Почему Валентина Безносенко не хочет уезжать в город?

Дубровно, Женщина года Дубровенщины 2011, Валентина Безносенко, сфера культуры и искусства, Россасно

З самага пачатку…

Валянціна Мікалаеўна Бязносенка сёлета была прызнана «Жанчынай года Дубровеншчыны» ў намінацыі “Сфера культуры і мастацтва”. За якія заслугі гэта жанчына была ўдастоена такога ганаровага звання? Вось што мы даведаліся…

Валянціна Мікалаеўна Бязносенка загадвае сельскай установай культуры — Расасенскім сельскім клубам — 10 гадоў, — гаворыць Людміла Аляксееўна ДУДАРАВА, начальнік аддзела культуры райвыканкама. — На мой погляд, з кожным годам мяняецца культурнае жыццё ў вёсцы Расасна: яно становіцца больш актыўным, напаўняецца цікавым зместам, у ім прымаюць удзел вяскоўцы, а гэта значыць, што ў населеным пункце ўсё больш людзей далучаюцца да здаровага ладу жыцця, адмаўляюцца ад дрэнных звычак. Культработнік Валянціна Бязносенка актывізуе работу з людзьмі шляхам прыцягнення апошніх у розныя гурткі па інтарэсах.

Будзем знаёмы!

Наша знаёмства і сустрэча з Валянцінай Мікалаеўнай адбылася ў рэдакцыі газеты, куды яна прыйшла па маёй просьбе. З размовы з ёй я даведалася, што апошнія 10 гадоў жыцця гэтай жанчыны звязаны з работай у сферы культуры. Раней Валянціна працавала прадаўцом, але заўсёды цікавілася ўсім, што адбывалася ў клубе, нярэдка сама яго наведвала. Пакуль падрасталі яе дочкі, не было часу прымаць удзел у мастацкай самадзейнасці. Падштурхнула яе паспрабаваць сілы ў культурнай рабоце сваячка, жыццё якой было звязана з гэтай сферай.

—Ідзі ў культуру, там больш заробіш, — гаварыла яна. — Там тваё месца, ты прыгожая, статная, табе будзе лепш сярод людзей…

Яна паспрабавала, правяла адно мерапрыемства, другое… і ад гэтай работы больш не адарвалася, бо ўбачыла, што можа згуртаваць вакол сябе людзей, якія любяць і спяваць, і да гумару неабыякавыя, і на вострае слоўца трапныя, толькі трэба арганізаваць іх і вывесці на клубную сцэну. На першым часе ёй не хапала ведаў. Неабходны тэарэтычны багаж набывала ў час вучобы на завочным аддзяленні Віцебскага вучылішча мастацтваў.

—Цяжка было вучыцца завочна? — цікаўлюся ў сваёй суразмоўцы.

—Цяжэй за ўсё было ад дому адарвацца на сесію, — гаварыла яна. — Дом, трое дзяцей, хатнюю жывёлу — усё на мужа пакідала. Але тыл у мяне быў надзейны. Мой Уладзімір Герасімавіч і нашы трое дачушак і гаспадарку вялі, і самі галоднымі не сядзелі. Адным словам, вывучылі мамку! Цяпер мы ўжо з імі памяняліся ролямі: нашы дзеці ўсе вучацца, а мы з мужам, як можам дапамагаем ім матэрыяльна. Самі ведаеце, якія ў студэнта грошы: тыя, што бацькі дадуць. Хаця, не скажу, дочкі нашы і самі стараюцца: добра вучацца, у грамадскай рабоце актыўныя, таму і стыпендыі неблагія атрымліваюць. Старэйшая дачка Кацярына хутка ўжо закончыць Віцебскую акадэмію ветэрынарнай медыцыны, нядаўна вярнулася са стажыроўкі, якую праходзіла ў Германіі. Сярэдняя дачка Ганна вучыцца ў Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, яна будучы аграном-агароднінавод. Малодшая Насця сёлета стала студэнткай Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта.

Між іншым, усе трое дачок, калі вучыліся ў школе, былі актыўнымі памочніцамі маці ва ўсіх праводзімых ёй мерапрыемствах. Ды што казаць, нават муж Уладзімір Герасімавіч сваё жыццё звязаў з клубам. Зімой ён ацяпляе культурную ўстанову, летам даглядае яе, праводзіць цякучы рамонт, рыхтуе розныя дэкарацыі на сцэну. У часы, калі гаспадарцы востра патрабуюцца рабочыя рукі, ён, між іншым, не адмаўляецца папрацаваць ва-дзіцелем або даглядчыкам жывёлы.

Гурткі на ўсялякі густ

Пацікавілася я ў Валянціны Мікалаеўны аб тым, як яна арганізуе работу з людзьмі па далучэнню іх да ўдзелу ў розных культурных мерапрыемствах.

—Аснова ў маёй рабоце — гурткі, якія з задавальненнем наведваюць дарослыя і дзеці, — гаворыць Валянціна Бязносенка. — Адзін з іх песенны, мае назву “Сударушка”. Касцяк гуртка — вясковыя жанчыны Тамара Арсеньеўна Калініна і Ніна Барысаўна Шчарбакова. Гэтыя жанчыны ведаюць шмат народных песень, вучаць іх выконваць іншых. На жаль, у нас няма свайго акампаніятара, таму песні развучваем пад фанаграму, якую я падбіраю, спяваем акапельна. У склад “Сударушкі” ўваходзяць жанчыны розных узростаў — ад маладых да самых сталых. Сярод іх Людміла Уладзіміраўна Пруднікава, Ірына Андрэеўна Замрына, Валянціна Мікалаеўна Мартыновіч, Святлана Валер’еўна Бязносенка, Раіса Іванаўна Калініна і іншыя. Мы выязджаем са сваімі канцэртамі ў аддаленыя населеныя пункты, выступаем на сваёй клубнай сцэне, розных фестывалях раённага маштабу, становімся лаўрэатамі песенных конкурсаў.

Паспяхова функцыяніруе пры Расасенскім сельскім клубе вакальны гурток “Радуга”, які сёлета адзначыў 5-годдзе з дня свайго заснавання. Члены гуртка — вучні мясцовай школы. Калектыў яго пастаянна абнаўляецца, паколькі адны юныя самадзейныя артысты заканчваюць школу, на змену ім пры-ходзяць іншыя юныя спевакі і спявачкі.

Зараз гурток “Радуга” наведваюць Ганна Матусава, Рыма Рыбакова, Даша Гасанава, Кацярына Яронька і Мікіта Замрын.

Нядаўна чарговы свой канцэрт гурткоўцы прысвяцілі пажылым людзям, якія прыйшлі на наша мерапрыемства пад назвай “Вечар народнай мудрасці”.

—Да Дня пажылых людзей мы прыўрочылі выставу кветак. Больш за 30 кветкавых кампазіцый было прадстаўлена на конкурс, у якім прынялі ўдзел работнікі сельмага, ФАПа, вучнёўскія і педагагічныя калектывы, вяскоўцы. Як заўсёды ў рознакаляровай стракатай кветкавай гаме віднае месца займалі букеты з палісадніка Тамары Дзмітрыеўны Смаляковай, якая займаецца вырошчваннем самых розных гатункаў кветак.

У свяце прынялі ўдзел старшыня Маласавінскага сельвыканкама Віктар Леанідавіч Кахноўскі, дэпутат раённага Савета дэпутатаў Тамара Уладзіміраўна Пекава, дэпутат сельскага Савета Ала Сяргееўна Яронька. Сродкі на набыццё прызоў і салодкі стол для пажылых людзей нам выдзеліла кіраўніцтва ААТ “Баброва-Агра”. На нашым свяце было весела, прайшло яно ў атмасферы добразычлівасці і павагі да тых, каму яно прысвячалася, — гаворыць Валянціна Мікалаеўна.

Яшчэ пры Расасенскім сельскім клубе функцыяніруе гурток “Сувенір”, членаў якога загадчыца вучыць вязаць, вышы- ваць, асновам макраме, бісерапляцення. Вясковыя дзеці наведваюць гурток з радасцю, тым больш, што атрыманыя навыкі ім яшчэ не раз спатрэбяцца ў дарослым жыцці.

—Нашы дзеці — народ дысцыплінаваны, па іх віне заняткі гуртка ніколі не зрываюцца, — усміхаецца Валянціна Бязносенка. — Аднойчы ў разгар восеньскіх работ прыбягаюць да мяне дамоў дзве дзяўчынкі Рыма Рыбакова і Насця Цярэшчанка і ледзь не слёзна просяць: Валянціна Мікалаеўна, міленькая, перанясіце заняткі гуртка на іншы дзень. Сёння мы бульбу дома капаем і заўтра таксама. Вы іншым новае заданне дасце, а мы адставаць не хочам…

Ну як тут не паслухаеш дзяцей. Іншых мне апавяшчаць не прыйшлося, дзяўчынкі самі вестку аб пераносе дня заняткаў гуртка па вёсцы разнеслі.
—А яшчэ, — працягвае мая суразмоўца, — пры маім клубе створана аб’яднанне «Женский взгляд», яго з задавальненнем нашы жанчыны наведваюць. У пачатку года мы з актывам аб’яднання намячаем тэмы будучых дыскусій, вывучаем пажаданні людзей. Яны самыя розныя: жанчын хвалююць узаемаадносіны ў сям’і, моўная грубасць дарослых і дзяцей, сацыяльная культура ў вёсцы, тэма здаровага ладу жыцця, пытанні добраўпарадкавання нашага населенага пункта, карацей кажучы, усё тое, што набалела… Пасяджэнні праходзяць цікава, на іх заўсёды шматлюдна, назіраецца актыўнасць у выказваннях. А каб не забывалі аб даце сустрэчы, я вывешваю заўсёды афішу на дзвярах магазіна, там самае бойкае і мнагалюднае месца ў нашай вёсцы.

Аднойчы члены аб’яднання «Женский взгляд» вырашылі правесці на адным са сваіх пасяджэнняў абрад “Хрысціны”. Я падтрымала іх прапанову, бо шмат чаго з гэтага абраду сама ведала. Да таго ж гэта была тэма маёй дыпломнай выпускной работы. У нашым клубе мы стварылі сялянскую хату з печкай, у якой “варылі” кашу, кума з кумой ушаноўвалі, бабку-павітуху на калясцы вазілі. Атрымаўся прыгожы старадаўні абрад хрышчэння маленькага дзіцяткі. Цяпер ведаю, што многія маладыя сем’і, у якіх нара-джаюцца дзеці, стараюцца прытрымлівацца некаторых элементаў абраду пры іх хрышчэнні.

—А як жа дыпломная работа, Валянціна Мікалаеўна?

—Я яе абараніла на “выдатна”! — з гордасцю адказвае мая суразмоўца і працягвае, — цяпер мы працуем над сцэнарыем святочнай праграмы “Мисс Кудесница”. Я сцэнарый сама напісала, а ўвасобіць яго ў жыццё мне дапамогуць мае шматлікія памочнікі з ліку вучняў і актыўных удзельнікаў мастацкай самадзейнасці. Свята мы прысвячаем Дню маці. У вёсцы Расасна шмат жанчын, якім самім Богам было дадзена права называцца мамай. Сярод іх Вера Малахаўна Нікіціна, Тамара Арсеньеўна Калініна, Кацярына Іванаўна Дранеўская, маладая мама Алеся Шыманчук і іншыя нашы маці. У больш далёкай перспектыве ў нашых планах асенні баль правесці і на ім уславіць тых, хто ў працы нястомнай на палях і фермах яшчэ адзін сельскагаспадарчы год правёў. Вось так мы жывём і працуем ад свята да свята, — усміхаецца Валянціна Бязносенка.

Усё добра складваецца ў гераіні майго аповеду. Любімая работа, добры сямейны тыл, аўтарытэт і павага ад людзей. І ўсё ж я пацікавілася ў яе:

—Валянціна Мікалаеўна, вы яшчэ такая маладая, а жывяце ў глыбінцы. Расасна, хоць і вялікая вёска, а ўсё ж не цэнтр аграгарадка, моладзь у ёй не затрымліваецца. Не з’яўлялася ў вас думка пераехаць куды-небудзь у больш перспектыўны населены пункт?

—Не, тут нашы карані, — усміхаецца Валянціна Бязносенка. — Тут наш прыватызаваны дом, яго можна прадаць пры жаданні. А вось сад, які мы з мужам вырасцілі, з сабой не перавязеш. Яго вельмі шкада, без нас засохне. А без саду — мы нікуды. У нас усё, як у тым паданні: дом, сад і трое дзетак, праўда, не сыноў, а дачок! А ў горадзе я і так часта бываю. Сваіх самадзейных артыстаў на конкурсы часта важу, сама, як член клуба “Дубровенскія прысмакі”, ніводнага пасяджэння не прапускаю, выпечку сваю дэманструю. Асабліва ў мяне добра атрымліваюцца піражкі са шчаўем. Вы спрабавалі іх калі-небудзь? У Віцебску на “Славянскім базары” сёлета да мяне за імі вялізная чарга стаяла.

Прызнаюся, піражкоў са шчаўем я ніводнага разу не пасмакавала, але не сумняваюся, што ў гэтай жанчыны, у якой спорыцца ў руках усё, яны, несумненна, смачныя і апетытныя. І яшчэ ведаю, што яе сёлета заслужана назвалі «Жанчынай года Дубровеншчыны».

Лідзія ЧАПЯЛОВА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *