На Дубровенскім ільнозаводзе адбылася нарада па галоўных пытаннях вырошчвання льну на палетках Дубровеншчыны ў 2022 годзе

На нарадзе прысутнічалі кіраўнікі, інжынеры і аграномы льносеючых гаспадарак і ААТ «Дубровенскі льнозавод», спецыялісты ўпраўлення па сельскай гаспадарцы Дубровенскага райвыканкама.

ААТ «Дубровенскі льнозавод» займае трывалую пазіцыю лідара па льнаводстве ў Віцебскай вобласці і за яе межамі. Па словах дырэктара Анатоля Басянкова, на Дубровенскі льнозавод прыпадае 60% выпрацаванага на Віцебшчыне ў лютым 2022 года льновалакна.

—Лен — гэта эканоміка, — з такіх слоў пачаў нараду старшыня Дубровенскага райвыканкама Анатоль Лукашоў. — Гэта культура, якая добра расце на нашых землях. Яна забяспечвае сыравінай не толькі галоўнае перапрацоўчае прадпрыемства Дубровеншчыны, але і буйнейшы ў краіне Аршанскі льнокамбінат. Гэта грошы і прыбытак кожнага дубровенца. Я запрашаю вас да сурьёзнай размовы, каб напярэданні веснавога сева вырашыць магчымыя праблемы, яшчэ раз агучыць задачы па вырошчванні гэтай культуры і шляхі іх выканання, — сказаў кіраўнік раёна.

 У гэтым годзе вырашана павялічыць плошчы, на якіх будзе расці лен. Калі ў 2021 годзе льняныя палеткі займалі 2850 га, то у 2022 годзе — 3 тыс. га. З якіх 160 га — палі  ААТ «Якубава-Агра», па 125 га — КУСГП «Зарубы» і ААТ «Каманіна», 130 га — ААТ «Баброва-Агра», 50 га — Дубровенскі ліцэй і 2410 га льнозавод. Адзначана, што палі былі адведзены восенню. Кожны гектар быў належным чынам апрацаваны, унесены мінеральныя ўгнаенні і гліфасаты.

Анатоль Лукашоў вызначыў тры часткі, якія адказваюць за вынік вырошчвання льну: насенне, тэхніка і якасць. Менавіта гэтыя пытанні падрабязна растлумачылі спецыялісты ААТ «Дубровенскі льнозавод».

Так, вядучы аграном-насеннявод Сяргей Багусевіч расказаў пра забяспечанасць сельгаспрадпрыемстваў насеннем.

—У мінулым годзе была назапашана рэкордная колькасць насення, якое па апошніх даследваннях паказвае добрую якасць. Але гэта насенне ўжо чацвертай рэпрадукцыі і яго можна выкарыстоўвать толькі для таварных пасеваў. Для семянных участкаў кожнаму сельгаспрадпрыемству, якое будзе вырошчваць лён, ААТ «Дубровенскі льнозавод» прадставіць па 6 тон насення сорта Грант. Гэта насенне апрацавана. Для апрацоўкі ўласнага насення сельгаспрадпрыемстваў льнозавод прадаставіць неабходныя рэчывы, — запэўніў Сяргей Багусевіч.

Інжынер-механік Андрэй Марачоў праінфар­маваў, што на бягучы момант тэхніка для пасяўных работ падрыхтавана, і засяродзіў увагу на неабходнасці правесці агляд іншых машын у сельгаспрадпрыемствах для апрацоўкі і ўбокі лёну, не адкладваючы рамонт.

— Трэба быць гатовымі к магчымым цяжкасцям з запчасткамі і матэрыяламі. Таму неабходна ўжо зараз ведаць аб’ёмы работ і выконваць іх планамерна, — сказаў Андрэй Марачоў і дадаў: — У сучасных умовах, калі могуць перапыніцца звычайныя шляхі паставак запчастак, ці вельмі вырасце іх цана, узрастае роля інжынернай службы, якая павінна забяспечваць захоўванне ўсяго таго, што было адрамантавана, што мае гаспадарка, каб дакладна выконваць тэхналогію вырошчвання і ўборкі лёну.

Андрэй Марачоў засяродзіў ўвагу на неабходнасці стажыроўцы трактарыстаў-машыністаў, якія будуць працаваць на прэс-падборшчыках, таму што гэтыя машыны патрабуюць не толькі моцных і ўмелых рук, але і кемлівай галавы.

На пытаннях вырошчвання якаснай сыравіны падрабязна спыніўся Анатоль Басянкоў. Ён дэталёва прааналізаваў  памылкі, якія былі ў сельгаспрадпрыемствах у мінулым годзе:

—Надвор’е для ўсіх было аднолькавым. Прыблізна аднолькавы мы атрымалі і ўраджай — па 3 тоны трасты з гектара. А вось якасць была рознай. Так, у ААТ «Баброва-Агра» затрымалі церабленне, што знізіла ўтрыманне валакна. КУСГП «Зарубы» няўдала вызначылі палі, што дало кепскі вынік. Добра адпрацавалі ў ААТ «Якубава-Агра», — адзначыў дырэктар ААТ «Дубровенскі льнозавод».

 Па выніках нарады начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Дубровенскага райвыканкама Аляксандр Карнееў прапанаваў распрацаваць агульны алгарытм вырошчвання даўгунцу з улікам асаблівасцей 2022 года, а таксама распрацаваць і выконваць графік падрыхтоўкі тэхнікі. Да таго ж ён прапанаваў у бліжэйшы час вызначыць пло­шчы, якія будуць адведзены пад лён у 2023-2024 годзе, каб весці мэтанакіраваную падрыхтоўку глебы.

Анатоль Лукашоў, завяршаючы размову, яшчэ раз звярнуў увагу на тое, што лён — культура патрабавальная, але эканамічна выгадная.

—Па любых пытаннях звяртацца да спецыялістаў льнозавода. І ўвогуле працаваць разам з ільнозавадчанамі, узгадняць тэрміны севу. Так, ёсць аптымальныя тэрміны, але ж з мінулага года мы вынеслі ўрок: лепш пасеяць пазней, але ў аптымальна гатовую глебу, чым раней па холадзе. У нас праве­дзена добрая падрыхтоўчая работа, нядрэнна ў гэтым годзе забяспечаны ўгнаеннямі і мікраэлементамі. Ад нас патрабуецца поўная захаванасць тэхналагічнага ланцугу. Бо, калі пакрыўджана хоць адно самае маленькае з яго звёнаў, намаганні кожнага прападуць дарма, — падкрэсліў Анатоль Лукашоў.

 Алена КАРСАКОВА