Сонечныя чэрвеньскія дні падарылі ўдзельнікам і гасцям XXVI Міжнароднага фестывалю песні і музыкі «Дняпроўскія галасы ў Дуброўне» незабыўную атмасферу дружбы, творчасці, натхнення.
Важная падзея ў культурным жыцці Віцебшчыны на працягу дваццаці шасці гадоў аб’ядноўвае аматараў вакальнага, інструментальнага, харэаграфічнага мастацтва з розных краін свету, дзе кожны калектыў эксклюзіўны ва ўсім: гісторыя, касцюмы, яркія і самабытныя, у якія ўкладзена пэўнае значэнне, што адрознівае ад іншых.
Фестываль не толькі дапамагае рэалізаваць творчыя планы, але і служыць яднанню народаў.
Задоўга да пачатку песеннага форуму свята ахапіла сваёй плынню амаль кожны куток горада: дзіцячыя гульнёвыя пляцоўкі, кірмаш сувенірнай прадукцыі, конкурсы і забавы.
У суботу раніцай на цэнтральнай плошчы горада работалі тэатралізаваныя падвор’і «Дубровеншчына гасцінная». Падворак журавін, хлеба, бульбы, рыбака і рыбкі сельскіх дамоў культуры і сельсаветаў, а таксама падворак Дубровенскага ільнозавода, цэнтра дзяцей і моладзі і іншых арганізацый і ўстаноў раёна сталі яркім упрыгожваннем другога дня фестывалю. Майстры самых розных тэхнік і рамёстваў збіралі вакол сваіх вырабаў прыхільнікаў ручной работы. Куды ні зазірні, своеасаблівы каларыт, разнастайнасць пачастункаў і сардэчны прыём.
Падворак сярэдняй школы №1 г.Дуброўна ў тэматыцы савецкага мастацкага фільма «Белыя росы» прыцягваў увагу многіх гасцей. Не пакінуў без увагі падворак і сам аўтар сцэнарыя фільма, ураджэнец Дубровеншчыны Аляксей Дудараў, які ў гэты святочны дзень наведаў малую радзіму.
У рамках фестывалю на галоўнай сцэнічнай пляцоўцы прайшло свята-конкурс аркестраў народных інструментаў «Спяваем з аркестрам». Гукі разнастайных музычных інструментаў даносіліся з розных куткоў горада — творчыя пляцоўкі працавалі ў дзіцячым парку, каля музычнай школы, Дома культуры, будынка Белдзяржстраху, загса. Кожны з 16 калектываў падрыхтаваў па тры нумары: інструментальнае выкананне, вакал і чытальнікі. Рэпертуар быў прысвечаны 75-годдзю вызвалення Беларусі.
Прыемна адзначыць, што сярод пераможцаў конкурсу — дзіцячы ўзорны аркестр баянаў (кіраўнік М.Дзікарава) і ансамбль настаўнікаў «Дняпроўскія перазвоны» дзіцячай школы мастацтваў г.Дуброўна. У прадстаўленых намінацыях яны занялі другія месцы.
У праграме конкурсу таксама былі дапаўненні: дэкламацыя пад аркестр, дзе музыкі павінны былі адчуваць чытальніка. Дэкламатар Варвара Парфененка ў суправаджэнні аркестра заняла другое месца. А дэкламатар Аксана Анікеева стала пераможцам конкурсу.
У рамках фестывалю прайшоў VI раённы мастацкі пленэр «Дубровенскія краявіды». Гран-пры конкурсу атрымаў Васіль Сватоўскі. У намінацыі нацыянальнае ўвасабленне ў вобразе малой радзімы пераможцам стала Алёна Гілясева. Першае месца ў намінацыі «Дубровенская прырода» заняла Галіна Прышчэпава, у намінацыі гісторыка-культурная спадчына Дубровеншчыны — Вольга Аляксеева.
У прасторным шатры размясціліся ўдзельнікі свята-конкурсу аднаго з галоўных брэндаў фестывалю — лялька «Дубравушка», якой сёлета споўнілася дваццаць гадоў. Кожны жыхар і госць горада ў гэты дзень мог убачыць выставу конкурснага праекта традыцыйнай лялькі «Дубравушка», прадстаўленай ў будынку райвыканкама. Дарэчы, сёння калекцыя лялек налічвае ўжо 190 адзінак. Майстры з Беларусі, Расіі, Рэспублікі Татарстан і іншых краін падчас фестывалю выраблялі ляльку, дзе ў нядзелю былі падведзены вынікі і вызначана пераможца. Ёю стала майстар з Дуброўна Святлана Дземянкова.
Адной з галоўных падзей XXVI фестывалю ў Дуброўна стала адкрыццё выстаўкі «Біблія для народа» ў раённым гісторыка-краязнаўчым музеі, прысвечаная 325-годдзю гравіраванай бібліі, вырабленай нашым суайчыннікам Васілём Коранем.
Адкрыў фестываль канцэрт «Фестываль, вясёлай песняй звіні!». На галоўнай сцэне прайшоў канцэрт-прэзентацыя калектываў-удзельнікаў фестывалю «Гасцей сустракае дубровенскі край!». Прывітальныя словы ўдзельнікам фестывалю прагучалі ад імя Міністра культуры Юрыя Бондарава. Віншавальны адрас перадаў дубровенцам і гасцям фэсту Іван Галабурда, кансультант упраўлення культуры і народнай творчасці галоўнага ўпраўлення культуры і аналітычнай работы Мністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.
Старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Ула¬дзімір Цярэнцьеў, звяртаючыся да гасцей свята, пажадаў далейшага развіцця фестываля, які стымулюе і развіццё Дубровеншчыны.
Старшыня Дубровенскага райвыканкама Алег Лындзін падзякаваў усім, хто прыязджае на фестываль і гэтым мацуе сяброўства паміж народамі, зберагае памяць аб агульнай гісторыі. Менавіта гэтай тэме былі прысвечаны мерапрыемствы, якія завяршылі першы фестывальны дзень.
Значнай фестывальнай падзеяй, прысвечанай Году малой радзімы і 75-годдзю вызвалення Беларусі, стаў паказ спяктакля «Не пакідай мяне» з удзелам вядомага драматурга, ураджэнца в.Кляны Дубровенскага раёна Аляксея Дударава.
Увечары каля помніка Ганне Нікандравай адбыўся мітынг-рэквіем, прысвечаны 75-годдзю вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
На мітынге старшыня Дубровенскага раённага Савета дэпутатаў Алена Ціханава падкрэсліла, што вызваленне раёна, пабеда ў Вялікай Айчыннай вайне — гэта сумесны подзвіг сыноў і дачок розных нацыянальнасцей. Яна адзначыла, што дубровенцы пры падтрымцы ўлады робяць усё, каб данесці памяць да наступных пакаленняў. Удзельнікі мітынга ўсклалі кветкі да помніка воінам-вызваліцелям.
А народны вакальна-інструментальны ансамбль «Аўрум» падарыў гасцям канцэрт-віншаванне «Пад мірным небам Беларусі». У гэты ж дзень у Дамах культуры аграгарадкоў прайшлі канцэрты калектываў-удзельнікаў фестывалю. Так, артысты ансамбля народнага танца Рэспублікі Малдова прадэманстравалі сваё майстэрства ў аг.Якубава, жыхароў аг.Станіславова радавалі артысты з Латвіі. Ансамбль народнай песні «Акарына» Рэспублікі Польшча выступіў у аг.Сіпішчава. Не менш цікавымі былі канцэрты і на астатніх 10 пляцоўках у іншых аграгарадках.
У нядзелю ўрачыстасці традыцыйна пачаліся з тэатралізаванага шэсця калектываў ўдзельнікаў фестывалю па вуліцы Камсамольскай. У гэты дзень самадзейныя калектывы з Беларусі, Расіі, Татар¬стана, Польшчы, Малдовы, Латвіі і Літвы прадэманстравалі свае мастацкія дасягненні на сцэне гарадскога стадыёна, дзе адбыўся гала-канцэрт з удзелам Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г.І.Цітовіча. Пасля чаго прайшла цырымонія ўзнагароджвання калектываў.
Увечары яркім акордам фестывалю стаў канцэрт артыстаў эстрады Беларусі — групы “Дразды” — і святочны салют, што ўпрыгожыў неба Дубровеншчыны.