Своя картошка у белорусов будет всегда!

Такі вывад быў зроблены на выязным пасяджэнні прэзідыума раённага Савета дэпутатаў, якое адбылося ў мінулую пятніцу. Актуальнасць развіцця асабістых падсобных гаспадарак працягвае нарастаць, бо гэтай работай занята не менш трэці насельніцтва краіны. Жыхары не толькі вёсак, але і пасёлкаў гарадскіх тыпаў, раённых цэнтраў тыпу нашага займаюцца вырошчваннем і вытворчасцю прадукцыі на сваіх падвор’ях і  тым самым уносяць значны ўклад у забеспячэнне харчовай бяспекі дзяржавы. Пры гэтым не толькі забяспечваюць сябе чыстымі прадуктамі харчавання, але і пастаўляюць іх на рынак.

—Падсобныя гаспадаркі садзейнічаюць павышэнню рэальных даходаў і дабрабыту вяскоўцаў, даюць ім істотную прыбаўку да сямейнага бюджэту, — адзначыла адкрываючы пасяджэнне прэзідыума старшыня раённага Савета дэпутатаў Алена Віктараўна Ціханава. — Наша задача пераканацца ў гэтым на практыцы.

Удзельнікі выязнога прэзідыума райсавета дэпутатаў пабывалі ў Маласавінскім сельскім Савеце, дзе вывучалі вопыт работы Савета і кіраўніцтва СВК “Прыдубровенскі” ў плане развіцця і падтрымкі прыватных падсобных гаспадарак грамадзян. Аб стане гэтай работы на падведамаснай тэрыторыі ўсіх інфармаваў старшыня сельвыканкама Віктар Леанідавіч Кахноўскі, які адзначыў, што на тэрыторыі Маласавінскага сельсавета зарэгістравана 546 домаўладанняў, у карыстанні насельніцтва знаходзіцца 409 гектараў зямлі, падсобную гаспадарку вядуць 245 сем’яў. На асабістых падвор’ях грамадзян утрымліваецца 220 галоў буйной рагай жывёлы, 327 галоў свіней, 64 кані. За мінулы год у насельніцтва было закуплена 89,5 тоны мяса, 1047,8 тоны малака, 4,5 тоны мёду.

—Маласавінскі сельскі Савет дэпутатаў праводзіць шматгранную работу па развіццю і падтрымцы асабістых падсобных гаспадарак, — адзначыў старшыня сельвыканкама Віктар Леанідавіч Кахноўскі. — Работнікі сельскага выканаўчага камітэта сумесна са спецыялістамі сельгаскааператыва сістэматычна робяць падворныя абходы грамадзян і праводзяць з імі растлумачальную работу па пытаннях рэалізацыі малака дзяржаве, маладняку жывёлы сельгаспрадпрыемствам.

У прыватнасці, у сельгаскааператыве “Прыдубровенскі” праведзена інвентарызацыя пашаў для жывёлы, якая належыць насельніцтву, арганізаваны догляд за пашамі (своечасовае баранаванне, падкормка, падкошванне), па заяўках грамадзянам выдзяляюцца цялушкі.  У вёсках Ерамееўшчына, Карабанавічы і Негаціна малако збірае малаказборшчык. Дапамагае малаказборшчыку кантраляваць якасць малака член рэвізійнай камісіі.

У населеных пунктах, якія раней  уваходзілі ў СВК “Расасна”, пасля яго далучэння да СВК “Баброва” зборам малака займаецца Андрэй Мікалаевіч Тураў, індывідуальны прадпрымальнік, які, узяўшы крэдыт у банку, набыў транспарт для адвозкі, емістасці для малака і электронны апарат, з дапамогай якога вызначаецца тлустасць малочнай прадукцыі. Дарэчы сказаць, малады прадпрымальнік, узяўшыся за гэтую нялёгкую справу,  застаўся ў выйгрышы. Яго месячны чысты прыбытак  вельмі неблагі, дзякуючы яму за год-другі Андрэй Тураў зможа спакойна акупіць усе расходы, якія ён панёс на адкрыццё даходнага бізнесу..

Па словах старшыні СВК “Прыдубровенскі” Алега Сямёнавіча Валадкевіча, на падвор’ях сельгаскааператыва сёлета закуплена на 14 працэнтаў малака больш у параўнанні з мінулым годам.

Адбываецца гэта па той простай прычыне, што кіраўніцтва гаспадаркі  стараецца зацікавіць насельніцтва ў здачы малака. У адпаведнасці з распрацаваным калектыўным дагаворам механізатарам і жывёлаводам сельгаскааператыва “Прыдубровенскі” выдзеляецца бясплатна на карову па дзве тоны сена з дастаўкай яго на дом пры ўмове, што гэтыя людзі на працягу года не парушалі працоўнай дысцыпліны. Для астатніх малаказдатчыкаў устаноўлена норма па здачы малака на карову — 1300 літраў малака, на ялавую — 800 літраў малака і г.д. Пры выкананні ўстаноўленай нормы па здачы малака гэтым людзям выдзяляецца травастой на плошчы 0,5 гектара, які пры неабходнасці будзе скошаны тэхнікай гаспадаркі, а гатовае сена — закручана ў рулоны. У такім выпадку гаспадар аплаціць у грамадскую касу кошт паслуг, аказаных яму, гэта значыць прыкладна 80-90 тысяч рублёў за тону сена.

Ахвотна у гаспадарку здаюць сваё малако многія жыхары горада Дуброўна. Па словах старшыні сельгаскааператыва, сёлета ўсім здатчыкам малака, а іх было 7 чалавек з раённага цэнтра, было выдзелена па 3 тоны сена.

На пасяджэнні разглядалася пытанне вынасу ў агульны севазварот участкаў грамадзян, на якіх яны вырошчваюць зерневыя культуры. З боку старшыні сельгаскааператыва Алега Валадкевіча і ў вырашэнні гэтага пытання людзям аказваецца падтрымка. Вяскоўцам таксама трэба растлумачваць, наколькі гэта выгадная справа, бо на агульным палетку, дзе будуць вырошчвацца іх зерневыя культуры, іх прасцей на сучаснай тэхніцы пасеяць, апрацаваць і ўбраць. Гаспадару толькі застаецца, заплаціўшы пэўную суму грошай за аказаныя гаспадаркай паслугі па вырошчванню і ўборцы, атрымаць са склада гатовы ўраджай. Па словах старшыні раённага Савета дэпутатаў Алены Віктараўны Ціханавай, пераважная большасць раёнаў вобласці  ўжо працуюць па такой схеме, будзе яна паступова ўкараняцца і ў нашым раёне. Асабліва паспяхова праводзіцца работа па прыцягненню ў агульны севазварот участкаў грамадзян у Шаркаўшчынскім раёне.

У нашым раёне на сённяшні дзень уцягнута ў агульны севазварот 150 гектараў зямлі, якая належыць вяскоўцам.

Разам з тым, на прэзідыуме было адзначана, што Маласавінскаму сельвыканкаму неабходна працягваць работу па павелічэнню вытворчасці прадукцыі на падвор’ях і выкананню параметраў па вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі з асабістых падвор’яў грамадзян, якія зацверджаны раённай праграмай развіцця і падтрымкі асабістых падсобных гаспадарак грамадзян на 2010 год, а таксама арганізаваць работу па вынасу ўчасткаў грамадзян, што выдзелены для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі, у севазвароты гаспадарак, арганізаваць догляд за імі, забяспечваць жывёлу грамадзян кармамі.

Ад кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў запатрабавана арганізаваць работу па рэалізацыі насельніцтву ў адпаведнасці з дагаворнымі абавязацельствамі сена, саломы, зерня, выдзялення сенакосаў, прымаць меры па  паляпшэнню ветэрынарнага абслугоўвання жывёлы ў насельніцтва. Трэба працягваць удасканальваць работу па закупу малака ў насельніцтва і актывізаваць закуп маладняку буйной рагатай жывёлы, згодна з даведзенымі заданнямі прадаваць насельніцтву цялушак для аднаўлення малочнага пагалоўя, выкарыстоўваючы пры гэтым растэрміноўку плацяжу. У гаспадарках неабходна шырэй разгортваць работу па аказанню насельніцтву паслуг па апрацоўцы зямлі, нарыхтоўцы кармоў, вывазцы ўгнаенняў на палі і іншых відаў работ.

***

У час выязнога пасяджэння яго ўдзельнікі вывучалі вопыт работы Дабрыньскага сельскага Савета дэпутатаў па добраўпарадкаванню населеных пунктаў, навядзенню парадку на зямлі, утрыманню аб’ектаў вытворчай і сацыяльный сферы. З гэтай мэтай яны пабывалі на многіх аб’ектах сацыяльнай і вытворчай сферы ў вёсцы Дабрынь, якая за апошнія гады набыла прывабны знешні выгляд: на ФАПе, сельмагу, сярэдняй школе, клубе і г.д. Як адзначыў старшыня Дабрыньскага сельскага Савета дэпутатаў Леанід Іванавіч Новікаў, на тэрыторыі сельсавета ўладкаваны два аграгарадкі, што дазволіла вырашыць праблему па рэканструкцыі і капітальнаму рамонту аб’ектаў вытворчага і сацыяльнага прызначэння, жыллёвага фонду, рамонту і асфальтаванню дарожнага пакрыцця, пад’ездаў і вуліц населеных пунктаў. Толькі ў 2009 годзе на добраўпарадкаванне аграгарадка Дабрынь было выдаткавана 32 мільёны рублёў бюджэтных сродкаў сельскага Савета, за кошт якіх устаноўлена і пафарбавана больш трох кіламетраў агароджы. Праведзена ўборка старых дрэў, адрамантаваны помнікі, прыведзены ў належны выгляд брацкія пахаванні.

За перыяд дзеяння Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 70 “Аб мерах па ўпарадкаванню ўліку і скарачэнню колькасці пустуючых і старых дамоў з гаспадарчымі і іншымі пабудовамі ў сельскай мясцовасці” на тэрыторыі сельсавета было знесена 65 такіх пабудоў. Толькі ў 2009 годзе на гэтыя мэты было зрасходавана 25 мільёнаў рублёў бюджэтных сродкаў.

У рамках рэалізацыі праграмы адраджэння і развіцця сяла быў капітальна адрамантаваны фельчарска-акушэрскі пункт, больш як 700 мільёнаў рублёў было выдзелена на рамонт Дабрыньскай сярэдняй школы, вялікія сродкі былі выдзелены з абласнога і раённага бюджэтаў на рамонт адміністрацыйнай пабудовы, дзе размясціліся Дабрыньскі сельскі Савет, кантора СВК “Каманіна”, клуб і бібліятэка.

Адзначалася, што Дабрыньскі сельскі Савет праводзіць работу па падтрыманню санітарнага стану ў сельскіх населеных пунктах, захаванню зямельнага заканадаўства і рацыянальнаму выкарыстанню зямель,  выяўленню  і пераразмеркаванню ўчасткаў, якія пустуюць, добраўпарадкаванню грамадзянскіх могілак, міні-палігонаў для цвёрдых бытавых адходаў, дарог і вуліц населеных пунктаў і г.д.

Разам з тым, у пастанове прэзідыума  Дубровенскага раённага Савета дэпутатаў запатрабаваў ад старшыні Дабрыньскага сельскага Савета дэпутатаў Л.І.Новікава больш актыўна рэалізоўваць мерапрыемствы па добраўпарадкаванню кожнага населенага пункта, забяспечыць больш цесную і эфектыўную сувязь з насельніцтвам па прыцягненню яго да выканання мерапрыемстваў па добраўпарадкаванню, працягваць работу па ўліку кінутых жылых пабудоў, па іх зносу. Таксама старшыні Дабрыньскага Савета дэпутатаў рэкамендавана арганізаваць конкурс на лепшае падвор’е, падводзіць яго вынікі, матэрыяльна заахвочваць лепшых уладальнікаў падвор’яў, прапагандаваць вопыт іх работы.

Падводзячы вынікі работы выязнога прэзідыума, старшыня раённага Савета дэпутатаў А.В.Ціханава адзначыла, што падобная практыка правядзення такіх мерапрыемстваў будзе ўкараняцца ў рабоце райсавета дэпутатаў у далейшым.

Лідзія ЧАПЯЛОВА.

На здымках: 1.Вопытам работы па развіццю і падтрымцы падсобных гаспадарак на тэрыторыі Маласавінскага сельсавета дзеліцца старшыня сельвыканкама В.Л.Кахноўскі. Злева ад яго — старшыня раённага Савета дэпутатаў А.В.Ціханава, справа — старшыня Пірагоўскага сельвыканкама С.А.Уладзімірэнка.

2.З інфраструктурай аграгарадка ў Дабрыні знаёміць удзельнікаў выязнога пасяджэння райсавета дэпутатаў старшыня Дабрыньскага сельвыканкама Л.І.Новікаў (на пярэднім плане).

3.Вопытам закупу лішкаў малака ў насельніцтва вёсак Расасна, Баброва, Загваздзіна дзеліцца індывідуальны прадпрымальнік Андрэй Мікалаевіч Тураў, які за ліпень-жнівень гэтага года закупіў у вяскоўцаў 170 тон малака.

4.Старая вуліца Дабрыні ў новым абліччы.

5.Старшыня раённага Савета дэпутатаў А.В.Ціханава гутарыць з пакупнікамі ў сельмагу вёскі Дабрынь.

6.Алена Віктараўна Ціханава цікавіцца ў фельчара Дабрыньскага ФАПа Аляксандра Мікалаевіча Рамановіча тым, як наладжана работа па медыцынскаму абслугоўванню вяскоўцаў.

7.На рамонт і добраўпарадкаванне Дабрыньскай сярэдняй школы ў рамках праграмы адраджэння і развіцця сяла дзяржавай было выдаткавана больш 700 мільёнаў рублёў.

8.Добраўпарадкаваннем тэрыторыі вакол Дабрыньскай школы  займаюцца яе юныя гаспадары-вучні, якіх зараз тут навучаецца больш за пяць дзесяткаў.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *