяржаўнай сельгасакадэміі. Накіраванне на вучобу яму выдала кіраўніцтва СВК “Гігант”.

У час летніх канікулаў студэнт Андрэй Васілеўскі не бавіў марна час, а замацоўваў тэарэтычныя веды, атрыманыя на занятках у акадэміі, у ходзе практычнай работы на палетках гаспадаркі.

У апошнія тры гады ў час жніва ён працаваў на збожжаўборачным камбайне. Спачатку быў памочнікам камбайнера, а ў мінулым годзе кіраўніцтва гаспадаркі даверыла Андрэю самастойна працаваць на новым камбайне КЗС-10К. Як адзначалася вышэй, за сёлетняе жніво Андрэй Васілеўскі выгрузіў з бункера камбайна амаль 1000 тон збожжа і рапсу. Гэта лепшы паказчык у гаспадарцы.

Закончыліся летнія канікулы і Андрэй Васілеўскі вярнуўся ў акадэмію. Цяпер ён студэнт пятага курса. У будучым годзе закончыць акадэмію і вернецца ў родную гаспадарку ў якасці дыпламаванага спецыяліста з вышэйшай адукацыяй. Старшыня кааператыва “Гігант” Пётр Іванавіч Жарыкаў падчас сустрэчы гаварыў мне, што даверыць Андрэю Васілеўскаму адказную пасаду інжынера. Думаецца, што Андрэй Мікалаевіч у якасці спецыяліста будзе працаваць таксама адказна і старанна, як і на радавой хлебаробскай пасадзе механізатара, бо тут яго родны край, родная зямля, родныя людзі, якіх падводзіць ніяк нельга.

Андрэй КВІР.

Фота аўтара.

Молодой механизатор с «Гиганта» догоняет лидеров жнива!: 1 комментарий

  • 26.04.2013 в 4:19 дп
    Permalink

    Добра! Андрэй спакойны, працавiты хлапец. Прыветанне вам, сябры з нижегородскай вёски!:)

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *