Что делают в Дубровно со вторичным сырьём?

Дубровно, вторсырьё. Беларусь, мусор. стеклотара, металлолом, макулатура

Закон Рэспублікі Беларусь “Аб абыходжанні з адходамі” прадугледжвае цэлы комплекс мер па прадухіленню забруджвання навакольнага асяроддзя. Вельмі важнае месца ў гэтым законе адводзіцца неабходнасці арганізацыі збору і ўцягнення ў гаспадарчы абарот другасных рэсурсаў.

Начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Алег Міхайлавіч Хадуноў паведаміў, што зборам і нарыхтоўкай другаснай сыравіны ў нашым раёне займаюцца дзве арганізацыі — УП ЖКГ “Дуброўна-Камунальнік” і раённае спажывецкае таварыства. Што канкрэтна робіцца па гэтай справе, я вырашыў высветліць непасрэдна ў арганізацыях.

У раённым спажывецкім таварыстве

Першы намеснік старшыні райспажыўтаварыства Тамара Аляксандраўна Пырсакава расказала, што закупляюць у насельніцтва другасную сыравіну ўсе гандлёвыя кропкі раёна. Па вуліцы Нікандравай ёсць спецыялізаваны прыёмны пункт. Акрамя таго, гэтай справай займаецца штатны нарыхтоўшчык.

—Найбольш паспяхова ідзе нарыхтоўка металалому, — расказвае Тамара Пырсакава. — У мінулым годзе мы закупілі ў насельніцтва 1034 тоны металалому пры плане 350 тон. Планавае заданне перакрыта ў 3 разы. Акрамя таго, нарыхтавана 2,8 тоны лому каляровых металаў. Гэта, напрыклад, алюминий. А вось план па нарыхтоўках макулатуры не выкананы: з запланаваных 110 тон нарыхтавана 84,7 тоны.

Акрамя таго, нашы гандлёвыя прадпрыемствы прымаюць у насельніцтва палімерныя адходы (поліэтыленавую плёнку, пэт-бутылкі), шклобой, другасныя тэкстыльныя матэрыялы (рызманы). За мінулы год нарыхтавана 3,6 тоны палімерных адходаў, 2,1 тоны шклобоя, 1,9 тоны другасных тэкстыльных матэрыялаў.

—Па якой цане вашы гандлёвыя прадпрыемствы нарыхтоўваюць другасную сыравіну? — пацікавіўся я ў Тамары Пырсакавай.

Цана лому чорных металаў штомесяц мяняецца. У маі за кілаграм лому мы плацілі 580 рублёў. Гэта добрая цана. Здаў тону металалому, а ўзамен атрымаў 580 тысяч рублёў. Хачу заўважыць, што ад насельніцтва мы прымаем так званы бытавы лом, гэта значыць, адслужыўшыя свой век дэталі легкавых, грузавых аўтамабіляў, трактароў, сельгасмашын, бытавыя машыны, механізмы, посуд. Словам, тое, што маюць у карыстанні грамадзяне.

За кілаграм макулатуры і другасных тэкстыльных матэрыялаў мы плацім 150 рублёў. Заўважу, што далёка не ўсе рызманы прымаюць нашы гандлёвыя прадпрыемствы. Падлягаюць прыёмцы рызманы, вырабленыя з шарсцяных, паўшарсцяных, трыкатажных, баваўняных, ільняных тканін. Вырабы з іншых тканін мы не нарыхтоўваем, такое патрабаванне Баранавіцкай тэкстыльнай фабрыкі, якая перапрацоўвае рызманы.

Палімерныя адходы нашы прадпрыемствы нарыхтоўваюць па цане 300 рублёў за кілаграм, а шклобой — 80 рублёў за кілаграм. Хачу звярнуць увагу, што шклобой і палімерныя адходы павінны быць чыстыя.

Дубровно, вторсырьё. Беларусь, мусор. стеклотара, металлолом, макулатура

—Як наладжана нарыхтоўка другаснай сыравіны ў гэтым годзе?

—На 2011 год нам запланавана нарыхтаваць 580 тон лому чорных металаў і 3 тоны каляровых. Фактычна за 4 месяцы закуплена 269 тон чорнага металалому і 0,5 тоны — каляровага. З плана 80,7 тоны нарыхтавана 31 тона макулатуры. Акрамя таго, у гэтым годзе мы нарыхтавалі 1,2 тоны палімерных адходаў, 300 кілаграмаў рызманоў і столькі ж шклобоя. Нарыхтоўка рызманоў ускладняецца таму, што прымаюцца зношаныя рэчы толькі пэўнай групы тканін. Зношаныя рэчы са штучных тканін не прымаюцца.

Я хачу звярнуць увагу на тое, што пры здачы шклобою грамадзяне павінны адсартыроўваць яго па колеру — зялёны, карычневы, белы.

—Аднойчы я здаў у адну краму горада Дуброўна макулатуру, а ўзамен мне прапанавалі тавар, які маецца ў гандлёвай кропцы, а не грошы, як я хацеў.

—Пры здачы ў гандлёвую кропку любых другасных адходаў прадаўцы абавязаны разлічвацца са здатчыкам грашамі ці таварам па яго выбару, — адзначыла Тамара Аляксандраўна Пырсакава і параіла пры ўзнікненні праблем з прыёмкай другаснай сыравіны ці з разлікамі, паведамляць па тэлефоне 4-19-11.

Паведамляе «Дуброўна-Камунальнік»!

Пасля сустрэчы з першым намеснікам старшыні райспажыўтаварыства, я накіраваўся ва ўнітарнае прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі “Дуброўна-Камунальнік”, дзе, па словах начальніка Дубровенскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Алега Міхайлавіча Хадунова, ёсць станцыя сартыроўкі адходаў.

Тэхнік УП ЖКГ “Дуброўна-Камунальнік” Наталля Аляксандраўна Корж, якой даручана кантраляваць і арганізоўваць збор другаснай сыравіны, расказала, што на гэты год арганізацыі запланавана сабраць 70 тон металалому, 25 тон макулатуры, 4 тоны палімерных адходаў. З пачатку года ўжо сабрана 18,6 тоны металалому, 6,5 тоны макулатуры і 2,7 тоны палімерных адходаў.

—Якім чынам у вас арганізаваны збор другаснай сыравіны? — пацікавіўся я ў Наталлі Корж.

—Раней у горадзе стаялі кантэйнеры для раздельнага збору другаснай сыравіны. Спец-аўтамабілі дастаўлялі другасную сыравіну на станцыю сартыроўкі, дзе вялася канчатковая сартыроўка адходаў. Але пасля таго, як кантэйнеры ўбралі з горада і збор адходаў ажыццяўляецца з дапамогай спецаўтамабіляў, сартыроўку другаснай сыравіны брыгада нашых рабочых ажыццяўляе непасрэдна на гарадскім палігоне адходаў. Пасля гэтага па відах другасную сыравіну дастаўляюць на станцыю сартыроўкі, прасуюць яе ў цюкі і адпраўляюць спажыўцам — прадпрыемствам рэспублікі: палімерныя адходы — Магілёўскаму прадпрыемству “РэмПЛАСТ”, макулатуру — Чашніцкай папяровай фабрыцы, металалом — Оршавторчармет, шклобой — Віцебскай нарыхтоўчай канторы.

Дубровно, вторсырьё. Беларусь, мусор. стеклотара, металлолом, макулатура

Як бачна з аповеду Наталлі Корж сартыроўка адходаў на палігоне — нізкапрадукцыйная справа. Але на сённяшні дзень, відавочна, ва УП ЖКГ “Дуброўна-Камунальнік” іншага выйсця няма. Ды і насельніцтва раёна яшчэ не ўсвядоміла важнасць такой справы, як збор другаснай сыравіны, прыгоднай для перапрацоўкі і далейшага выкарыстання.

Відавочна, не вельмі гэты занятак стымулююць і закупачныя цэны. Ці многа жадаючых знаходзіцца здаваць шклобой за 80 рублёў за кілаграм. Каб выручыць 10 тысяч рублёў, неабходна здаць 125 кілаграмаў шклобоя.

Магчыма і рэклама, і арганізацыя збору другасных матэрыялаў яшчэ не на належным узроўні. Райспажыўтаварыства размяшчала ў газеце аб’яву аб тым, што ў раёне з 25 красавіка па 25 мая правадзіўся месячнік па збору макулатуры. Узнікае пытанне: а чаму толькі макулатуры? Хіба ж, шклобой, палімерныя адходы, рызманы не трэба нарыхтоўваць?

Начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Алег Міхайлавіч Хадуноў расказаў, што ў горадзе Орша зборам другаснай сыравіны займаецца індывідуальны прадпрымальнік. І гэта справа там пастаўлена на больш высокім арганізацыйным узроўні. Магчыма, і ў нашым раёне трэба выкарыстаць вопыт аршанцаў.

Андрэй КВІР

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *