Мастер спорта Юрий Свитин обладает искусством ушу-саньда

Дзіўна неяк усё атрымалася. Увайшлі ў рэдакцыю двое: адзін даўным-даўно мне знаёмы, Аляксандр Кундзікаў — начальнік райаддзела фізкультуры, спорту і турызму, і з ім — малады чалавек, падцягнуты, стройны, светлавалосы.
Калі ўсе прыселі, я так проста сказаў:

—Давайце, Аляксандр Іванавіч, сваю спартыўную інфармацыю… Толькі ж вы звычайна ўжо напісанае прыносіце.

—А цяпер, — паказаў рукой на малодшага таварыша, — няхай ён раскажа.

Я трохі здзівіўся і… стаў слухаць.

—У Віцебску прайшоў чэмпіянат вобласці па ушу-саньда.

—Я ўвогуле разумею, што гэта такое, а ўсётакі: што гэта такое?

—Гэта адзін з відаў усходніх адзінаборстваў, які ўключае ў сабе элементы боксу, кікбоксінгу і барацьбы.

—І як вы выступілі?

—Стаў чэмпіёнам вобласці ў сваёй вагавай катэгорыі да 65 кілаграмаў, пасля чаго атрымаў права выступаць на чэмпіянаце Рэспублікі Беларусь. Там я правёў чатыры баі. Тры з іх выйграў, у чацвёртым атрымаў траўму пляча. У выніку стаў толькі прызёрам чэмпіянату, заняўшы трэцяе месца.

—Гэта таксама высокае дасягненне. Ці вы ўжо прывыклі да высокіх поспехаў?

—Да поспехаў прывыкнуць нельга. Гэтага ніколі не павінна быць, інакш не будзе ніякіх поспехаў.

Вось я чатырохкратны чэмпіён Рэспублікі Беларусь па барацьбе ушу-саньда. Удзельнічаў у міжнародных турнірах. На чэмпіянаце Еўропы, які праходзіў у Маскве, заняў другое месца і выйшаў у фінал.

Я глядзеў на шчуплага з выгляду юнака, што сядзеў за сталом насупраць мяне, запісваў пачутае і, безумоўна, верыў кожнаму яго слову, а недзе ў душы ўсё ж бурліла нейкае сумненне.
Мы мо не адзін раз размінуліся з ім на дубровенскіх вуліцах і мне не кінулася ў вочы, што вось міма мяне прайшла не проста дубровенская, а ўсёбеларуская знакамітасць. Я нават не вытрмаў і ўважліва-уважліва паглядзеў на Аляксандра Кундзікава: маўляў, развейце мае сумненні…

—Усё, усё так, — здагадаўшыся, чаго я хачу, цвёрда запэўніў мяне Аляксандр Іванавіч.

Тады я не павёў размову далей, а пачаў яе, як гаворыцца, з самага пачатку. І вось што пачуў ад Юрыя Свіціна.

Нарадзіўся ён у Дуброўне ў 1981 годзе. Маці яго, Валянціна Васільеўна, працавала ў гандлі, цяпер на пенсіі. Бацька, Станіслаў Аляксандравіч, якога ўжо няма ў жывых, займаўся будаўніцтвам.

У Юрыя ёсць брат Аляксандр, таксама спартсмен, захапляецца барацьбой, і заваяваў тытул чэмпіёна Еўропы.

Юрый па-ранейшаму жыве ў Дуброўне, хоць і з’яўляецца членам зборнай каманды Рэспублікі Беларусь у сваім відзе спорту. Мяне зацікавіла, як жа жывучы ў Дуброўне, дзе па гэтай разнавіднасці адзінаборстваў нават секцыі няма,  можна з такім поспехам выступаць на прэстыжных спаборніцтвах?

—Наша з братам захапленне спортам заўсёды заахвочваў і падтрымліваў наш бацька, — расказвае Юрый. — Маці таксама адносілася і адносіцца да гэтага з адабрэннем.

