24 мая отмечается День славянской письменности и культуры

Штогод 24 мая ва ўсіх славянскіх краінах адзначаюць Дзень славянскага пісьменства і культуры і ўрачыста ўслаўляюць стваральнікаў славянскага пісьменства святых Кірыла і Мяфодзія. Пісьменства непарыўна звязана з мовай. Запрашаю паразва­жаць пра родную мову. Па меркаванні Пімена Панчанкі

…Ты самая славянская.
Светлая, як травы ў расе.
Вобразная, вольная, пявучая,
Мова беларуская мая!

З маленства незвычайнае хараство і гармонія чуецца нам у гучанні роднага слова.  Бясспрэчна, хто не шануе матчына слова, той не паважае ні свой род, ні сваіх землякоў, ні самога сябе.  Задумаемся над словамі Уладзіміра Караткевіча: «Хто забыў сваіх продкаў — сябе губляе, хто забыў сваю мову — усё згубіў».  Мова ж наша — самая старажытная сярод славянскіх і вельмі мілагучная, як італьянская. Узрасла  цікавасць да беларускай мовы за мяжой. Сёння толькі ў Кітаі адкрыты дзясятак цэнтраў па яе вывучэнні. Гучыць наша мова і ва ўніверсітэтах, культурных цэнтрах Польшчы, Сербіі, Японіі, Італіі, Вялікабрытаніі, Расіі, Азербайджана, Чэхіі, Славакіі, Аўстрыі і іншых краінах.

Многія ўжо сур’ёзна задумаліся над выказваннямі-слоганамі: «Жыву ў Беларусі і тым ганаруся», «Сто ідэй для Беларусі», «Купляйце беларускае!», якія запрашаюць да вывучэння айчыннай гісторыі, заклікаюць да адраджэння беларускай маральна-­інтэлектуальнай спадчыны, нацыянальнай самаідэнтыфікацыі. Многія заўважылі прыгажосць  сацыяльнай  рэкламы «Смак беларускай мовы» і «Родныя даты». А гэта ўжо праекты кампаніі «Белзнешрэклама», якая зладзіла сумесна з прадстаўніцтвам Samsung у Беларусі і праект «Багацце-Смак-Прыгажосць беларускай мовы». Цудоўна, што ў Беларусі адбываюцца фестывалі беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK!

 Не можа не радаваць, што ў ХХ стагоддзі ужыванне мовы многія  лічылі прыкметай вясковасці, а сёння — інтэлігентнасці, нават элітнасці. Прыемна, што  сёння беларуская мова для многіх суайчыннікаў стала элітарнай: на ёй размаўляюць педагогі, літаратары, мастакі, журналісты, праграмісты, дзеячы навукі і культуры. Мова здольна проста жыць  ў генах людзей, каб потым прагучаць з вуснаў іх дзяцей або ўнукаў. Менавіта праз роднае слоўца здольна адраджацца наша душа, душа народа, душа нацыі…  А ў свой час Ефрасіння Полацкая, Францішак Скарына, Кірыла Тураўскі, Мікола Гусоўскі шчодра і апантана  пасеялі першыя зярняткі, з якіх і нараджалася беларускасць.

Неабсяжныя моўныя скарбы раскрываюць нам гісторыю народа, сведчаць пра яго інтэлект, далучаюць нас да маральных, эстэтычных каштоўнасцей, створаных народам за стагоддзі, дапамагаюць зразумець яго філасофію і псіхалогію. Перакананы, што любоў і павагу да мовы продкаў трэба выхоўваць з маленства. Сваёй унутранай культурай бацькі павінны паказваць прыклад  дзецям, аднак ў сем’ях амаль не гавораць па-беларуску. Кожны ж маленькі беларус павінен ведаць родныя слоўцы. У многім пачатак гэтаму даюць, канешне ж, настаўнікі. На ўроках роднай мовы і літаратуры дзеці адкрываюць цудоўны свет беларускай пісьменнасці. Настаўнікі вучаць паважаць мову, любіць яе, шанаваць кнігу.

Упэўнены, што наступныя  пакаленні будуць дапаўняць, развіваць мову. Самае ж  галоўнае — захаваць родную мову, не даць ёй памерці, як адбываецца з іншымі мовамі. Калі  мова папулярная, аўтарытэтная, то такім жа будзе і яе народ.  Шанаваць мову — значыць паважаць бацькоў, род, радзіму. Трэба ж сябе паважаць, свае карані адчуваць, патрыётам быць!

Мы павінны нарэшце ўсвядоміць, што мы, беларусы, не горшыя за іншыя нацыі.  павінны шанаваць  родную мову, бо пакуль жыве мова, жыве сам народ, гэта карані, якія моцна трымаюць нас. Не будзем забываць і мудрасць Генадзя Бураўкіна: «Там, дзе не шануюць роднай мовы, мялеюць рэкі, нішчацца дубровы, народ той мёртвы, а той край нямы». Шмат сярод нас тых, хто пагардліва,  зняважліва выказваецца пра мову. Лічу, што ў гэту катэгорыю ўваходзяць людзі недаста­ткова выхаваныя, з нізкім узроўнем культуры. Проста нельга  жыць на гэтай зямлі, сярод гэтага народа і з пагардай ставіцца да яго  духоўных скарбаў. Напрыклад, ужо больш трох дзесяцігоддзяў выходзіць унікальны  часопіс «Роднае слова», аднак выпісвае яго вельмі мала беларусаў.

Мова не павінна раз’ядноўваць, яна павінна кансалідаваць нацыю. Усё ў нашых руках і галовах. Родная мова павінна абавязкова асацыявацца з роднай маці, з родным домам, з роднай зямлёй, з Бацькаўшчынай. Як тут не згадзіцца са словамі Янкі Сіпакова: «Толькі праз родную мову чалавек можа стаць беларусам, бо ў ёй хімія і фізіка, гісторыя і батаніка, эканоміка і культура таго, што называецца нацыяй, народам».

Канстанцін КАРНЯЛЮК.