В Дубровенском районе проходят встречи представителей власти с трудовыми коллективами

Нягледзячы на вялікую разнастайнасць сучасных крыніц інфармацыі, найбольш дзейснай формай тлумачальнай і асветніцкай работы з грамадствам з’яўляецца правядзенне сустрэч з працаўнікамі прадпрыемстваў і  ўстаноў, жыхарамі пэўнай мясцовасці ці прадстаўнікамі, так званых, мэтавых груп. У гэтым мы змаглі яшчэ раз пераканацца, калі  паўдзельнічалі ў рабоце інфармацыйна-прапагандысцкай групы  начале з першым намеснікам старшыні — начальнікам упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні  Дубровенскага райвыканкама  Аляксандрам Карнеевым.

Тэмы, якія абмяркоўваліся на сустрэчах з працаўнікамі ААТ «Усход-Чырына» і КУСГП «Зарубы», закраналі інтарэсы кожнага: тлумачэнне змяменняў, якія прапанавана ўнесці ў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, парадак правядзення рэферендума, сучасная палітычная абстаноўка вакол Беларусі.

—У Пасланні народу і Нацыянальнаму сходу Прэзідэнт расставіў важныя акцэнты: прыярытэты Беларусі, як захаваць яе незалежнай, хто нашы сябры і саюзнікі, чаму неабходна падтрымаць абноўленую Канстытуцыю, — адзначыў у сваім выступленні Аляксандр Карнееў. — Мы падышлі да важнейшага перыяду нашай сучаснай гісторыі — абнаўлення палітычнай сістэмы, новага ўзроўню ўзаемадзеяння дзяржавы і грамадства. Абнаўленне Асноўнага Закона выклікана патрэбамі часу. Скарачаецца доля сельскага насельніцтва, вырасла цэлае пакаленне маладых беларусаў, шырокае развіццё ў краіне сферы бізнесу, ІТ-тэхналогіі.

Беларускае грамадства стала высока­развітым, адпаведна і сістэма кіравання ім патрабуе свайго ўдасканалення. Гэта сведчыць аб тым, што і народ, і дзяржаўныя органы ўлады аднагалосна разумеюць, што настаў час канстытуцыйных рэформ, разумеючы, што ўсе змяненні і дапаўненні можна ўнесці шляхам правядзення рэферэндуму. Гэта дазволіць кожнаму грамадзяніну  рэалізаваць сваё права і выказаць сваё асабістае меркаванне не толькі аб сучаснасці і будучыні краіны, але і аб захаванні гісторыі сваіх продкаў. Менавіта ў перыяд знешніх выклікаў і пагроз канстытуцыйныя нормы на гэтым этапе развіцця беларускага грамадства стануць пэўнай страхоўкай, — адзначыў Аляксандр Карнееў.

Развіваючы тэму, ён падкрэсліў, што ва ўмовах пандэміі, агульнай напружанасці ў свеце, паасобку нельга выстаяць.

—Таму бягучы момант яшчэ больш умацаваў саюзніцкія адносіны Беларусі і Расіі. Неабходна вялікую ўвагу ўдзяляць эканоміцы, яе эфектыўнаму функцыянаванню. Гэта крыніца сродкаў для забеспячэння сацыяльных гарантый дзяржавы, развіцця сельскагаспадарчых і прамысловых прадпрыемстваў, падтрымання абараназдольнасці. Выстаяць мы можам, толькі аб’яднаўшы намаганні, захаваўшы сваю зямлю і краіну, — сказаў Аляксандр Карнееў.

Пасля падрабязнага абмеркавання асноў­ных пытанняў кожны жадаючы мог агучыць праблемы, якія хвалююць жыхароў. Сяльчане дзяліліся будзеннымі клопатамі: як ідзе падрыхтоўка тэхнікі да вяснавых работ, гаварылі пра стан азімых, добраўпарадкаванне населеных пунктаў.

Прыемна адзначыць, што людзі не толькі ставілі пытанні, але прапаноўвалі шляхі, каб іх вырашыць. Так, жыхары Ляхаўкі  выказвалі свой пункт гледжання на магчымасць стварэння працоўных месц у іх аргагарадку і пашырэння сацыяльных паслуг. Гэтыя прапановы былі дасканала занатаваны ўдзельнікамі прапагандысцкай групы, каб потым перадаць ў адпаведныя структуры.

—Такія сустрэчы дапамагаюць не толькі данесці  да насельніцтва галоўныя звесткі пра развіцце ўсяго беларускага грамадства, але і даведацца, чым жывуць людзі канкрэтнай мясцовасці, адчуць іх настрой, атрымаць адзнаку сваёй дзейнасці. Без такіх дыялогаў немагчыма рухацца наперад, прымаць адказныя рашэнні, — падзяліўся меркаваннем па выніках сустрэч Аляксандр Карнееў.

 Алена КАРСАКОВА