Cёння у свеце шмат цудоўных моў. Адны з іх вабяць сваёй прыгажосцю і непаўторнасцю, другія — мілагучнасцю. Але ў кожнага чалавека ёсць толькі адна мова, якая завецца роднай. Менавіта на гэтай мове ён размаўляе з роднымі, сябрамі, знаёмымі. І вельмі дрэнна, калі чалавек пачынае забывацца на сваю мову, не шануе яе.

21 лютага кожны народ адзначае Дзень роднай мовы. Першапачаткова з такой ініцыятывай выступіў Бангладэш.

Менавіта ў гэтай краіне ў лютам 1957 года загінулі пяць студэнтаў, якія адстойвалі права навучацца на роднай мове. Зараз у нашым рознакаляровым і рознагалосым свеце налічваецца больш за шэсць тысяч моў. Палова з іх — пад пагрозай знікнення.

У Беларусі Дні роднай мовы пачалі ладзіцца дзяржаўнымі ўстановамі толькі ў 2009 годзе. З таго часу бібліятэкі прысвячаюць гэтаму дню кніжныя выставы беларускамоўных выданняў. Пра­водзяць мерапрыемствы, прысвечаныя Міжнароднаму дню роднай мовы, ва ўстановах адукацаі.

Музеі ладзяць публічныя чы­танні беларускамоўных твораў мастацкай літаратуры пісьменнікамі, акцёрамі, мастакамі і дзяржаўнымі дзеячамі.

З 2009 года Таварыства беларускай мовы пра­водзіць у гэты дзень агульнабеларускія дыктоўкі паводле беларускамоўных твораў. Таксама право­дзяцца прэзентацыі новых кніг, беларускамоўныя канцэрты. 

У гэтым годзе інстытут мова­знаўства імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі з 21 па 28 лютага правядзе Ты­дзень роднай мовы.

Сёння беларуская мова больш часта ўжываецца на дзяржаўных тэле- і радыёканалах, у перыядычных выданнях, справаводстве. У апошні час актыўна выкарыстоўвае беларускую мову творчая і навуковая інтэлігенцыя Беларусі. Але ў паўсядзённых зносінах ёй карыстаецца малы працэнт насельніцтва.

Дзень роднай мовы — добрая нагода, каб яшчэ раз задумацца аб нематэрыяльных каштоўнасцях, якімі багаты наш народ. Але мова — гэта не зброя маніпуляцыі, немагчыма прымусіць паважаць і любіць мову з-пад палкі.

Таму, каб беларуская гаворка не ператварылася ў экзотыку, і каб яе не падмянялі «трасянкай», мы можам папулярызаваць мову праз мастацтва, кіно і літаратуру, ствараць цікавыя праекты, у тым ліку для дзяцей. Мова павінна быць сродкам стварэння чагосьці, толькі тады яна жыве.