«Кацюшы» вызвалялі Дубровеншчыну

У гэтым годзе да святкавання 75-годдзя Вялікай Перамогі каля Кургана Славы на Міншчыне па ініцыятыве ФПБ з’явіцца яшчэ адзін экспанат — баявая машына «Кацюша». Гэта падзея будзе ў тым ліку і часткай нашай вялікай памяці і падзякі ўсім тым, хто ў саставе 7-ай гвардзейскай мінамётнай Ковельскай дывізіі прымаў удзел у вызваленні Дубровеншчыны. Пра тое, як звязана гісторыя гэтага сімвала Пабеды з нашым раёнам, мы размаўляем з ветэранам Узброеных Сіл СССР, адным з аўтараў кнігі «Памяць. Дубровенскі раён» Аляксеем Гаўруцікавым.

—Аляксей Якаўлевіч, ці былі перакрыжыванні на шляхах вайны ў гісторыі Дубровеншчыны і «Кацюшы»?

—Самыя непасрэдныя. Папершае, калі ў ліпені 1941г. была сфарміравана першая рэактыўная батарэя капітана І.А.Флёрава, яе баявы шлях па маршруце Масква-СмаленскОрша не мог абмінуць Дубровеншчыну. На жаль, непасрэдных дакументаў аб гэтым не захавалася. А вось у баявых дзеяннях на тэрыторыі нашага раёна ў 1943-1944 гадах «Кацюшы» прымалі актыўны ўдзел.

—Што вядома пра вайсковыя часткі, месцы дзеяння, дакладныя баявыя заданні?

—На тэрыторыі Дубровенскага раёна наступление 10-й гвардзейскай, 31-й, 33-й армій падтрымлівала 7-я гвардзейская мінамётная дывізія «Кацюш», якая была сфарміравана ў лютым 1943 года. Дывізію і яе часці пераводзілі з адной арміі ў другую, дзе трэба было прабіваць брэшы ў варожай абароне і дапамагаць пяхоце і танкам адваёўваць у праціўніка выгадныя рубяжы. Адзін залп усіх установак дывізіі складаў 3456 рэактыўных снарадаў агульнай вагой 320 тон. 20 кастрычніка 1943 года 331-я стралковая дывізія генерала П.Ф.Берастава ў ходзе наступлення сустрэла ўпартае і добра арганізаванае супраціўленне праціўніка ў раёне вёскі Старая Тухіня. Ламаць гэты магутны вузел абароны без такой жа магутнай агнявой падтрымкі — азначала несці неапраўданыя страты. 9-й брыгадзе 7-я гвардзейскай мінамётнай дывізіі «Кацюш» была пастаўлена задача — знішчыць ворага. Выканаць гэту задачу было загадана непасрэдна першаму дывізіёну, якім камандаваў гвардыі маёр Г.Г.Куранкоў. Зараджалі пускавыя ўстаноўкі майстры залпавага агню — гвардыі старшы тэхнік-лейтэнант С.I.Івашнёў і гвардыі тэхнік-лейтэнант Г. К. Кірэеў. Залп дывізіёна, які прагрымеў 21 кастрычніка, лёг дакладча ў цэль. У паветра ўзляцела восем бліндажоў, два дзоты, дзве гарматы. Вораг быў дэмаралізаваны, што дазволіла часцям 331-й дывізіі без значных страт заняць вёскі Старую і Новую Тухіні і Іваноўшчыну. У канцы кастрычніка, адступаючы, праціўнік замацаваўся на абарончым рубяжы каля вёскі Кіраёва. Штаб артылерыі арміі вырашыў зноў прымяніць «Кацюшы», цяпер сіламі ўсёй 9-й брыгады. Брыгадны залп — 1035 снарадаў змёў з твару зямлі варожыя ўмацаванні на пярэднім рубяжы. Перадавыя часці 31-й арміі, падняўшыся ў атаку адразу ж пасля залпа, выбілі праціўніка з першых траншэй. Аднак далей у той дзень прайсці не змаглі, трапіўшы пад канцэнтраваны артагонь ворага з правага фланга…

…У лістападзе 1943 года 7-я гвардзейская мінамётная дывізія двойчы паднімалася па трывозе і ішла з раёна дыслакацыі да перадавой фарсіраваным маршам на дапамогу вайскам 10-й гвардзейскай і 33-й армій. Так, залпы брыгад дывізіі раздаліся ў агульным грукаце артпадрыхтоўкі 14 лістапада. Перадавыя падраздзяленні дзвюх армій смела атакавалі пазіцыі праціўніка і за дзень бесперапынных баёў вызвалілі больш за дзесяць населеных пунктаў Дубровеншчыны. У другі раз дзве брыгады дывізіі дапамагалі сваімі залпамі развіваць наступленне гэтым арміям у канцы лістапада. К таму часу актыўныя наступальныя дзеянні нашых армій на аршанскім напрамку былі вельмі ўскладнены тым, што на сваім шляху яны паўсюдна натыкаліся на магутныя вузлы супраціўлення і апорныя пункты. Гітлераўскае камандаванне разумела, што аршанскі напрамак адкрывае самы кароткі шлях да граніц рэйха і таму не шкадавала ні сіл, ні сродкаў для арганізацыі тут трывалай абароны. Усе населеныя пункты былі ператвораны ва ўкрэпраёны. I ўсё ж нашы арміі прадаўжалі атакі. 9-я брыгада дывізіі разгарнула баявы парадак у раёне в.Судзілавічы, маючы задачу разбурыць абаронныя збудаванні, узведзеныя ворагам уздоўж чыгункі Смаленск-Орша ў паласе наступлення 29-й гвардзейскай стралковай дывізіі 10-й гвардзейскай арміі, 11-я брыгада «Кацюш» заняла пазіцыі ў паласе 33-й арміі, на участку наступлення 144-й дывізіі з мэтай выбіць ворага з вёскі Чырвоная Слабада. 30 лістапада брыгады абрушылі на варожую абарону сакрушальныя залпы — 2200 снарадаў. Пасля гэтага наша пяхота пры падтрымцы танкаў адразу ж прарвалася на 2 кіламетры. Але дабіцца больш значнага поспеху не ўдалося: вельмі моцнай была варожая абарончая сістэма. Баі на гэтым напрамку фронта прынялі зацяжны характар.

—Так, мы ведаем што фронт стаяў на Дубровеншчыне доўгіх 9 месяцаў. «Кацюшы» прадаўжалі абарону на нашых рубяжах?

— У снежні 1943 года 7-я гвардзейская мінамётная дывізія была перакінута на Віцебскі напрамак. А у сакавіку 1944 года, а дакладней з 5 па 9 сакавіка брыгады зрабілі 160-кіламятровы марш зноў у Дубровенскі раён. У першай палове сакавіка дывізія выпусціла па ворагам амаль 5000 снарадаў. У канцы сакавіка яна была пераведзена ў рэзерв фронта, дзе пачалася напружаная падрыхтоўка да рашаючага наступлення. Баявы загад аб падтрымцы наступлення штаб дывізіі атрымаў у чэрвені 1944 года. Пачыналася вызваленчая аперацыя «Баграціён».

Раніцай 23 чэрвеня неба раскалолася ад страшэннага грому артылерыйскіх і міпамётных батарэй. «Кацюшы» 11-й і 24-й брыгад крушылі ўмацаванні на пярэднім краі на рубяжы вёсак Заволны, Кіраёва. Былі знішчаны дзясяткі гармат і мінамётаў, 33 кулямёты, мінамётная батарэя, узарваны склад з боепрыпасамі. У выніку першага дня наступлення войскі 36 гвардзейскага стралковага корпуса занялі першую лінію абароны праціўніка. Калі ж злучэнні 11-й гвардзейскай арміі былі затрыманы сустрэчнымі ўдарамі падаспеўшых варожых рэзерваў на рубяжы Буда-Заволны-Чарткі, рухомыя дывізіёны «Кацюш» задушылі агнявыя сродкі ворага і на прамежкавым рубяжы. У адной з батарэй дывізіі ваяваў наш зямляк з Асінторфа Г.Крупко, які ў мірны час працаваў майстам часовых пуцей на торфапрадпрыемстве. Сярод удзельнікаў гэтых баёў быў і начальнік штаба 1-га дывізіёна 24-й брыгады старшы лейтэнант В.І.Шарапаў, у будучым міністр будаўніцтва і эксплуатацыі аўтамабілыіых дарог БССР. Васіль Іванавіч доўга падтрымліваў сувязь з Дубровеншчынай.

Слаўны баявы шлях у тры з паловай тысячы кіламетраў — ад Смаленскай вобласці да Кёнігсберга — прайшла7-я гвардзейская мінамётная Ковельская дывізія. На яе сцягу — ордэны Суворава і Кутузава. Больш за 3000 яе воінаў узнагароджаны ордэнамі і медалямі,— адзначыў Аляксей Гаўруцікаў і падкрэсліў: — Пра гэтыя падзеі трэба памятаць, таму прафсаюзы Беларусі робяць вельмі патрэбную справу.

Алена КАРСАКОВА.