Я захапіўся спортам з самага дзяцінства. Спачатку гэта была лёгкая атлетыка і першым маім трэнерам быў Аляксандр Іванаві Кундзікаў. Потым — вядомы ўсім у горадзе Юрый Уладзіміравіч Максак.

Я скончыў наша Дубровенскае прафтэхвучылішча і паступіў у Віцебскі педагагічны ўніверсітэт імя П.М.Машэрава. З лёгкай атлетыкай развітаўся і інтэнсіўна пачаў займацца кікбоксінгам.
—Вы ведаеце, калі я па тэлевізары гляджу паядынкі спартсменаў-адзінаборцаў, у мяне дух замірае. Трэба быць вельмі мужным чалавекам, каб рашыцца на такую барацьбу.

—Ну што ж, гэта не шахматы, але што каму дадзена… Я пачаў займацца кікбоксінгам і ўжо ў першы год стаў чэмпіёнам вобласці, потым — чэмпіёнам рэспублікі, ездзіў на міжнародныя спаборніцтвы.

—І ўсё ж як вы ў Дуброўне падтрымліваеце такую высокую форму?

—Я жыву ў родным горадзе з маці, пакуль нежанаты. Заняткам  спортам надаю першаступеннае значэнне. Пакуль у Дуброўне была школа-інтэрнат, я там два гады вёў гурток па кікбоксінгу. За гэты час падрыхтаваў трох прызёраў абласных і аднаго фіналіста рэспубліканскіх спаборніцтваў. Нярэдка сам выступаў у ролі спарынг-партнёра сваіх выхаванцаў, вядома, не ў поўную сілу, бо так можна і пакалечыць хлапчука.

Цяпер маімі трэнерамі з’яўляюцца мой брат Аляксандр і Аляксей Шашко. Гэта калі перад адказнымі спаборніцтвамі нас выклікаюць на зборы. Там сярод такіх, як сам, трэба выкладвацца па поўнай праграме. Такога зараду хапае надоўга, вядома, калі не расслабляцца дома, чаго я ніколі не дапускаю. Вы ведаеце, жыве ў мяне ў душы мара прабіцца ад сваёй краіны на чэмпіянат свету і там добра праявіць сябе…

—Гэта вельмі смелая мара…

—Нясмелым у спорце, асабліва ў нашых відах спорту, рабіць наогул няма чаго. Напрыклад, яшчэ я хачу, як чэмпіён вобласці, трапіць на чэмпіянат рэспублікі па рукапашнаму бою, калі такі чэмпіянат будзе праводзіцца… І яшчэ жыве ў душы адна мара.

—Якая, калі не сакрэт?

—Ніякага сакрэту, пра яе мне хочацца сказаць як мага гучней. Хачу я ў нашым горадзе стварыць спартыўную секцыю па адзінаборству ушу-саньда. У Дуброўне шмат таленавітых рабят і я ўпэўнены, гэты від адзінаборства ім бы спадабаўся…

—А як з асноўнай работай?

—Я працую цяпер наладчыкам швейнага абсталявання і адно другому не перашкодзіць.

—Але для занятку секцыі патрэбна памяшканне, для яе кіраўніка — пэўная аплата працы.

—Аляксандр Іванавіч маё жаданне падтрымлівае, а гэта што-небудзь ды значыць…

Я зноў звярнуўся да А.І.Кундзікава.

—Юрый прапануе добрую справу, я проста абавязаны яе падтрымаць. Гэты навучальны год заваяршыўся, але падрыхтоўчую работу можна будзе пачынаць, каб адкрыць секцыю ў наступным навучальным годзе. Юру я добра ведаю, веру ў яго магчымасці і здольнасці.

Я бачыў Юрыя Свіціна ўпершыню, але яго валявы  твар, цвёрды, рашучы голас гаварылі за тое, што гэтаму юнаку сапраўды можна верыць.

Фёдар КУЛАКОЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *