43 года работает на Дубровенском льнозаводе Николай Ханабусев

Дубровно, Дубровенский льнозавод, Николай Ханабусев, работа, человек, жизнь, ватин, юбилей, 60 лет

У працоўнай кніжцы Мікалая Уладзіміравіча Ханабусева, партрэт якога сёлета занесены на раённую Дошку Гонару, значыцца толькі адно прадпрыемства — Дубровенскі льнозавод, на якім ён працуе амаль 43 гады.

Сённяшняя яго пасада — аператар іголкапрабівальнага абсталявання.

Пачаў сваю працоўную дзейнасць Мікалай Уладзіміравіч 3 верасня 1968 года. Тады яму споўнілася 17 гадоў і прыехаў ён у Дуброўна з вёскі Вячэрына Дабрынскага сельсавета, дзе нарадзіўся і вырас. На льнозаводзе юнака прынялі ў якасці вучня слесара мяльна-трапальнай машыны. А праз два тыдні ён ужо самастойна спраўляўся з абавязкамі слесара.

Ішоў час. Малады хлопец добра асвоіў даручаную справу слесара па абслугоўванню машын на заводскай лініі. Тут ён пазнаёміўся з дзяўчынай Зояй Бурай, якая працавала сартыроўшчыцай валакна, пакахаў. У хуткім часе Мікалай і Зоя згулялі вяселле.

У 1971 годзе Мікалая Ханабусева прызвалі на тэрміновую службу ў Савецкую Армію. Адслужыўшы ў арміі ўстаноўлены тэрмін, Мікалай вярнуўся на льнозавод на ранейшае месца работы: абслугоўваў машыны і агрэгаты на заводскім канвееры, пэўны час працаваў слесарам у механічным цэху завода.

А калі ў канцы 70-х гадоў мінулага стагоддзя побач са старым ільнозаводам пачалося будаўніцтва новага магутнага завода па перапрацоўцы льносаломкі, Мікалай Уладзіміравіч разам з іншымі сваімі таварышамі прымаў актыўны ўдзел у мантажы і наладцы абсталявання новага завода, потым, пасля здачы яго ў эксплуатацыю, працаваў у трэцяй змене па абслугоўванню абсталявання новага заводскага канвеера.

У 1990 годзе пачалася рэканструкцыя старога льнозавода: у яго памяшканнях устанаўлівалі абсталяванне па перапрацоўцы адходаў асноўнай вытворчасці. У гэтай справе непасрэдны ўдзел прымаў Мікалай Ханабусеў. Праз пэўны час тут быў адкрыты цэх нятканых матэрыялаў, а Мікалаю Уладзіміравічу даручылі працаваць аператарам іголкапрашыўной машыны, на якой выраблялі льняны вацін. Гэты матэрыял у той час шырока выкарыстоўвалі для вырабу мяккай мэблі.

З цягам часу іголкапрашыўную машыну замянілі на іголкапрабіўную, на якой пачалі вырабляць іголкапрабіўны вацін. Ён карыстаецца попытам у будаўнічай галіне ў якасці ўцяпляльнага матэрыялу. З дня ўстаноўкі гэтай машыны і па сённяшні дзень аператарам па яе абслугоўванню працуе Мікалай Ханабусеў.

Нядаўна мне давялося пабываць у цэху нятканых вырабаў, гутарыць з начальнікам цэха Андрэем Мікалаевічам Мядзведзевым.

—Мікалай Уладзіміравіч Ханабусеў — добрасумленны працаўнік і высакакласны спецыяліст сваёй справы, — гаворыць Андрэй Мядзведзеў, — Ён добра ведае сваю справу, з’яўляецца сапраўдным настаўнікам для маладых работнікаў. Надзейны працаўнік. Ніколі не падводзіць. Яго адносіны да працы ставім у прыклад іншым. І не выпадкова, што кіраўніцт-ва нашага завода сёлета прапанавала занесці яго партрэт на раённую Дошку Гонару. Мікалай Уладзіміравіч гэта заслужыў добрасумленнай працай. 29 жніўня гэтага года яму споўнілася 60 гадоў — 43 з якіх ён добрасумленна адпрацаваў на заводзе.

Я пабываў на рабочым месцы Мікалая Ханабусева і зрабіў фотаздымак яго за выпускам ільнянога ваціна на іголкапрабівальнай машыне.

—За змену я вырабляю ў сярэднім па дванаццаць дваццацімятровых рулонаў ваціну, — расказвае Мікалай Ханабусеў. — А працуе наш цэх у дзве змены. За месяц вырабляем больш як паўтысячы рулонаў. Наша прадукцыя карыстаецца попытам у будаўнікоў…

Мікалай Уладзіміравіч расказаў, што на льнозаводзе сартыроўшчыцай валакна 42 гады адпрацавала яго жонка Зоя Мікалаеўна Ханабусева, якая зараз на заслужаным адпачынку. Мікалай Уладзіміравіч і Зоя Мікалаеўна вырасцілі траіх сыноў, адзін з якіх, як і бацькі, працуе на заводзе, ён аператар кацельні.

Да ўсяго гэтага трэба дадаць, што за шматгадовую старанную працу Мікалай Уладзіміравіч Ханабусеў у ліпені 1982 года быў узнагароджаны медалём “За працоўную адзнаку”.

У панядзелак, 29 жніўня, Мікалаю Уладзіміравічу споўнілася 60 гадоў. Мы сардэчна віншуем яго з юбілеем і жадаем моцнага здароўя на доўгія гады, сямейнага дабрабыту і працоўных поспехаў.

Андрэй КВІР

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *