В 1970-1980 годах дубровенцам вручали красное знамя Витебского обкома ДОСААФ 10 раз подряд

Дубровно, Дубровенский район, Витебская область, Беларусь, ДОСААФ, 85 лет, люди, дубровенцы, армия, офицеры, учение, война, поиск, история

Крышку гісторыі…

28 лютага споўнілася 85 гадоў ордэна Чырвонага Сцяга добраахвотнаму таварыству садзейнічання арміі, авіяцыі і флоту (ДТСААФ) — адной з самых масавых грамадскіх арганізацый працоўных былога СССР, мэтай якога было садзейнічанне ўмацаванню абароназдольнасці краіны і падрыхтоўцы працоўных да абароны сацыялістычнай Айчыны.

Папярэднікам ДТСААФ было Таварыства садзейнічання абароне, авіяцыйнаму і хімічнаму будаўніцтву (Осоавіахім), замест якога ў 1948 годзе было ўтворана тры самастойных таварыствы — ДОСАРМ, ДОСАВ і ДОСФЛОТ. Але ў 1951 годзе яны былі рэарганізаваны ў ДТСААФ СССР. Членам ДТСААФ мог быць любы грамадзянін СССР, які дасягнуў 14-гадовага ўзросту.

Нашы людзі

Ваенна-патрыятычная арганізацыя на Дубровеншчыне існавала з даваеннага часу. Асабліва вызначыліся члены ДТСААФ раёна ў пасляваенны перыяд.

Калі ў чэрвені 1944 года наш раён быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, то дзесяткі членаў ДТСААФ пасля адпаведнай падрыхтоўкі прымалі ўдзел у размініраванні тэрыторыі раёна ад выбухова-небяспечных прадметаў, якіх у нашых землях багата пакінулі гітлераўцы. Пад той час раённым камітэтам ДТСААФ кіраваў Ілья Фядосавіч Салаўёў.

Але найбольшага росквіту і аўтарытэту раённая абаронна-спартыўная арганізацыя дасягнула ў 70-80-х гадах мінулага стагоддзя, калі раённы камітэт ДТСААФ узначаліў удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, былы юны партызан Рыгор Міхайлавіч Залескі.

16-гадовым падлеткам Рыгор Залескі ўключыўся спачатку ў падпольную барацьбу з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, а крыху пазней разам з іншымі хлопцамі і дзяўчатамі прыкладна такога ж узросту пайшоў у партызанскі атрад, які граміў варожыя гарнізоны, пускаў цягнікі пад адгон у розных куточках роднай Беларусі. Пасля ранення і лячэння ў шпіталі Рыгор Залескі вярнуўся на малую радзіму ў Глускі раён Магілёўскай вобласці, працягваў вучобу ў ВНУ, а потым доўгі час працаваў у камсамольскіх, партыйных і савецкіх органах Глускага, Лагойскага, Шклоўскага і Аршанскага раёнаў. Напрыканцы 60-х Р.М.Залескі пераехаў на пастаяннае месца жыхарства ў Дуброўна.

Перамогі дубровенцаў

Дубровно, Дубровенский район, Витебская область, Беларусь, ДОСААФ, 85 лет, люди, дубровенцы, армия, офицеры, учение, война, поиск, историяУ 1969 годзе Рыгора Залескага прызначылі старшынёй райкама ДТСААФ.

Новы старшыня патрыятычнага таварыства добра разумеў, што асновай ДТСААФ з’яўляюцца пярвічныя арганізацыі, але ў 1969 годзе такіх фарміраванняў ДТСААФ было няшмат. Новы склад райкама ДТСААФ на чале са старшынёй таварыства Р.М.Залескім распачаў актыўную работу па стварэнні пярвічных арганізацый ДТСААФ у кожнай васьмігадовай і сярэдняй школах, СПТВ-35 (зараз прафліцэй), у калгасах і саўгасах, на прадпрыемствах, арганізацыях і ва ўстановах. На пачатак 1971 года такіх пярвічак у раёне налічвалася ўжо каля ста.

З’яўляючыся ўдзельнікам вайны, Р.М.Залескі ў рабоце райкама ДТСААФ стаўку рабіў на кіраўнікоў і сакратароў партарганізацый з ліку былых франтавікоў і партызан. Надзейнымі памочнікамі старшыні райкама ДТСААФ сталі Пётр Фёдаравіч Басаў, Яўген Дзмітрыевіч Давыдаў, Трафім Фаміч Кабуш, Сяргей Ільіч Ротманаў, Пётр Фёдаравіч Паўлаў, Аляксей Іванавіч Белесаў, Ціхан Сямёнавіч Цынгалёў, Рыгор Карнеевіч Новікаў, Пётр Апанасавіч Бычынскі, Рыгор Дзмітрыевіч Субоцін, Макей Міронавіч Тарасенка, Міхаіл Аўрамавіч Асіпенка, Аляксандр Сцяпанавіч Рэутовіч, Аляксандр Аляксеевіч Байкоў, Аляксей Якаўлевіч Гаўруцікаў, Мікалай Міхайлавіч Казлоў, Аляксандр Фядотавіч Агурцоў, Вера Пятроўна Чарнова, Сусана Сяргееўна Скупава, Раіса Паўлаўна Кахноўская, Аляксандр Сяргеевіч Ждановіч, Веніфацый Максімавіч Шумейка і многія іншыя. На вялікі жаль, многіх яго таварышаў і паплечнікаў па ваенна-патрыятычнаму выхаванню насельніцтва ўжо няма сярод нас, але тыя, хто іх ведаў, памятаюць іх і сёння.

Ужо пачынаючы з 1975 года, Дубровенскі райкам ДТСААФ з пастаяннай зайздрасцю, з года ў год станавіўся прызёрам і пераможцам абласнога, рэспубліканскага і ўсесаюзнага спаборніцтва сярод ваенна-патрыятычных аб’яднанняў. Дзесяць гадоў запар валодаў пераходным чырвоным сцягам абкама ДТСААФ, які потым быў перададзены дубровенцам на пастаяннае захоўванне. Вось што расказвае былы старшыня РК ДТСААФ Дубровенскага раёна Рыгор Міхайлавіч Залескі, якому 9 красавіка 2012 года споўніцца 87 гадоў — дваццаць пяць з якіх ён узначальваў абароннае ваенна-патрыятычнае таварыства.

Сябры ДТСААФ

Дубровенскі раён у асноўным быў і з’яўляецца аграрным, а асабіста мне і маім новым памочнікам з ліку членаў прэзідыума РК ДТСААФ хацелася нечага большага і, у прыватнасці, мець цесную сувязь з ваеннымі, каб з іх дапамогай больш актыўна і мэтанакіравана весці ваенна-патрыятычнае выхаванне моладзі, падрыхтоўку юнакоў да службы ў арміі.

Пасля ўнясення прапаноў на разгляд райкама КПБ, мы пачалі наладжваць шэфскія сувязі з камандаваннем ваеннага гарнізова і, у прыватнасці, з камандаваннем авіяпалка № 402 стратэгічных бамбардзіроўшчыкаў, які дыслакаваўся ў пасёлку Балбасава Аршанскага раёна. Нам пашанцавала — 23 гады запар райкам ДТСААФ і Дубровенскі раён цесна супрацоўнічалі з ваеннымі лётчыкамі (да часу развалу СССР і расфарміравання авіяпалка № 402 у 1993 годзе). Асабісты склад авіяпалка неаднойчы аказваў працаўнікам сельскай гаспадаркі Дубровенскага раёна адчувальную дапамогу ў правядзенні сельгасработ, але асноўны ўпор нашы шэфы рабілі на ваенна-патрыятычнае выхаванне моладзі і насельніцтва раёна.

У ваенна-патрыятычным выхаванні і абаронна-масавай рабоце актыўны ўдзел прымалі раённы ваенны камісарыят (ваенкамы А.Т.Захараў, Славін, Усцюгоў), райкам ЛКСМБ (сакратары У.С.Шэдзько, А.Д.Лантух, Л.Я.Яцук, М.А.Савельева, С.П.Каржаева), савет ветэранаў вайны (старшыні Я.Ф.Ерушэвіч, Я.Д.Давыдаў), раённы аддзел адукацыі (загадчыкі В.П.Дзядзюра, А.В.Круцько), раённы аддзел культуры (загадчыкі В.М.Барысава, Р.П.Кахноўская), райкам прафсаюза работнікаў сельскай гаспадаркі, партыйныя і прафсаюзныя арганізацыі прад-прыемстваў, арганізацый, калгасаў і саўгасаў. Найбольшых поспехаў дабіваліся пярвічныя арганізацыі ДТСААФ торфапрадпрыемства “Асінторф”, саўгасаў імя Ю.Смірнова, “Перамога”, “Зарубы”, “Прыдняпроўскі”, “1 Мая”, калгасаў “Прагрэс”, імя ХХ з’езда КПСС, “Праўда”, “Беларусь”, “На варце”, Дубровенскага льнозавода, ПМК-39, камбіната прамтавараў, аўтабазы № 12, міжкалгасбуда, ДРБУ-108, СПТВ-35, СШ № 1 і № 2, Будскай, Дабрынскай, Арловіцкай, Ляднянскай, Зарубскай, Сваташыцкай, Станіславоўскай СШ і інш.

Дубровно, Дубровенский район, Витебская область, Беларусь, ДОСААФ, 85 лет, люди, дубровенцы, армия, офицеры, учение, война, поиск, история

Выхоўвалі сапраўдных мужчын…

У Дубровенскім раёне з сярэдзіны сямідзесятых гадоў мінулага стагоддзя трывала замацаваліся добрыя традыцыі: штогод праводзіліся месячнікі абаронна-масавай і ваенна-патрыятычнай работы, якія прымяркоўваліся да гадавіны Узброеных Сіл СССР, Дня Перамогі і гадавіны вызвалення Дубровенскага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, у гонар гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі і г.д. Самымі надзейнымі памочнікамі і дарадчыкамі ў гэтай справе былі нашы шэфы — афіцэры, сяржанты і салдаты авіяпалка № 402 пасёлка Балбасава.

Райкам ДТСААФ арганізоўваў і праводзіў значную колькасць спаборніцтваў па кулявой стральбе з дробнакалібернай і пнеўматычнай вінтовак, якіх у пярвічных арганізацыях налічвалася некалькі дзесяткаў адзінак. У кароткія тэрміны былі пабудаваны адкрытыя стралковыя ціры ў кар’еры паблізу льнозавода, за палігонам СПТВ-35, а потым пачаў працаваць 25-мятровы стралковы цір у адным з памяшканняў прафтэхвучылішча. Спаборніцтвы дапрызыўнай і прызыўнай моладзі, дарослых членаў ДТСААФ праводзіліся на прызы Герояў Савецкага Саюза Ганны Нікандравай і Юрыя Смірнова. Вялікай папулярнасцю карысталіся спаборніцтвы па мотакросу і фігурнаму ваджэнню матацыкла на ўласных матацыклах, па фігурнаму ваджэнню аўтамабіля і ваджэнню аўтамабіля на эканомію гаручага. Добра памятаю, што неаднаразовым пераможцам спаборніцтваў аўтамабілістаў у асабістым заліку станавіўся вадзіцель першага сакратара В.К.Касміна — Міхаіл Барадаўкін, а зборная каманда райкама КПБ па ваенна-прыкладному шматбор’ю чатыры гады запар утрымлівала кубак РК ДТСААФ. Вынікі на ўзроўні 3-га і 2-га дарослых разрадаў паказвалі члены ДТСААФ М.Н.Гарбаткін, М.І.Барадаўкін, У.С.Шэдзько, І.П.Холадава, В.К.Касмін, М.М.Тарасенка, Л.У.Мянжынская, З.Е.Голубева.

Юнакі дапрызыўнага і прызыўнага ўзростаў штогод наведвалі Балбасаўскі гарнізон, дзе знаёміліся з баявой тэхнікай і ўзбраеннем, вучобай і бытам салдат і сяржантаў, назіралі за тым, як вайскоўцы займаліся спортам і ваенным адзінаборствам. Нярэдка нашы прызыўнікі спаборнічалі з авіятарамі ў стральбе, кіданні гранаты, пераадоленні паласы перашкод. Запамінальнымі заставаліся наведванні музеяў авіяпалка ў Балбасаве і Героя Савецкага Саюза К.Заслонава ў Оршы.

Афіцэры авіяпалка № 402 па прыездзе ў Дуброўна, заўсёды прасілі арганізаваць ім сустрэчу з ветэранамі вайны, падчас якіх уважліва слухалі былых франтавікоў пра баявыя шляхі-дарогі, дакладвалі ветэранам пра сваі дасягненні ў баявой і палітычнай падрыхтоўцы. Шэфы былі частымі гасцямі ў працоўных і вучнёўскіх калектывах.

Менавіта камандаванне авіяпалка паса-дзейнічала нашаму райкаму ДТСААФ, раённаму савету ветэранаў вайны, які пад той час узначальваў Я.Ф.Ерушэвіч, у арганізацыі сустрэчы з палкоўнікам авіяцыі, Героем Савецкага Саюза Барысам Іванавічам Коўзунам. Гэты легендарны лётчык, адзін з савецкіх асаў у гады вайны здзейсніў у небе чатыры тараны варожых сцярвятнікаў. Неверагодна, але пратараніўшы на вялікай скорасці варожы самалёт, наш лётчык застаўся жывы…

Многім дубровенцам запомніліся сустрэчы з шэфамі-авіятарамі, якія выконвалі інтэрнацыянальны абавязак у гарачых кропках і, у прыватнасці, у складзе абмежаванага кантынгенту Узброеных Сіл СССР у Дэмакратычнай Рэспубліцы Афганістан. За перыяд баявых дзеянняў больш за 50 афіцэраў авіяпалка прымалі ўдзел у бамбардзіроўках тэрыторый, занятых душманамі. Дзесяткі афіцэраў адзначаны высокімі баявымі ўзнагародамі краіны.

У 1993 годзе полк № 402 быў расфарміраваны, але яго апошні камандзір Анатоль Біруля напярэдадні гэтай сумнай падзеі з групай афіцэраў у апошні раз наведалі наш раён, пабывалі ў многіх працоўных калектывах горада, у калгасах і саўгасах. Шкада, але з сярэдзіны дзевяностых гадоў паступова спыняў сваю шматгранную дзейнасць і Дубровенскі райкам ДТСААФ і яго спартыўна-тэхнічны клуб. СТК за дзесяць гадоў існавання падрыхтаваў больш за сотню вадзіцеляў-прафесіяналаў аўтамабіляў 3-га класа, матацыклістаў.

Нядаўна ў Віцебску адбыўся пашыраны пленум абласной арганізацыйнай структуры ДТСААФ, на якім былі падведзены вынікі работы фарміравання за 2011 год. Старшыня абласной структуры Васіль Корабаў у сваім дакладзе станоўча ацаніў дзейнасць ДТСААФ па ўсіх напрамках патрыятычнага выхавання і спартыўна-масавай рабоце.

Прачытаў гэтыя радкі і на душы стала сумна. Сумна ад таго, што ў нашым раёне з яго багатай гісторыяй, са значнымі былымі дасягненнямі патрыятычнага таварыства, не ўдалося аднавіць і рэаніміраваць дзейнасць ДТСААФ. Бачна, я ўжо не дажыву да такой падзеі.

Леанід ДУДАРАЎ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *