На приусадебном участке жителя Осинторфа обнаружено братское захоронение

Дубровно,Осинторф, медальон, память, поисковики

Усё ў жыцці звязана. Гісторыя — гэта не мінулае і не даўніна. Гэта тое,што знаходзіцца вакол нас кожную хвіліну, звычайнае і непрыкметнае, тое, што пастаянна ўплывае на наш час менавіта тым, што было, здзейснілася.
У гэтым мы змаглі яшчэ раз пераканацца, калі пабывалі на 11-м пасёлку ў Асінторфе,
дзе знайшлі пахаванне часоў Вялікай Айчыннай вайны.
Мы стаялі па-над раскопам, на дне якога добра былі бачны астанкі людзей. Вельмі ўражлівала тое, што гэта было не па тэлевізары недзе на раскопках Пампеі, а вось тут, побач са слупам, на якім у вялікім гняздзе жыве сям’я буслоў, крыху ў старонцы будуецца вялікі драўляны дом, роўнымі радкамі расце добрая бульба і пахне саломай недаўна зжатага зерня.

Дубровно,Осинторф, медальон, память, поисковики

—Ведаеце, уладарам гэтага ўчастку я стаў у пачатку дзевяностых гадоў, — расказваў нам Канстанцін Аўласенка . — Год дваццаць таму паставіў на ім адрыну. Аднойчы прыйшлося яе падмурак пачаць рамантаваць, капнуў крышачку — і выкапаў сапог салдацкі, ды не толькі…
Па прызнанні Канстанціна Аўласенка, незвычайная знаходка спачатку спалохала, потым недзе з глыбінь душы паднялося адчуванне неабходнасці даведацца, што і адкуль.
—Я лічу, што ўсё ў жыцці звязана. Ведаеце, я не раз сабе задаваў пытанне: чаму, калі планаваў сядзібу, не паставіў гэтую адрыну метры на тры бліжэй. Гэта нашмат зручней бы было, але ж не… Тут, бачыце, агарод, лужок — і ўсё метра на тры да цяперашняга раскопа не даходзіць. Нездарма, відаць, і сапог гэты, толькі зараз мне паказаўся: мабыць нехта там (паказвае на блакітнае неба) вырашыў, што зараз мне трэба аддаць гэты чалавечы абавязак, — разважае Канстанцін Віктаравіч.
Дачка Ліза дапамагла звязацца з атрадам пошукавікоў. І зноў жа супадзенне: пошукавы атрад з Новаполацку толькі скончыў працу на Лёзненшчыне і павінен быў пераехаць на вахту ў Пастаўскі раён.
—Наш атрад «Разведчыкі воінскай славы» каля вёскі Альхавік Лёзненскага раёна знайшоў астанкі 180 пахаваных салдат. У гады Вялікай Айчыннай вайны там знаходзіўся 467-ы палявы рухомы шпіталь. З канца снежня 1943 па канец сакавіка 1944 года побач хавалі памерлых ад ран байцоў розных часцей і злучэнняў 33-й і 39-й армій. Згодна з архіўнымі дакументамі на полі былі пахаваныя 209 чалавек. Існуюць вельмі дакладныя журналы і дакументы са звесткамі, каго пахавалі, ад якіх ран памёр салдат, таму з упэўненасцю скажу, што працэнтаў 70-80 можна дакладна ўстанавіць, каго мы знайшлі, — тлумачыць кіраўнік праекта «Шануем і памятаем Беларусь» у структуры пошукавага атрада «Разведчыкі воінскай славы» Аляксандр Барысаў.
Дубровно,Осинторф, медальон, память, поисковики

Ён падрабязна расказаў пра тое, як яны прыехалі па запрашэнні ў Дубровенскі раён, не разлічваючы ні на што. Але ж першыя праверкі спецыяльным шчупам паказалі: гэта брацкае пахаванне.
—Прывязаўшы кропку, па геалакацыі мы налажылі сучасную карту мясцовасці на карту пасляваенных гадоў і на схемы, якія існавалі ў час вайны. Такім чынам мы вызначылі, што на гэтай мясцовасці было некалькі пахаванняў. Зараз па таму, што ўжо зной¬дзена, можна сказаць, што гэта — самае вялікае, — удакладняе Аляксандр Барысаў.
Пакуль ішла размова, у раскопе ні на хвіліну не спыняла работу кіраўнік атрада Святлана Камагорцава . Прыбор у яе руках пастаянна падаваў сігналы, кожны з іх — гэта на¬дзея, што пад цяжкім слоем мокрай гліны ляжыць салдацкі медальён.
—Калі пашанцуе ўстанавіць хоць адно імя, можна будзе даведацца і пра астатніх, пахаваных тут. Таму кожны медальён мы акуратна загортваем у гліну, нібы вяртаем у асяроддзе, дзе ён праляжаў з 1944 года, затым адправім на вывучэнне і расшыфроўку ў Мінск. Усяго знойдзена 6 медальёнаў, — адзначаюць пошукавікі.
Але звіняць не толькі медальёны. На лужку на брызенце ляжаць радкамі металічныя спражкі, кулі, гузікі, каскі. Пра салдацкае жыццё расказваюць падэшвы, скураныя шнуркі, драўляныя катушкі з-пад нітак, хімічныя карандашы, якімі гэтыя хлопцы калісьці пісалі лісты дамоў матулям і каханым. Маленькія і такія ёмістыя ў кантэксты рэчы. А яшчэ косці… Жудасна шмат касцей… Іх старанна адмылі ад зямлі і занатавалі… Па меркаванні пошукавікоў, было знойдзена 38 загінуўшых, з іх 15 афіцэраў…

Дубровно,Осинторф, медальон, память, поисковики

Вось тых, каму зараз дрэнна жывецца — па іх неабгрунтаваным меркаванні — трэба было б прывесці да гэтага раскопа, каб яны на свае вочы зазірнулі ў мінулае, адчулі подых смяротнага жаху тых, хто ішоў у атаку, незлічонае гора жанчын, якія страцілі сваіх родных, адзіноту асірацелых дзяцей, пачуццё абавязку і чалавечай годнасці тых, хто кожную хвіліну свайго жыцця аддае пошукавай справе. Мабыць, тады для іх стане зразумелым, як трэба цаніць і берагчы гэты мір, гэта жыццё…
Так, гісторыя — менавіта гісторыя Вялікай Айчыннай вайны — гэта не пра ўчора, гэта пра нас з вамі, пра тых, хто павінен ведаць, памятаць і быць удзячнымі.