Сэрцу родны куточак

Дубровно, дубровенский, малая родина, деревня, история, семья

Што можа быць бліжэй роднай хаты, сцяжынкі ад варот, якая сыходзіць ўдалячынь? Што яшчэ можа выклікаць у глыбіні душы такую трывогу і пачуццё настальгіі падчас працяглай разлукі?
Менавіта такія пачуцці выклікае ў мяне мая родная вёска Косціна. Гэта і захапленне, і горач страты родных, і радасць, пераплеценая з пяшчотай. Сэрцу мілы куточак! У Год малой радзімы, наведаўшы родныя мясціны, хочацца падзяліцца сваімі ўспамінамі пра родную вёску і яе жыхароў.
Вёска Косціна вядома з 1782 года. Вёска не была ніколі шматнаселенай, вось і сёння дзесяці двароў не налічыш. Але ж яшчэ жыве вёсачка! Размяшчэнне паміж чыгункай і магістраллю дае зручную магчымасць для вандроўнікаў. Гэта нават прываблівае сюды дачнікаў.
Не дзіўна, што чыгуначны прыпынак у вёсцы Косціна назвалі прыпыначны пункт Кіраёва. Косціна і Кіраёва — вёскі-сяброўкі з адлеглаццю ў 1 км. Агульныя справы, агульныя могілкі, агульнае багацце — Кіраёўскі гай, да якога рукой падаць: блізка хадзіць па ягады і грыбы. Кіраёва крыху старэй за Косціна, звесткі пра вёску знойдзены ў дакуменце 1721 года.
У гады Вялікай Айчыннай вайны вёскі раздзяліў супрацьтанкавы роў. Дзевяць доўгіх месяцаў у гэтых мясцінах стаяў фронт.
Зямля тут абільна паліта крывёю. Загінуўшыя пахаваны на мемарыяльным комплексе “Рыленкі”. Менавіта ў гэтых месцах здзейснілі свое неўміручыя подзвігі старшы лейтэнант Ганна Нікандрава і гвардыі радавы 247-га гвардзейскага палка Аляксандр Васільеў.
Непадалёку ад гэтых вёсак, каля магістралі Мінск-Масква ўстаноўлены помнік 11 воінам-сапёрам, што загінулі пры размініраванні пасля вызвалення.
А яшчэ на грамадзянскіх могілках у вёсцы Кіраёва знаходзіцца магіла невядомых воінаў. Казалі старыя людзі, што тут пахавалі 7 чалавек разведчыкаў, якія нарваліся на засаду немцаў. З пакалення ў пакаленне перадаецца гэты аповед і наказ даглядаць невялікую магілу, абазначанную чырвонай зорачкай.
Не абыйшла вайна і нашу сям’ю: мая бабуля Агаф’я Маркаменка не дачакалася з вайны мужа і двух сыноў.
Сведкі той далёкай вайны, у першую чаргу, ветэраны, якія жылі раней у вёсках, пра якія ідзе аповяд. Аляксей Паўлавіч Мінаеў, Іван Паўлавіч Іванека, Пётр Ульянавіч Бублікаў.
Добра памятаю Пятра Ульянавіча, таму што працаваў разам на чыгунцы з маёй матуляй. На гулянках “рэзаў “ на гармоніку вясёлыя песні, а для душы любіў песні ваенных гадоў, усё успаміналіся былому франтавіку цяжкія гады вайны. Хату Пятра Ульянавіча дзеці ніколі не пакідалі. З гораду спяшаліся на выхадных у родныя мясціны. І зараз, як і раней, нічога не памянялася.
Сын франтавіка Мінаева — Міхаіл у вёсцы Кіраёва добраўпарадкаваў не толькі сваё падвор’е, але і прылеглыя.
—Добра дыхаць тут, чароўныя мясціны. Грыбы па восені растуць амаль побач з хатай, — кажа Міхаіл, які кожнае лета тут пражывае.
У добрыя рукі трапіла хата і Івана Паўлавіча, прыдбалі яе для дачы. Вакол парадак, — прыемна паглядзець…
Жыхары вёскі — гэта сапраўдны скарб. Яны працавалі ў асноўным у калгасе. Кацярына Маркаменка, Вера Радчанка, Ганна Бублікава, Марыя Іванека, Ганна Серыкава. Добрасумленныя, працавітыя жанчыны ўсюды паспявалі: і дома, і на працы. Як жа хораша раней адпачывалі! Каляды, Масленку, Купалле, — усе разам. А вяселлі як прыгожа гулялі: і дарогу маладым перагароджвалі, і кут займалі на другі дзень пераапранутыя “нявеста” і “жаніх”, а на трэцці дзень “ганялі сучку”. Мы, дзеці, весяліліся разам з дарослымі. Лепш за ўсіх, як цяпер кажа моладзь, “зажыгалі”: Серыкава Ганна Іванаўна, Мінаева Алена, Лосева Марыя Паўлаўна і мая маці Косцерава Надзея Кузьмінічна. Гэтыя жанчыны сапраўдныя носьбіты фальклору. А песні якія прыгожыя гучалі на святах! Памятую таксама, калі доўгімі зімовымі вечарамі збіраліся ў нашай хаце жанчыны, і без працы не сядзелі: пралі, сучылі ніткі, вязалі, чынілі вопратку і абавязкова спявалі…
Вось ужо і хаткі той няма, дзе жыла бабуля Агрыпіна, але не адно пакаленне памятаю яе невыдуманыя апавяданні пра вернага ката і верш “Зімовая ноч у вёсцы”.
А вось двор Серыкавых Ганны Іванаўны і Дзям’яна Васільевіча. Хату гэту будавалі самі ў 1960 годзе. А сёння яна як казачны церамок! Іх дачка Тамара Чайкова, з выхадам на заслужаны адпачынак, са сваёй сям’ёй вырашылі аднавіць бацькоўскае гняздо. А ў хаце захавалі усё тое, што Ганна Іванаўна рабіла сваімі рукамі. Проста музей!
Недалёка ад іх хаты сям’я Марыі Жарынай (Маркаменка), якая таксама з выхадам на заслужаны адпачынак вярнулася ў родную вёску і пастаянна тут пражывае.
Святасць вёскі падтрымлівае сучасная жыхарка Алена Малькова, якая на працягу апошніх гадоў вышывае абразы святых…
Вёсачка мая… Як прыемна прыехаць сюды і бачыць, што дзе-нідзе кіпіць жыцце. Я ўдзячна сваім землякам за тое, што на іх плячах яшчэ трымаецца гэта невялічкая прывабная вёсачка.
У хвіліны, калі трэба ад’язджаць дадому, пачынае душыць сляза, бо ўяўляю, як маці раней бласлаўляла на дарожку. На выездзе з вёскі настрой мяняецца, і ўжо ўсміхаюся той дзіцячай наіўнасці, з якой аднойчы я ўгаварыла бацьку, каб узяў мяне на працу: на трактары пахаць раллё. Вельмі хацелася самой падзякаваць тую лісічку, якая амаль кожны дзень перадавала мне пачастунак — сала з хлебам — прапахшы салярай, але такі смачны…
Галіна БЛАГАДЗЁРАВА
(КОСЦЕРАВА).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *