«Днепровская правда» поздравляет Лидию Чепелову с юбилеем!

Дубровно, Днепровская правда, Днепровка, газета, журналист, жизнь, 55 лет, юбилей, день рождения, Лидия Чепелова

Шаноўная Лідзія Рыгораўна!

Шчыра і сардэчна віншуем Вас с днем нараджэння! Жадаем заўсёды быць аптымісткай, з маладым задорам і добрым настроем гля-дзець у будучае. Няхай жыццё дорыць толькі шчаслівыя і радасныя дні, а поспех будзе заўжды Вашым спадарожнікам.
Жадаем шчыра шчасця Вам,
І запаветных мар здзяйснення.
Яшчэ — каб рос на злосць гадам
Запас бадзёрасці, натхнення.
І каб у працы плён заўжды
Багаты быў і людзям мілы,
І каб ні смутку, ні бяды
Нішто ніколі не чыніла.
Няхай турбот будзённых цень
Не здасца грузам надта цяжкім,
Няхай прыносіць кожны дзень
Вам толькі поспех, радасць, шчасце!

З павагай калектыў рэдакцыі газеты “Дняпроўская праўда”

Першыя крокі

Ліда ўвайшла ў мой кабінет моцна ўзрушаная, на мілым дзявочым твары яшчэ не ўлягліся сляды абурэння і гневу. Тое ж было і ў душы.
—Я не магу такое прамаўчаць і прабачыць, — з парога пачала яна, — Валодзя на паўдарозе перарваў маю паездку па калгасе, змусіў вярнуцца ў Дуброўну. Я вымушана была скарыцца, каб не дабірацца назад адной, незнаёмымі мне мясцінамі, праз лес, усё-такі я — дзяўчына. У камандзіроўку нас адпраўлялі вы, вось і прашу разабрацца…

Разбірацца мне, намесніку рэдактара, выконваючаму на той час рэдактарскія абавязкі, было проста, але не вельмі лёгка. З рэдакцыйным вадзіцелем Валодзем, маладым і гарачым, нас звязвалі, скажам так, службова-сяброўскія адносіны. У той жа час ясна была відна правата маладой работніцы рэдакцыі, загадчыка аддзела сельскай гаспадаркі Лідзіі Рыгораўны, камандзіраванай на гэты раз у калгас “Праўда”. Яна не паспела выканаць намечанае, наперадзе была яшчэ адна размова, як Валодзю “загарэлася” імчацца па сваіх справах назад, разлічваў, і так паспеюць да абеду. Але ў рэдакцыі ненарміраваны рабочы дзень, да таго ж, вадзіцель абавязаны падпарадкоўвацца таму, каго вязе па службовых абавязках…

Я сабраў сход, выслухалі абодвух, усе былі на баку Ліды; я прылюдна абвясціў прынятае рашэнне: за парушэнне дысцыпліны і непавагу да таварыша па рабоце вадзіцелю аб’яўляецца вымова. Валодзя, астыўшы, успрыняў гэта як належнае, з Лідай у іх устанавіліся добрыя, прыязныя адносіны. А ў калектыве зразумелі, што Ліда — дзяўчына з характарам і з гэтым трэба лічыцца.

Што з характарам — гэта добра, слабавольным, мяккацелым у нашай прафесіі вельмі няўтульна ці наогул няма чаго рабіць. Журналістыка толькі на першы погляд ахутана рамантыкай, а калі прыглядзецца бліжэй, дык яна яшчэ і ўтыкана калючкамі, як прыгожая ружа…

Праз гады, праз адлегласці…

Лідзія Рыгораўна нарадзілася ў 1956 годзе ў вёсцы Гавязна (зараз — Навапольцы) Стаўбцоўскага раёна, на Міншчыне. Рана адчула цягу да творчасці, гэтая цяга пасля школы прывяла яе на факультэт журналістыкі Белдзяржуніверсітэта імя У.І.Леніна. Для вясковай дзяўчыны — крок смелы, рашучы.

Пасля заканчэння журфака — накіраванне ў Дуброўну, у рэдакцыю раённай газеты “Дняпроўская праўда”. Для дзяўчыны з універсітэцкім дыпломам невялікі раённы цэнтр і сельскі раён нічога незвычайнага не ўяўлялі, усё было вядома і блізка з дзяцінства, усё пачыналася ад бацькоўскага парога.

Тут жа, у Дуброўне, ад высокага рэдакцыйнага ганка дарогі вялі-разбягаліся ў розныя бакі і на кожнай былі сустрэчы з цікавымі людзьмі, з былымі і цяперашнімі падзеямі, з багатай гісторыяй гэтай каларытнай старонкі.

Вось дык прафесія!

Ох, і пакалясіла ж маладая журналістка па гэтых дарогах, намотваючы на спідометр рэдакцыйнага аўтамабіля сотні і сотні кіламетраў адлегласці, а ў памяць і розум — назіранні і вопыт, на газетныя палосы (старонкі) — дзесяткі самабытных матэрыялаў.

Прыпомніць хоць бы адзін — пра жывёлаводаў фермы вёскі Коршыкава саўгаса “Зарубы”. Ферма была на віду, бо быў там загадчыкам фермы не малады ўжо, але апантаны ў працы чалавек Фёдар Новікаў, ён і калектыў такі падабраў, адсюль і поспехі.

А Ліда глыбока праніклася, душой спасцігла дружбу і еднасць гэтай невялікай групы людзей, зразумела іх радасці і засмучэнні не толькі вытворчага плана і выдала ўсё гэта ў сваёй раённай газеце.

Такія яе матэрыялы, прадуманыя, прапушчаныя праз сэрца, сталі звыклымі, сталі нормай для рэдакцыі і газеты. А для Лідзіі Рыгораўны — правілам без выключэння на ўсё жыццё: калі збіраеш, набіраеш матэрыял — не спяшайся (адсюль і канфлікт з вадзіцелем), а калі пішаш — не забывай, што ты ў адказе за кожнае слова, якое разыходзіцца па ўсім раёне.

І я вельмі разумею Лідзію Рыгораўну, калі яна, ужо на пасадзе галоўнага рэдактара, добразычліва гаварыла пры мне новай супрацоўніцы (мы сядзелі з гэтай супрацоўніцай у адным кабінеце):

—Табе трэба яшчэ раз пабываць у гэтым калектыве, больш пагаварыць з радавымі работнікамі, а не толькі з начальнікам. Тады і матэрыял не будзе такі аднатонны, у ім з’явяцца новыя нюансы, адценні і фарбы. Без гэтага нам нельга.

Я і цяпер чытаю напісанае і надрукаванае ў “Дняпроўскай праўдзе” Лідзіяй Чапяловай. Піша многа, піша разгорнута, аб’ёмна. Але аб’ёмна — не проста па размеру, а па зместу, па напоўненасці жыццём, фактурай, адценнямі і фарбамі. Тут — што ад прыроды, што ад вялікага жыццёвага і прафесійнага вопыту, а ўсё разам — гэта яе крэда: пісаць — пішы, ды людзей не насмяшы. Патрабаванне — да сябе і да тых, хто быў з ёй побач.

Было, аднойчы мяне істотна “паправіла”, калі я падрыхтаваў інтэрв’ю з галоўным урачом цэнтральнай раённай бальніцы. Мелкавата ёй падалося. Што ж, з урачами бальніцы я не сутыкаўся (у сэнсе выканання імі прафесійных абавязкаў), а ёй даводзілася, і яна бачыла глыбей. Я не пакрыўдзіўся. А завошта?

Дубровно, Днепровская правда, Днепровка, газета, журналист, жизнь, 55 лет, юбилей, день рождения, Лидия Чепелова

Усюды разам

Некалі мы нароўні з усімі ўстановамі райцэнтра прымалі удзел у сельгасработах. Ад вясны да восені. Ад пераборкі да ўборкі бульбы, ад пад’ёму і здачы на завод ільнотрасты, ад праполкі да ўборкі і адпраўкі на фермы рапсу, затым буракоў.

Працавалі, каб не сорамна было перад іншымі і перад сабой. Тадышні рэдактар, франтавік Аляксандр Фядотавіч Агурцоў браў з сабой у дапамогу па праполцы буракоў жонку, “здавацца” перад намі, маладымі, не хацеў.

А маладых не трэба было падахвочваць, яны самі сабе задавалі тон. Наперадзе ішлі былыя вясковыя дзяўчаты, былыя карэктар Жанна Мікалаеўна Вятошкіна, тэхнічка-кур’ер Марыя Іванаўна Сіманькова і, вядома ж, творчы работнік Лідзія Рыгораўна. Рослая, дужая, яна вясковую гэту работу рабіла на дзіва лёгка, проста прыгожа.

Неяк на бураках у калгасе імя ХХ з’езда КПСС, за вёскай Дзяцель, я загаварыў з ёй на блізкую для многіх з нас тэму:

—У родных Навапольцах часта бываеш? Прыгожая ж, казалі, вёска…

—Прыгожая… І дом бацькоўскі прыгожы… Ды вы ведаеце, што бацькоў маіх ужо няма, іх рана не стала. Брат застаўся. Вось мяне і не вельмі цягне ў апусцелы для мяне бацькоўскі кут. Так, бываю зрэдку, прыпамінаю свае сцежкі-дарожкі…

Такія знаёмыя для нас многіх цяперашніх гараджан, матывы. А я ў размовах з Лідзіяй Рыгораўнай гэтай тэмы больш не кранаўся, навошта бярэдзіць рану?

А працавітасць яе не паказушная, а прыродная, пэўна, ад бацькоў перайшла. Прывязуць у рэдакцыю вугаль ці торфабрыкет, трэба яго ў склад “укінуць”, выходзіць з ахвотай, “кідае” ў прыклад іншым.

Чаму “выходзіць з ахвотай”? Ды таму, што прапусціўшы пасля А.Ф.Агурцова яшчэ двух рэдактараў, Лідзія Рыгораўна сама стала галоўным рэдактарам газеты “Дняпроўская праўда”. Было гэта восенню 2001 года. Дык магла б сама і не груцца, каб перакідваць торфабрыкет, прыбіраць двор, садзіць кветкі. А яна выходзіла першай, з вечара ці з ранку папярэдзіўшы ўсіх.

—З абеду прыходзьце ўсе ў рабочым адзенні, хто жыве бліжэй — са сваім інвентаром…

Так пад вокнамі рэдакцыі летам штогод стала квітнець прыгожая клумба, з’явіліся месцы для адпачынку ў абед са столікамі і лаўкамі.

І ў будынку самой рэдакцыі больш павеяла хатнім духам.

Эх, жаночае шчасце!

Па прыездзе ў Дуброўну Ліда жыла ў інтэрнаце мехкалоны меліяратараў, ад рэдакцыі гэта — за Дняпром, не далёка і не блізка, так прайсціся ў ахвоту. І стала гэта дарога для яе штодзённай, знаёмай і звыклай на цэлыя дзесяцігоддзі. Вясной ламаў лёд і разліваўся Дняпро, зацвіталі сады, зімой усё хавалася пад снегам і ўсё роўна было велічна і прыгожа.

У інтэрнаце Ліда сустрэла віднага сабой хлопца Аляксандра Чапялова з вёскі Чырына і ў хуткім часе стала Лідзіяй Чапяловай. Неўзабаве адна за другой з’явіліся дзве дачушкі-шчабятушкі — Вольга і Насця, — вялікі мацярынскі клопат і яшчэ большае мацярынскае шчасце. Маладой сям’і далі кватэру, і ўсё пайшло на добры лад.

У Лідзіі Рыгораўны ніколі не было і следу лёгкадумнасці, а тут яна яшчэ больш пасталела, стала сапраўднай жанчынай-маці. Для дачушак сваіх аддавала ўсё, што магла. У сярэдняй школе № 2, дзе яны вучыліся, ведала ўсіх настаўнікаў, потым зведала дарогу ў медыцынскі і тэхналагічны ўніверсітэты горада Віцебска, куды паступілі яе здольныя дзяўчаткі. Цяпер старэйшая знаходзіцца ў працяглым водпуску, гадуе сынка Ягорку, сваю і бабуліну радасць, малодшая працуе па набытай спецыяльнасці на адным з прадпрыемстваў Магілёва.

Да новых перамог…

Можна сказаць “Мои года — мое богатство” тады, калі маеш на гэта права, калі пражытыя гады не былі растрачаны ўпустую. З-за сціпласці Лідзія Рыгораўна пра сябе так, мусіць, не скажа, хіба што падумае, а я вось скажу за яе, бо ёсць што сказаць.

Была загадчыкам аддзела сельскай гаспадаркі, добра спраўлялася. Стала на прыступку вышэй — адказным сакратаром рэдакцыі, гэта значыць, адказнай за ўсю газету амаль у такой жа меры, як і рэдактар. І за змест матэрыялаў, і за афармленне, і за пісьменнасць газеты ў цэлым — за кожную памылачку — адказны. Дык скажу лёгкім каламбурам: Лідзія Рыгораўна ўсё рабіла з вялікім пачуццём адказнасці. А калі ўжо вельмі дапякаў тагачасны рэдактар Уладзімір Шаўчэнка, магла зайсці да мяне і ціхенька паплакаць, было такое.

Да аднаго са святаў 8 сакавіка Лідзіі Рыгораўне было прысвоена званне жанчыны года Віцебскай вобласці, пра яе расказвала абласная газета. Што і казаць, прыгожае, пачэснае званне. Прысвойваецца не навечна, а помніцца будзе заўжды.

У яе бытнасць галоўным рэдактарам “Дняпроўская праўда” была адзначана на абласным узроўні, як вялікая прыхільніца і захавальніца беларускай мовы, яшчэ былі адзнакі і ўзнагароды “ДП”, ды па памяці я іх называць не бяруся. Усе яны — добрае дапаўненне да былых узнагарод газеты, і мне вельмі хочацца, каб паслужны спіс маёй любімай дубровенскай раёнкі павялічваўся, рос, каб панаваў там здаровы дух творчага спаборніцтва.

Хочацца і яшчэ аднаго. Усё працоўнае жыццё Лідзіі Рыгораўны, ажно да пенсійнага ўзросту, прайшло ў рэдакцыі “Дняпроўскай праўды”. Тут на яе была заведзена і тут нязменна захоўваецца яе працоўная кніжка. Ну дык няхай і яшчэ паляжыць. А Лідзія Рыгораўна паходзіць штодзень такой знаёмай і звыклай дарогай. Праз мост, дзе вясной разліваецца, а зімой стыне пад снегам і лёдам Дняпро. Па задняпроўю, дзе ў садах спяваюць-свішчуць шпачкі і чырвонымі бусінкамі зіхацяць вішні, дзе ў мікрараёне “Будаўнік” стаіць шматпавярховы дом, які ўмясціў і добрае, і сумнае — усё, што было і будзе ў яе жыцці. Няхай светлага, добрага будзе больш!

Фёдар КУЛАКОЎ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *