На Дубровенщине стартовала жатва

Дубровно,зажинки

У Дубровенскім раёне пачалася ўборачная кампанія. Гаспадаркі спяшаюцца своечасова прыбраць азімы ячмень, якім засеяна 173 гектары. Агульная плошча сельскагаспадарчых угоддзяў пад азімымі збожжавымі —14026 га, у тым ліку пшаніцы — 11340 га, жыта — 1503 га, трыцікале — 1230 га. На ўборцы будзе задзейнічана больш за 70 камбайнаў. З ўраджаю 2022 года неабходна паставіць у кошт дзяржаўных патрэб 11300 тон збожжа.
На нарадзе ў старшыні райвыканкама ў суботу, 16 ліпеня, сабраліся ўсе кіраўнікі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна.
—Цяпер самая адказная пара для нас. Прэзідэнтам сказана: «Якасць уборкі павінна быць узорнай!» Таму, перафразуючы вядомую прымаўку «На надвор’е спадзявайся, а сам не разгубляйся», мы павінны якасна і своечасова сабраць ураджай, не дапусціўшы страт, — падкрэсліў Анатоль Лукашоў.
Пытанняў было закранута на нарадзе шмат, але ўсе яны вельмі важныя. Завяршэнне першага ўкосу, уборка азімага рапсу і свірэпіцы, унясенне гліфасатаў, падкормка кукурузы, і вядома, пачатак уборкі і адначасова падрыхтоўка да пасяўной.
Спецыялістамі ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні дадзены алгарытмы і рэкамендацыі кіраўнікам гаспадарак: на строгім кантролі спраўнасць збожжаўборачнай тэхнікі, сушылак, расстаноўка кадраў і тэхніка бяспекі. Асаблівая ўвага — пажарнай бяспецы: правядзенню дадатковых інструктажаў, наяўнасць вогнетушыцеляў у кабінах збожжаўборачнай тэхнікі, дзяжурства работнікаў РАНС і наяўнасць цыстэрнаў з вадой.
Дубровно,зажинки


Пасля нарады ў райвыканкаме ўсе прысутныя адправіліся на поле СГФ імя Ю.Смірнова, якое знаходзіцца каля вёскі Свіракі. Там сімвалічным адкрыццём найважнейшага перыяду сельскагаспадарчага года — уборкі збожжавых — стала правя¬дзенне старажытнага славянскага абраду «Зажынкі». Удзельніцы фальклорнага народнага ансамбля «Кудзеліца» зжалі першы сноп-сімвал будучага ўраджаю. Зжатыя снапы былі перададзены кіраўніку раёна Анатолю Лукашову, першаму намесніку старшыні-начальніку ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Аляксандру Карнееву, а таксама генеральнаму дырэктару ААТ «Аршанскі КХП» Артуру Сысе і кіраўніку СГФ імя Ю.Смірнова Сяргею Шацкаму.
Словы шчырых пажаданняў на ўдалае жніво ў адрас галоўных герояў свята — камбайнераў і вадзіцеляў — гучалі ад кіраўніцтва гаспадаркі і раёна.
Дубровно,зажинки

—Сёння надышоў дзень, калі вырашчаны на хлебнай ніве ўраджай трэба прыбіраць. Вырошчваць хлеб — самая ганаровая праца ў свеце моцных духам людзей. Высокія дасягненні ў сельскай гаспадарцы даюцца нялёгка. Пра гэта ў Дубровенскім раёне ведаюць не па чутках. Дубровенскія аграрыі заўсёды ўносілі важкі ўклад у агульны каравай Віцебшчыны. Сёлета мы таксама спадзяемся на добрыя вынікі, і зробім усё, каб на абласным свяце «Дажынкі» дубровенцы не раз падняліся на сцэну за заслужанымі ўзнагародамі, — звярнуўся да механізатараў кіраўнік раёна.
Гатовым пачаць уборку хлебаробам апранулі ганаровыя стужкі і ўручылі падарункі. Айцец Аляксандр прачытаў малебен аб ураджаі. Акропленыя святой вадой збожжаўборачныя машыны і бласлаўлёныя на працу аграрыі дружна прыступілі да працы.
У добры шлях! Добрага ўраджаю і багатага каравая!
Дубровно,зажинки
Алена ЗАЙЦАВА.
Фота аўтара.