Белорусы вспоминают Грюнвальдскую битву

Ян Длугаш пакінуў цікавыя звесткі аб Грунвальдскай бітве. Паводле яго хронікі, войска Вялікага княства Літоўскага складалі 40 вайсковых адзінак — харугваў. У іх уваходзілі ліцвіны, русіны (усходнія славяне — жыхары княства), жмудзіны і татары. На чале войска стаяў Вітаўт (1392-1430), польскае ўзначальваў Ягайла-Уладыслаў ІІ (1386-1434). Над полем бітвы луналі сцягі харугваў розных ваяводстваў княства.

Яны адрозніваліся колерам палотнаў. Па сведчанні А.Гваньіні, яны мелі розныя адценні чырвоных колераў. Сцяг Віленскага ваяводства быў чырвоным, Валынскага — “брунатым”, Полацкага — “сікаражым”, Навагародскага — “пелістым”, Менскага — “гваздзіковым”. Віцебскае ваяводства мела зялёны сцяг, Берасцейскае — блакітны, Мсціслаўскае — жоўты, або па Гваньіні — аранжавы. Сцяг Навагародскага з выявай на палатне Святога Юр’я.

Асабістым штандартам Вялікага князя Вітаўта быў белы сцяг з чырвоным крыжом Святога Георгія. У складзе яго харугвы і непасрэдна пад яго началам змагалася татарская конніца Джалаледзіна. Частка татар стала жыла на тэрыторыі Вялікага  княства Літоўскага.

Харугвы беларускіх земляў перабольшвалі харугвы неславянскія Вялікага Літоўска-Рускага і Жамойцкага княства. 9/10 тэрыторыі дзяржавы засялялі славяне. Таму асноўная вайсковая моц княства прыпадала на славянскія харугвы. На сённяшні дзень дакладна вядомы 21 харугвы Вялікага княства Літоўскага. Сярод іх віленская, трокская, гродзенская, ковенская, лідская, полацкая, віцебская, наваградская, ваўкавыская, медніцкая, крамянецкая, смаленская, князя Сігізмунда-Карыбута, князя Сямена-Лінгвена Мсціслаўскага і невядомага пакуль Георгія (Юрыя). Выставіў сваіх вояў Нясвіж, дзе княжыў Грыгоры і Іван Нясвіжскія, Чартарыйск, Кобрын, Крэва, дзе намеснікам быў Ян Гаштольд; Лукомль, Ашмяны, Ушполле, Вількамір, дзе намеснічаў баярын Вежкгайла. Пад камандаваннем Ягайлы і Вітаўта было каля 90 харугваў, у  крыжакоў 51 харугва.

Звычайна ў адну харугву ўваходзілі ад 60 да 300 дзідаў, але былі і да 600. Дзідамі называлася баявая адзінка з трох вояў: рыцара, зброеносца (называўся парабкам) і лучніка. Колькасць зброеносцаў аднаго рыцара залежыла ад яго эканамічнага стану. Звычайна камандавалі харугвамі асобы, займаўшыя вышэйшыя пасады на адпаведных землях і гарадах. Гродзенскую ўзначальваў гродзенскі намеснік Міхал Монтвід, віленскую — Войцэх Монтвід, полацкую — Іван Немір, Наваградскую брат Вітаўта Сігізмунд Кейстутавіч, або Сігізмунда Карыбунта, бацька якога ў ім калісьці княжыў. Па меркаваннях розных даследчыкаў, аб’яднаныя войскі Польшчы і ВКЛ складалі каля 50-60 тысяч чалавек, а Ордэна звыш 30 тысяч.

Вялізная армія, аб’яднаныя войскі Польшчы і ВКЛ пад камандаваннем караля  Ягайлы і вялікага князя Вітаўта, на пачатку ліпеня 1410 года перасякла мяжу Прускага ордэна, якім камандаваў магістр Ульрых фон Юнгінген. Першапачаткова саюзнікі рушылі да бродаў на Дрвенцы. Яго кантраляваў Ордэн. Бераг быў умацаваны ўбітымі ў грунт каламі, за якімі стаяла артылерыя (бамбарды) і атрады арбалетчыкаў, а за імі ўся конніца. Саюзнікі вырашылі зрабіць абходны манеўр і  абышлі гэтае месца праз вытокі ракі. Праціўнік хутка перайшоў на магчымы іх шлях праз вёскі Грунвальд, Людвікава і Танненберг. 15 ліпеня адбылася жорсткая і крывавая бойка пад вёскай Грунвальд, дзе на зялёным полі палягло нямала беларускіх вояў.

Грунвальдская бітва, як яе называюць гісторыкі, была вырашальным  вынікам шматгадовых перманентных ваенных дзеянняў паміж Польчай і ВКЛ з аднаго боку і Ордэна — з другога. Апошні прыкрываўся місіянерскім лозунгам хрышчэння язычнікаў, рабаваў насельніцтва прыбалтыйскіх тэрыторый, засноўваў ваенныя ўмацаваныя пасяленні і паступова далучаў да свайго новага “фатэрлянда” ўсё новыя землі. Ордэн карыстаўся фінансавымі сродкамі нямецкіх гарадоў і земляў, прыцягваў на свой бок рыцараў з усёй Заходняй Еўропы, якія бачылі выгаду ва ўзбагачэнні шляхам рабавання на язычніцкіх абшарах.

Небяспека для беларускіх земляў была ў тым, што балцкія плямёны знаходзіліся ў добрасуседскіх адносінах да ВКЛ. Праз іх ажыццяўляўся гандаль з заходнімі краінамі і Скандынавіяй. Артэрыя па Нёману, Заходняй Дзвіне і Дняпру, якую яшчэ прашчуры ліцвінаў называлі дарогай з “варагаў у грэкі”, якая склалася ў раннім сярэднявеччы, фактычна напалову перастала функцыянаваць. Паўночная яе частка яшчэ карысталася шырокім попытам купцоў Гародні, Наваградка, Полацка, Віцебска, Смаленска і іншых гарадоў. Паўднёвая частка гэтай дарогі ў сярэднім і ніжнім цячэнні Дняпра не дзейнічала і знаходзілася пад пастаянным кантролем стэпавікоў. Такім чынам, к 15 стагоддзю гаворка магла ісці не толькі аб чужынскай інтэрвенцыі ў прасторы ВКЛ, але, калі можна да гэтага прымяніць сучасную тэрміналогію, аб эканамічнай блакадзе, эканамічнаму падпарадкаванню заходнееўрапейскім дзяржавам, якія б выкарысталі ў сваіх эканамічных мэтах кантроль над прыбалтыйскай часткай старога шляху. Успомнім падзенне і знішчэнне ў пачатку 13 стагоддзя нямецкімі рыцарамі Герцыке і Кукенойса, якія былі заснаваны полацкімі гандлярамі на берагах Заходняй Дзвіны і знаходзіліся пад уплывам Полацкага княства. Менавіта, з тых трывожных гадоў і пачаўся паступова заняпад дзяржавы, сцэментаванай яшчэ ў часы Полацкага княства таленавітым Усяславам Чарадзеям. Такім чынам, вайна з Ордэнам была “падрыхтавана” эканамічнымі памкненнямі заходніх суседзяў. Хрысціянізацыя ўсходніх земляў была толькі шыльдай, карыстаючыся якой зацікаўленыя  ў экспансіі нямецкія гарады і землі імкнуліся ўстанавіць кантроль над гандлёвым шляхам, які пралягаў на Усход праз славянскія землі, і над славянскімі землямі, багатымі на сыравіну з ляснымі промысламі (пушніна, а таксама пянька, паташ, смала і лес, якія прымяняліся для патрэб флоту і будаўніцтва), прадуктамі земляробства (мяса і зерне), мёдам і воскам.

Вынікам эканамічных намаганняў Ордэна большую частку рыцараў якой складалі “ахвотнікі” з нямецкіх земляў, сталі набегі на ўсходнія землі. Пастаянны ціск Ордэна, немагчымасць развіваць сваю гаспадарку, верагодная страта нацыянальнай незалежнасці, прывяла да рашучых дзеянняў з боку Польшчы і ВКЛ. На полі пад Грунвальдам сабраліся харугвы, якія прадстаўлялі гарады і землі ВКЛ: Віленскае, Валынскае, Полацкае, Навагародскае, Менскае, Віцебскае, Кіеўскае ваяводствы, Смаленскае і Мсціслаўскае княствы, Жамойцкае староства і шэраг іншых. Яны абаранялі не толькі агульнанацыянальныя інтарэсы, але і свае эканамічныя стасункі. Безумоўна, што пад Грунвальдам вырашаўся не толькі палітычны, але і эканамічны лёс абодвух бакоў. Такім чынам, адной з асноўных прычын бітвы была эканамічная экспансія Ордэна ў мэтах кантролю над старажытным гандлёвым шляхам, а з другога боку, каралеўства Польшчы і ВКЛ адстойвала свае эканамічныя інтарэсы з захаваннем кантролю над паўночнай часткай былога шляха з “варагаў у грэкі”. ВКЛ, як пераемніца Полацкай дзяржавы, імкнулася абараніць той гістарычна-эканамічны набытак, які здаўна ёй належаў. Канфліктуючыя бакі імкнуліся вырашыць узніклыя праблемы сілай зброі ў рашучым сутыкненні, якое б канчаткова вырашыла, хто будзе кантраляваць гандаль у прыбалтыйскім рэгіёне, абодва бакі пайшлі на канчатковае генеральнае сутыкненне.

З паразай Ордэна пачалося яго палітычнае і эканамічнае падначаленне Польскаму каралю. Ад гэтай перамогі выйграла і ВКЛ. Праз Крулявец, як тады называўся славянамі Кенігсберг, па Нёману, праз Рыгу па Заходняй Дзвіне пастаўляліся беларускімі магнатамі ў майстэрні Заходняй Еўропы тавары і сыравіна. Гандаль і абмен спрыяў эаканамічнаму пад’ёму ў ХVІ-ХVІІ стагоддзях, якія мы завем “залатым векам” ВКЛ. Пачатак яму дала перамога на полі пад Грунвальдам. Таму існаванне сучаснай Беларусі непарыўна звязана з падзеямі 600-гадовай даўнасці. Гісторыя вучыць не забываць мінулае нашай Радзімы і вучыцца ў нашых продкаў у адстойванні інтарэсаў сваёй Айчыны.

Пятро РУСАЎ, археолаг, гісторык, краязнаўца, г.Мінск

One thought on “Белорусы вспоминают Грюнвальдскую битву

  • 10.07.2020 в 11:16 пп
    Permalink

    Нажаль, мала ўвагі надаецца гэтай падзее на афіцыйным узроўні.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *