Солнечный денежный прогноз предлагают экономисты Дубровенщины

Дубровно, Беларусь, День экономиста, праздник, финансы, экономика

30 чэрвеня ў Беларусі адзначаецца Дзень эканаміста. Гэта свята ўведзена Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у сакавіку 1998 года. Дата выбрана невыпадкова. Менавіта 30 чэрвеня 1921 года быў створаны орган эканамічнага кіравання — дзяржаўная планавая камісія, якая потым была пераўтворана ў Дзяржплан БССР. Так быў пакладзены пачатак фарміравання сістэмы дзяржаўных органаў кіравання народнай гаспадаркі рэспублікі.

Прагноз сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна робіць аддзел эканомікі Дубровенскага райвыканкама. Сёння наша гутарка з начальнікам гэтага аддзела Наталляй Міхайлаўнай ІВАШКЕВІЧ.

НІ —Работу трэба не любіць, а добрасумленна яе выконваць. Я лічу так. Эканоміка, як і палітыка, мае першаступеннае значэнне ў жыцці любога калектыву, рэгіёну ці краіны. Не будзе прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна, не будзе і самога раёна. Менавіта наш аддзел займаецца распрацоўкай прагнозных паказчыкаў развіцця, распрацоўвае перспектыўныя пяцігадовыя планы раёна па яго асноўных накірунках. Зараз для раёна даведзена 19 асноўных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця. Аддзел эканомікі райвыканкама трымае ў полі зроку выкананне кожнага з іх.

ЛЧ—Які з даведзеных паказчыкаў, на ваш погляд, самы галоўны?

НІ—Усе аднолькава важныя, усе іх трэба выконваць. І ўсё ж інавацыйнаму развіццю раёна ўдзяляецца асаблівая ўвага. Такую задачу паставіў перад усімі намі Прэзідэнт краіны на гэтую пяцігодку. Пры гэтым на шляху інавацыйнага развіцця эканомікі прыярытэтнае значэнне набывае забеспячэнне не толькі поўнай, але і эфектыўнай занятасці насельніцтва з арыентацыяй на высокую прадукцыйнасць працы.

Мы распрацоўваем інвестыцыйныя праграмы, будзем прыцягваць у раён інвестараў, бо ад гэтага будзе залежаць перспектыва яго развіцця. Асобая ўвага зараз удзяляецца якаснаму выкананню паказчыкаў і больш эфектыўнай рабоце прадпрыемстваў.

ЛЧ—Якія, на ваш погляд, Наталля Міхайлаўна, прадпрыемствы раёна найбольш паспяхова спраўляюцца з пастаўленай задачай?

НІ—Асабіста мне імпануе работа адкрытага акцыянернага таварыства “Дубровенскі райаграсэрвіс”, дзе дырэктарам працуе Дзмітрый Уладзіміравіч Цімошчанка, а эканамічную службу прадпрыемства ўзначальвае галоўны эканаміст Ніна Мікалаеўна Курашэвіч. У рабоце ўсяго калектыву адчуваецца зладжанасць, таму і вынікі абнадзейваюць. Зараз прадпрыемства мае станоўчую рэнтабельнасць прадаж, што з’яўляецца якасным параметрам работы прадпрыемства і яго эканомікі.

З прамысловых прадпрыемстваў яшчэ б хацела выдзеліць адкрытае акцыянернае таварыства “Дубровенскі льнозавод”. Гэта галоўная валаўтваральная гаспадарка раёна. Там галоўным эканамістам працуе Ларыса Міхайлаўна Мажылоўская, якая з’яўляецца адным з самых старэйшых і вопытных эканамістаў раёна. У стабільнай зладжанай рабоце прадпрыемства, несумненна, ёсць і заслуга галоўнага эканаміста, які аналізуе і плануе ўсю яго эканоміку.

ЛЧ—Як выконваюцца сёлета асноўныя параметры сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна?

НІ—Паўгоддзе яшчэ толькі заканчваецца, вынікі хутка будуць падведзены. Аднак хачу заўважыць, што ў апошні час у раёне паспяхова выконваецца такі сур’ёзны паказчык, як экспарт тавараў, назіраюцца высокія тэмпы росту вытворчасці прамысловых тавараў, прадукцыйнасці працы, станоўчае сальда у знешнім гандлі таварамі, ёсць добрыя зрухі ў іншых паказчыках сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна.

ЛЧ—З 2010 года вы, Наталля Міхайлаўна, узначальваеце аддзел эканомікі Дубровенскага райвыканкама. У такой рабоце нельга абысціся без памочнікаў. Колькі іх у вас, Наталля Міхайлаўна?

НІ—Нас у аддзеле чацвёра. Усе эканамісты. Непасрэдным куратарам і арганізатарам работы аддзела эканомікі з’яўляецца намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Мікалай Мікалаевіч Рандарэвіч, якому ўсе мы вельмі ўдзячны за дапамогу ў рабоце, прафесійныя і мудрыя парады і якога сардэчна віншуем з Днём эканаміста.

У аддзеле эканомікі, акрамя мяне, працуюць Наталля Аляксандраўна Марозава, якая вядзе блок пытанняў, звязаных з маёмасцю і інвестыцыямі. Наталля Аляксандраўна — галоўны спецыяліст аддзела. Іна Генадзьеўна Гарбачэўская — таксама галоўны спецыяліст аддзела эканомікі, працуе з прадпрымальнікамі, фізічнымі і юрыдычнымі асобамі, вырашае блок пытанняў, звязаных з канфіскаванай маёмасцю. Вядучы спецыяліст аддзела Ніна Міхайлаўна Ганчарова курыруе работу гандлёвых прадпрыемстваў раёна, трымае на кантролі пытанні, звязаныя з аказаннем платных паслуг, і іншыя.

ЛЧ—Тады прымайце і вы, Наталля Міхайлаўна, і ўвесь ваш калектыў віншаванні з прафесійным святам — Днём эканаміста. Поспехаў вам у рабоце. Няхай наш раён з вашай дапамогай жыве і працвітае!

НІ—Дзякуй за добрыя пажаданні. Будзем працаваць на ўмацаванне эканомікі раёна!

Лідзія ЧАПЯЛОВА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *