На Дубровенщине в 2012 году планируют получить не менее 123 тысяч тонн зерна

Дубровно, Дубровенский район, Витебская область, Беларусь, зерно, урожай, 2012, хлеб, рекорд

2 сакавіка ў актавай зале Дома Саветаў адбылася абарона мерапрыемстваў, накіраваных на атрыманне запланаванай колькасці сельгаспрадукцыі ў 2012 годзе.

Трымалі экзамен перад абласной камісіяй, якую ўзначальваў намеснік старшыні абласнога выканаўчага камітэта Эдуард Міхайлавіч Дзем’янаў, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі райвыканкама Алег Міхайлавіч Лындзін, спецыялісты ўпраўлення і кіраўнікі гаспадарак. У зале прысутнічалі таксама і гатовы былі даць тлумачэнні па сваіх галінах сельгасвытворчасці галоўныя аграномы, інжынеры і эканамісты гаспадарак.

У цэнтры ўвагі абласной камісіі пры абмеркаванні мерапрыемстваў быў узровень гатоўнасці сельгаспрадпрыемстваў раёна да правядзення веснавых палявых работ.

Перш, чым далажыць абласной камісіі аб гатоўнасці гаспадарак да пасяўной кампаніі, Алег Міхайлавіч Лындзін акрэсліў рубяжы ў кожнай галіне сельгасвытворчасці, за якія давядзецца змагацца працаўнікам сельскай гаспадаркі ў гэтым годзе. Так, вытворчасць валавой прадукцыі ў параўнанні з папярэднім годам неабходна павялічыць на 20 працэнтаў. Планам прадугледжана атрымаць 100 тысяч тон збожжа ў бункернай вазе, 3000 тон ільновалакна, 15 500 тон насення рапсу, 35 630 тон малака, 7 864 тоны мяса, у тым ліку 4 450 тон ялавічыны.

З намечанымі рубяжамі па валавому збору збожжа Э.М.Дзям’янаў не пагадзіўся і запатрабаваў ад начальніка райсельгасупраўлення скарэкціраваць мерапрыемствы на атрыманне не менш, як 123 тысяч тон збожжа, як і прадугледжана павышанымі абавязацельствамі на гэты год.

На думку Э.М.Дзям’янава, такі высокі рубеж па намалоту збожжа для дубровенскіх хлебаробаў, пасільная задача. “Дубровеншчына — гэта жытніца Віцебскай вобласці”, — падкрэсліў ён.

Але ж нагадаем, што ў мінулым годзе хлебаробы раёна сабралі ў бункернай вазе 83 тысячы тон збожжа. І гэта быў рэкордны намалот за ўсю гісторыю раёна. Сёлета да гэтай колькасці неабходна дадаць яшчэ 40 тысяч тон зерня, або павялічыць вытворчасць амаль у 1,5 раза.

Да таго ж трэба адзначыць, што ураджай залежыць не толькі ад надзейнасці работы тэхнікі, наяўнасці элітнага насення, добрых угнаенняў і іншых матэрыяльных фактараў, але і ад кадравага забеспячэння.

І сітуацыя тут не з вясёлых. Каб задзейнічаць на веснавым полі наяўныя сельгасмашыны, а работу энерганасычаных трактароў арганізаваць у дзве змены, у сельгаспрадпрыемствах раёна не хапае 72 механізатараў.

Гэтая праблема, па словах А.М.Лындзіна, будзе вырашацца за кошт прыцягнення для работы на трактарах вадзіцеляў і іншых работнікаў сельгаспрадпрыемстваў, якія маюць пасведчанні трактарыстаў, механізатараў з шэфствуючых арганізацый г.Дуброўна і Оршы, трэццякурснікаў прафтэхліцэя. Плануецца, што частка механізатараў з гарадскіх прадпрыемстваў прыбудуць у гаспадаркі на трактарах.

У канцы абароны мерапрыемстваў выступіў старшыня райвыканкама Анатоль Іванавіч Лукашоў, які адзначыў, што ў бліжэйшы час адбудзецца пасяджэнне райвыканкама па абмяркоўваемаму пытанню. Такое пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта з удзелам кіраўнікоў і спецыялістаў сельгаспрадпрыемстваў адбылося 5 сакавіка, дзе былі зацверджаны скарэкціраваныя мерапрыемствы па атрыманні валавога намалоту збожжа ў аб’ёме 123 тысяч тон.

Андрэй КВІР

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *