В 1940-х годах дубровенец Алексей Кулешов обезвредил более 500 противопехотных мин

Дубровно, Дубровенский район, Великая Отечественная война, солдат, сапер, мина, разминирование, смерть, жизнь, 1944, 1945, Алексей Кулешов, 9 мая

З кожным годам усё меней застаецца ветэранаў і ўдзельнікаў вайны. Да ліку апошніх аднесены тыя, хто пасля вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у 1944 годзе займаліся размініраваннем, абясшкоджваннем выбухова-небяспечных боепрыпасаў, якімі багата была начынена тэрыторыя раёна, паколькі на ёй на працягу 9 месяцаў стаяў фронт.

Адзін з размінёраў таго часу жыве ў вёсцы Быстрыеўка. Гэта Аляксей Давыдавіч КУЛЯШОЎ. З ім адбылася наша размова напярэдадні 67-й гадавіны Перамогі над нямецка-фашысцкімі захопнікамі.

Аляксею Давыдавічу Куляшову летам сорак чацвертага года, калі быў вызвалены раён, споўнілася васемнаццаць гадоў. Атрымаў павестку з’явіцца ў райваенкамат, які набіраў групу мужчын для абучэння навыкам і правядзення работ па размініраванню.

—Дарослыя мужчыны ўсе былі на фронце, а такія як я, вярталіся з бежанцаў ў нашы спаленыя і разбурананыя родныя вёскі, — успамінае Аляксей Давыдавіч.

—Абучэнне праходзіла непасрэдна ў райваенкамаце, у групе нас было 20 чалавек. Бывалыя сапёры з ліку ваеннаслужачых крыху расказалі нам аб прынцыпе работы мінашукальнікаў, папярэдзілі аб небяспецы, якая падсцерагае цябе на кожным кроку, далі зразумець, што размінёр, як і мінёр памыляецца толькі адзін раз…

Два гады хадзіў Аляксей Куляшоў па палях і спаленых вёсках раёна з мінашукальнікам…

—Кожны з нас, — гаворыць ён, — адпраўляючыся раніцай на работу па абясшкоджванню супрацьпяхотных або супрацьтанкавых мін, у душы спадзяваўся, што вечарам вернецца дамоў, што бяда абыйдзе яго бокам. Яна ж абыходзіла не ўсіх…

Падарваўся на міне яго лепшы сябар з вёскі Міхалінава, затым яшчэ адзін размінёр з вескі Баброва. На іх месцы прыходзілі новыя размінёры і ўсё паўтаралася спачатку…

Аляксею Куляшову і Уладзіміру Гудына з вёскі Чырына, Фёдару Сулімаву пашанцавала. Убіраючы з палёў смертаносную начынку, яны не памыліліся ні разу. Сам жа ён лічыць, што Бог іх пашкадаваў, па яго літасці яны засталіся жывымі.

Аляксей Давыдавіч Куляшоў абясшкодзіў больш за 500 супрацьпяхотных мін, за што кіраўнік групы размінёраў Салаўёў “выпісаў” яму прэмію ў суме 500 рублёў і прапанаваў больш не займацца гэтай работай, не выпрабоўваць у чарговы раз свой лёс. Да таго ж вайна закончылася: радасную вестку аб перамозе дубровенскія размінёры пачулі ад вайскоўцаў на мінным полі пад вёскай Гарманы. Радасці не было межаў, кожны думаў, што пасля таго, як закончылася вайна, усё жыццё пойдзе па-другому.

Сапраўды, так і было. Аляксей Куляшоў стаў курсантам школы фабрычнага навучання, пасля яе заканчэння працаваў ў Данбасе, потым быў прызваны на службу ў арміі.

Пасля службы яго зноў пацягнула на малую радзіму, у ціхую вёсачку з прыгожай назвай Быстрыёўка, якая ў даваенныя вёсны штогод апраналася ў квецень садоў і чаромхі, а зімой патанала ў высокіх да самых стрэх снежных сумётах. Вёска сустрэла маладога дэмабілізаванага воіна ўросшымі зямлянкамі і шматлікімі чорнымі плямамі пажарышч на месцы былых хат, да якіх ніхто не вярнуўся.

—Была такая цяга жыць, хутчэй усёй паправіць, выбрацца з нястачы,— успамінае Аляксей Давыдавіч. — Мы працавалі дзень і ноч, па 20 гадзін у суткі і не зважалі ўвагі на цяжкасці. Кожны, як мог, аднаўляў свае котлішчы. У вёсцы я сустрэў сваю Надзейку, якая жыла на суседняй вуліцы, мы з ёй пажаніліся і вось ўжо жывём разам 55 гадоў. Чатырох дзетак нарадзілі, усіх вырасцілі, усе добрымі людзьмі сталі. Зараз ужо і яны амаль усе дасягнулі пенсіённага ўзросту, далёка жывуць ад нас , у госці прыязджаюць . Мы з Надзейкай адно другога моцна трымаемся. Я занядужаю—яна сваё плячо падстаўляе, яна захварэе — я за яе перажываю, каб толькі паправілася, не пакінула мяне аднаго. Не так даўно каня прадалі, крыху раней — кароўку. Зараз толькі куры на падворку кудахтаюць, нам сумаваць не даюць. Раней чым маглі — дзецям дапамагалі, зараз яны нас падтрымліваюць. У госці едуць, гасцінцы вязуць, хату да свята прыбіраюць. Хто з Оршы, хто з Мінска. Я ўсё жыццё калгасным пастухом працаваў, Надзея мая — доўгі час на ферме рабіла, кароў даіла. Ні яна, ні я ад роднай зямлі ніколі не адрываліся, заўсёды на ёй жылі, ад яе карміліся.

Хутка наша свята. Ведаю, што ўдзельнікаў вайны ў нашым раёне зараз па пальцах пералічыць можна. У нашым Кляноўскім сельсавеце, чуў, я толькі адзін застаўся. Беражыце, дзеткі , мір на зямлі, на якой жывяце. Гэта самае вялікае шчасце: жыць пад мірным небам. Пагаварыў з вамі, нібы дзесятак гадоў з сябе скінуў. Восемдзесят пяты гадок жыву, а жыць яшчэ доўга хочацца.

Лідзія ЧАПЯЛОВА
Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *