Дубровенский райисполком: «Решаем проблемы вместе!»

Дубровно, регион, месячник, люди, проблемы, решения, властьУ Віцебскай вобласці і, адпаведна, ў нашым раёне з 15 верасня па 15 кастрычніка праводзіцца месячнік па рабоце з насельніцтвам. Згодна з планам абласных мерапрыемстваў месячніка, распрацаваны і зацверджаны план правядзення сустрэчы раённага кіраўніцтва з працоўнымі калектывамі, грамадскасцю горада і раёна.

Першым у гэтым спісе значыцца старшыня раённага выканаўчага камітэта Анатолій Іванавіч Лукашоў, затым — яго намеснікі, начальнікі ўпраўленняў і аддзелаў райвыканкама, нарэшце — старшыні сельвыканкамаў, кіраўнікі буйнейшых прадпрыемстваў і ўстаноў сацыяльнай сферы.

У пачатку месячніка запланаваныя сустрэчы адбыліся ў калектывах аўтамабілістаў, дарожнікаў, камунальнікаў, будаўнікоў ПМК-53, ільнозавода і жыхарамі заводскага пасёлка. У час сустрэчы было выказана нямала прапаноў, зададзена канкрэтных пытанняў, па якіх ці прымалася рашэнне адразу, ці даваліся тлумачэнне або даручэнне кіраўнікам службаў і ведамстваў на іх выкананне.

Вядома, усе пастаўленыя пытанні пералічыць немагчыма, спынімся на некаторых з іх, якія былі зададзены пры сустрэчы з ільнозавадчанамі, дзе, акрамя мясцовага кіраўніцтва, прысутнічалі асобныя кіраўнікі абласнога звяна.

Вольга Іванаўна Мяргур’ева выказала калектыўную просьбу аб неабходнасці добраўпарадкавання пад’езда да дома № 20 па завулку Заводскаму. Даручэнне па выкананню калектыўнай просьбы было дадзена намесніку старшыні райвыканкама Аляксандру Аляксеевічу Шатраўку і дырэктару УП ЖКГ “Дуброўна-Камунальнік” Раману Леанідавічу Самажонаву. Просьба была выканана аператыўна і ў шырокім аб’ёме: у мікрараёне “Заводскі” заасфальтаваны дваровыя тэрыторыі дамоў №№ 13, 13а, 13б, 11, 18, 14, 20 і іншых.

Другая работніца льнозавода Валянціна Аляксандраўна Крапочына паскардзілася, што па тэрыторыі мікрараёна носяцца цэлыя зграі бадзяжных сабак, што не проста страшна, а небяспечна для дзяцей, жанчын, ды і для ўсіх жыхароў. У хуткім часе з УП ЖКГ “Дуброўна-Камунальнік” у райвыканкам паведамілі, што ў заводскім мікрараёне адстраляна 18 сабак.
Дарэчы, гэта пытанне не такое ўжо дробязнае для нашага райцэнтра, ставілася не адзін раз і не адзін год жыхарамі розных куткоў горада. Вось толькі вырашаецца яно не заўсёды эфектыўна.

Але заўсёды трэба спадзявацца на лепшае. Як сказалі мне ў аддзеле ідэалагічнай работы райвыканкама, які якраз і займаецца арганізацыяй такіх сустрэч, да надыходу зімы пытанні добраўпарадкавання будуць займаць вядучае месца.

—Сёлета, — гаворыць начальнік аддзела ідэалагічнай работы Ірына Сяргееўна Кантроўская, — добраўпарадкаваны дваровыя тэрыторыі мікрараёнаў “Бярозкі” і “Заводскі”. На 2011 год у план добраўпарадкавання будзе ўключаны мікрараён “Будаўнік”. Канешне, у каго на ўездзе ў двор ці ў двары глыбокія ямы, выбоіны, таму хацелася б, каб усё гэта было ліквідавана, выраўнена, заасфальтавана неадкладна. На жаль, на ўсё адразу не хапае матэрыяльных сродкаў, таму і робіцца ўсё па чарзе…

…Што ж, людзей можна зразумець, але і людзі павінны разумець рэальную абстаноўку.

Здаецца, набліжаецца зіма, а Наталля Мікалаеўна Раманоўская ставіць пытанне аб абсталяванні дзіцячых гульнёвых пляцовак у мікрараёне “Заводскі”. Помніцца, аб гэтым ішла гаворка яшчэ вясной на адной з нарад у старшыні райвыканкама. Прайшло лета, а да гульнёвых пляцовак для дзяцей у дарослых “рукі не дайшлі”.

Цяпер дырэктар УП ЖКГ “Дуброўна-Камунальнік” Раман Леанідавіч Самажонаў тлумачыць:
—Закуплена некалькі камплектаў абсталявання для гульнёвых пляцовак, куды ўваходзяць горкі, арэлі, каруселі, турнікі, “змейкі”, баскетбольныя кольцы, пясочніцы, ці, па скарочанаму варыянту, не ўсё з пералічанага.
Ужо ў кастрычніку пачнецца і будзе поўнасцю выканана “обустройство” дзіцячай пляцоўкі ў мікрараёне “Бярозкі”. На чарзе — мікрараёны “Будаўнік”, “Заводскі”, жылы масіў па вуліцы Смірнова. Чаму пачынаем займацца гэтым восенню? Ды таму, што вясной на камунальнікаў навальваецца столькі самых неадкладных работ, што адарвацца на дзіцячыя пляцоўкі будзе няпроста…

У час сустрэчы з працоўнымі калектывамі і насельніцтвам просьбы і пажаданні ўсплываюць самыя розныя. Хтосьці просіць змяніць графік збору бытавога смецця, хтосьці — палепшыць жыллёвыя ўмовы маці-адзіночкі. Паступае прапанова набыць для цэнтральнай раённай бальніцы рэнтгенаўскі дыягнастычны апарат і арганізаваць у ЦРБ работу прысылаемых з абласнога цэнтра ўрачоў вузкіх спецыяльнасцей вахтавым метадам. Але арганізаваць дакладна, каб хворыя маглі трапіць да іх на прыём у строга вызначаны дзень і час. Просяць абсталяваць аўтобусны прыпыначны павільён па вуліцы 70 год Кастрычніка. Просяць выдзеліць ільготны крэдыт на рамонт непрыватызаванай дзяржаўнай кватэры і г.д.

Разгляд і вырашэнне ўзнятых пытанняў ускладзены на намесніка старшыні райвыканкама С.В.Рыжанскую, галоўнага ўрача ўстановы аховы здароўя “Дубровенская ЦРБ” В.В.Тамашэвіча, дырэктара ААТ “Дубровенскае АТП № 12” А.Д.Апекіна, іншых службовых асоб. А, напрыклад, наконт ільготнага крэдыту чалавеку трэба даць тлумачэнне, кансультацыю.

—Адказы на звароты, якія паступаюць пры правядзенні выязных прыёмаў,— гаворыць начальнік аддзела ідэалагічнай работы Ірына Сяргееўна Кантроўская, — накіроўваюцца заяўніку і ў аддзел прававога забеспячэння, па рабоце са зваротамі грамадзян і насельніцтва ва ўстаноўленыя тэрміны.

Між тым, есячнік па рабоце з насельніцтвам працягваецца. А гэта — новыя выезды, новыя сустрэчы з людзьмі, іх пытанні і прапановы, якія нельга пакінуць без увагі. Мы будзем інфармаваць чытачоў “Дняпроўскай праўды” аб ходзе месячніка, аб тым, што робіцца і будзе зроблена.

Фёдар КУЛАКОЎ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *