Дубровенцы в числе победителей областного конкурса весенне-полевых работ

Прафсаюзы работнікаў аграпрамы­словага комплексу асаблівую ўвагу надаюць вынікам і якасці працы тых, ад каго ў рэшце рэшт залежыць і жывёлагоўля, і багаты каравай, і шаўкавісты лён — трактарысты-машыністы.

Менавіта яны кожную раніцу выво­дзяць сваіх сталёвых коней, каб спачатку пахаць, сеяць, потым апрацоўваць, затым касіць і нарыхтоўваць кармы, а там надыходзіць самая ўрачыстая земляробская пара — жніво.

І калі за ходам корманарыхтоўкі і жніва звычайна сочаць даволі ўваж­ліва, то вясенне-палявыя работы трымаліся неяк у цяні. Гэта становішча вырашылі выправіць у Віцебскім абкаме прафсаюзаў АПК. У гэтым годзе ўпершыню на Віцебшчыне былі падведзены вынікі вясенне-палявых работ. З улікам магутнасці і вытворчасці тэхнікі па прадстаўленні райкамаў прафсаюза работнікаў АПК  ў Віцебскай вобласці былі вызначаны 16 трактарыстаў-машыністаў, якія дасягнулі найлепшых вынікаў. Сярод іх – два дубровенца.

Старшыня абкама прафсаюза работнікаў АПК Таццяна Ярома пабывала ў сельгаспрадпрыемствах Дубровеншчыны і ўручыла ўзнагароды пераможцам першага абласнога спаборніцтва на вясенне-палявых работах. Так, на севе кукурузы лепшага выніку ў вобласці ў сваёй групе дасягнуў Віктар Лукашоў. Таццяна Ярома ўручыла яму Грамату абкама прафсаюза, грашовую прэмію і падарунак. Яна звярнула ўвагу, што і зараз сочыць за поспехамі працаўнікоў КУСГП «Прыдняпроўскі», і па выніках корманарыхтоўкі абкам прафсаюза вырашыў адзначыць яшчэ Віктара Сяргеева і Мікалая Макарава.

 Затым Таццяна Ярома завітала ў ААТ «Дубровенскі льнозавод», дзе працуе яшчэ адзін з пераможцаў абласнога спаборніцтва. Трактарыст-машыніст Юрый Балашоў стаў лепшым на севе тэхнічных культур. Ра­зам з ім узнагароды атрымалі працаўнікі гэтага прадпрыемства: майстар змены Наталля Зайцава, слесар-рамонтнік Уладзімір Голубеў, трактарыст-машыніст Раман Марэцкі.

Вітаючы ўзнагароджаных, Таццяна Ярома адзначыла, што вельмі ўдзячна працаўнікам Дубровеншчыны, якія ў няпростых умовах гэтага года робяць ўсё магчымае, каб агульны каравай Віцебшчыны быў як мага ўражлівым. Іх рукі, іх намаганні, іх адносіны да справы — галоўны складальнік поспеху.

Яна пажадала ўсім плённай працы, добрага заробку, задавальнення ад атрыманага выніку і здароўя. І запэўніла, што абкам прафсаюза работнікаў АПК будзе і надалей выступаць гарантам добрых умоў працы, вытворчага асяроддзя, забяспечваць ахову працы і заахвочванне лепшых працаўнікоў сяла, таму што галоўнае багацце кожнага калектыву — гэта людзі, якія добрасумленна адносяцца да выканання працоўных абавязкаў, якія засталіся вернымі сваёй роднай зямлі.

Алена КАРСАКОВА