У бабушки Нади: Празднуем Колядки 2 недели!

Дубровно, Дубровенский раойн, коляды, Беларусь, Колядки, праздник, кутья, традиция, легенды, поверьи, гадания, еда, символы

З Калядкамі вас, мае даражэнькія!

Сёння я падзялюся з вамі, любыя, тымі таямнічымі гісторыямі, што мне сапавядала яшчэ мая бабуля Настасся. А пагамонім мы пра Каляды. Бо менавіта яны здаўна распачыналі новы цыкл беларускіх народных свят і абрадаў. Па старому стылю іх святкаванне цягнулася ад 25 снежня да 6 студзеня, ахопліваючы і “Святое Васілле” – Новы год. Цяпер жа калядаванне доўжыцца з 6 да 19 студзеня.

Надыходу Каляд заўжды чакалі з нецярплівасцю, бо імі завяршаўся піліпаўскі пост. Нашы продкі спявалі: “А Калядачкі барджэй, барджэй, А нам Піліпаўка надакучыла, усім жывоцікі перамучыла”.

Да Каляд старанна прыбіралі ў хаце, мыліся ў лазні, святочна апраналіся. А на вячэру гатавалі селядзец ці іншую рыбу з алеем, квас з грыбамі, бліны, аўсяны кісель і абавязкова куццю – кашу з абдзёртага ячменю. Гэта страва дала назву і ўсёй вячэры, якую таксама называлі Куццёй. З-за сваёй урачыстасці – яшчэ і Вялікай, а з-за адсутнасці жывёльнага тлушчу ва ўсіх стравах – беднай або поснай. Прыгатаваную куццю ставілі да заходу сонца на покуці, пад гаршчок клалі сена, а зверху накрывалі хлебам. Каштаваць яе ў час і пасля гатавання было нельга.

6 студзеня вячэра пачыналася са з’яўленнем на небе першай зоркі, якая, згодна Бібліі, абвяшчала аб нараджэнні Сына Божага Ісуса Хрыста і ўказвала месца яго нараджэння. Святочны стол усцілалі прынесеным гаспадаром ці яго сынам сенам, потым накрывалі спецыяльным абрусам. Гаспадар ставіў запаленую свечку пад абразамі і садзіўся разам з сынамі на покуці. Гаспадыня з дочкамі знаходзіліся па другі бок стала.

Пад канец першай святочнай вячэры рэшткі куцці падкідвалі да столі, каб добра рос лён і радзіла хатняя жывёла. А каб добра несліся куры, ім аддавалі падгарэлы верх ці недаедзеныя рэшткі кашы. Сена са стала клалі жывёле ў яслі, каб была здаровай і малочнай.

А вы, мае маладыя галубочкі, чаго засумавалі? Каляды ж гэта свята моладзі! Тут вам і гульні, і цікавыя прыкметы, і варажба.

А на другі дзень – 7 студзеня – яшчэ і калядаванне, калі хлопцы збіраліся невялікімі групкамі і адпраўляліся з песнямі і танцамі за смачнымі пачастункамі. Дарэчы, мальцы пераапраналіся ў казу (сімвал пладавітасці), жорава, кабылу, цыганоў, дзеда, маладзіцу, механошу, музыку і зычна віталі гаспадароў:

Добры вечар таму, хто ў гэтым даму,
Святы вечар, хто ў гэтым даму.
Ці спіш, ці ляжыш, Гасподзь з табою,
Гасподзь з табою, гавары са мною.

Пасля віншавання калядоўшчыкі прасілі гаспадара аддзячыць іх:

Пачынальніку – чарку гарэлкі
І каўбасу на талерцы.
Падхватнічку – чацвярык аўса
І наверх каўбаса.
Механошу – капу грошай.
Дудару – чырвоны злоты.

І гаспадары не скупіліся. Бо інакш пачулі бы ў свой бок ад калядоўшчыкаў з’едлівы праклён, ды назаўтра яшчэ і аднавяскоўцы з іх бы кпілі.

Пасля абыходу вёскі калядоўшчыкі збіраліся на вясёлыя вячоркі, куды запрашаліся і астатнія вяскоўцы. Хата гудзела ад гульняў, музыкі, карагодаў.

Дубровно, Дубровенский раойн, коляды, Беларусь, Колядки, праздник, кутья, традиция, легенды, поверьи, гадания, еда, символы

Увечары 13 студзеня перад старым Новым годам спраўлялі другую куццю. На ёй дазвалялі есці скаромнае, таму гэта куцця мела назвы “тоўстая”, мясная”, “багатая”, “шчодрая”. У гэты вечар пачыналася “шчадраванне”. Тут ўжо па сяле за салодкімі пачастункамі хадзілі маладыя дзяўчаты разам са “шчодрай” – прыгожай сяброўкай у святочным строі.

І галоўнае. У таямнічую ноч старога Новага года прыходзіў час вялікай варажбы. Вось адзін з яе варыянтаў. Дзяўчаты хапалі на двары бярэмя дроў або сыпалі ў прыпол жменю-другую трэсак, потым іх лічылі ў хаце. Цотная колькасць прадвяшчала замужжа, няцотная – працяг дзявоцтва.Той самы сэнс мела варажба, калі дзяўчына аберуч бралася за плот, а затым лічыла колькасць ахопленых штыкецін. У поўнач выходзілі на двор і слухалі, адкуль забрэша сабака, або “пускалі” голас і чакалі: адкуль вернецца рэха, адтуль будзе і жаніх. А каб даведацца характар суджанага, дзяўчаты кідалі камень у калодзеж. Калі ён глуха боўтне ў ваду, муж будзе стрыманы, ціхі, разважлівы, калі ж паляціць з шумам, муж трапіцца ліхі, наравісты, магчыма, п’яніца. Любілі варажыць і з вадой інакш. У невялікую міску набіралі вады, лілі ў яе расплаўлены воск або бялок яйца і глядзелі, што атрымалася. Калі вянок ці кальцо – чакай вяселля, калі калыска – застанешся з дзіцем адна.

Калі збіралася шмат дзяўчат, то кожная прыходзіла з нейкім сваім прадметам, якія раскладваліся ў адвольным парадку. Дзяўчыне завязвалі вочы, пасля чаго яна паказвала на адзін з прадметаў. Пярсцёнак сімвалізаваў замужжа за добрым хлопцам, хлеб — за багатым, шчотка – за ўдаўцом, чапец – хуткае замужжа, кветка – не быць замужам ў надыходзячым годзе, пацеркі – састарыцца ў дзеўках, грэбень – вечнае адзіноцтва, вугаль – нядоля, пясок – хуткая смерць, венік – стары муж…

Хлопцы ж у гэтую ноч чакалі паслясвяточных вячорак. Там яны прыглядаліся да дзяўчат, бліжэй знаёміліся з імі, раіліся з бацькамі і чакалі восені – пары вяселляў. Хаця, шчыра кажучы, і мальцы любілі варажыць. Неслі на скрыжаванне чорнага ката і пускалі яго з рук: куды кот пабяжыць, адтуль трэба дзяўчыну браць.

14 студзеня ў першую раніцу старога Новага года гаспадары чакалі ў хату гасцей. Лічылася, што тую сям’ю чакае дабрабыт, куды першым завітае госць-мужчына.

Дубровно, Дубровенский раойн, коляды, Беларусь, Колядки, праздник, кутья, традиция, легенды, поверьи, гадания, еда, символы

Заканчваліся Каляды 19 студзеня кароткай трэцяй куццёй – “скупой”, вадзяной”, “поснай”. Дарэчы, усе тры калядныя куцці варыліся ў адным гаршку. Назіралі ў гэты дзень і за надвор’ем. Мяцеліца прадказвала добры збор грыбоў, арэхаў і ягад, марозны вечар сведчыў, што ў жніво будзе горача, а цёплы дзень зычыў багаты ўраджай жыта.

Вось так цікава і насычана адзначалі нашы продкі пачатак новага года. Мае даражэнькія, вы таксама не сядзіце ў гэтыя святочныя дні дома перад тэлевізарам альбо камп’ютарам. Збірайце сяброў ды родных і рушце ў незвычайныя калядныя прыгоды.

З любоўю і пажаданнямі шчасця і дабрабыту –
ваша бабуля Надзя

P.S. Падрабязней прачытаць пра Каляды і іншыя нашы святы вы можаце ў кнізе І.Крук “Следам за сонцам. Беларускі народны каляндар”.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *