В сельском хозяйстве Дубровенщины озвучили финансовые итоги 2011 года

Дубровно, Дубровенский район, сельское хозяйство, село, колхоз, зерно, молоко, семена, деньги, финансы, доходы, лидер

Мінулы год для сельгаспрадпрыемстваў раёна, як, дарэчы, і для ўсёй эканомікі краіны, быў вельмі няпростым. І вось якія яго вынікі.

Наконт агульная выручкі

Упершыню самую высокую ў раёне выручку ад рэалізацыі сельгаспрадукцыі ў мінулым годзе атрымала ААТ “Баброва-Агра” — 9,5 мільярда рублёў, што ў 2,2 раза больш, чым у папярэднім годзе. Прадпрыемства з’яўляецца бясспрэчным лідэрам ў раёне па суме выручкі ад рэалізацыі збожжа, якая склала 3,6 мільярда рублёў або 37 працэнтаў ад агульнай сумы выручкі.

ААТ “Якубава-Агра” займае другое месца па аб’ёму агульнай выручкі і з’яўляецца лідэрам у раёне па суме выручкі, атрыманай ад рэалізацыі жывёлагадоўчай прадукцыі.

Самы высокі паказчык па суме выручкі ў разліку на 100 гектараў сельгасугоддзяў, як і ў папярэднія гады, мае ААТ “Праўда-С” — 280 мільёнаў рублёў, і не выпадкова, што гаспадарка без асаблівых праблем зводзіць канцы з канцамі ў фінансавым плане: грошай, выручаных ад продажу прадукцыі, хапае на выплату зарплаты, пагашэнне плацяжоў у бюджэтныя фонды і за энергарэсурсы, а таксама для набыцця абаротных і асноўных фондаў.

У той жа час ААТ “Рэдзькі” у разліку на 100 гектараў сельгасугоддзяў атрымала ўсяго 105 мільёнаў рублёў выручкі. Гэта самы нізкі паказчык у раёне. І як вынік — гаспадарка ў даўгах, як у шаўках.

Малочныя рэкі…

У дзевяці гаспадарках, як і ў раёне ў цэлым, галоўнай фінансавай крыніцай з’яўляецца малочная галіна. У цэлым па раёне доля выручкі, атрыманай ад рэалізацыі малака складае 39 працэнтаў, а ў КУСГП “Першамайскае” — 46, ААТ “Усход-Чырына” і “Якубава-Агра” — 44 працэнты.

Самая высокая доля выручкі ад рэалізацыі малака ў ААТ “Гігант-Агра” — 51 працэнт. У той жа час у ААТ “Рэдзькі” — усяго 32 працэнты. Тое ж самае можна сказаць і пра ААТ “Каманіна”, “Прыдубровенскае”, дзе доля выручкі ад рэалізацыі малака не перавышае адной трэці ад агульнай сумы выручкі і ў гэтых гаспадарках існуюць фінансавыя праблемы.

Збожжавае пытанне

У пяці гаспадарках найбольшая сума выручкі атрымана ад продажы збожжа. У КУСГП “Арловічы”, напрыклад, доля выручкі, атрыманай ад рэалізацыі зерня, склала 45 працэнтаў. У той жа час найменшую суму выручкі ад продажу збожжа атрымала ААТ “Гігант-Агра” — 750 мільёнаў рублёў або толькі 15 працэнтаў ад агульнай сумы выручкі.

«Жывыя» грошы

Найбольшая доля выручкі ад рэалізацыі жывёлы ў КУСГП імя Чарняхоўскага — 35 працэнтаў. Мясная галіна, як і малочная, у гэтай гаспадарцы з’яўляюцца асноўнымі фінансавымі крыніцамі. У той жа час у СГФ імя Ю.Смірнова і КУСГП “Арловічы” сума выручкі ад рэалізацыі жывёлы самая нізкая ў раёне: адпаведна 892 і 867 мільёнаў рублёў (значна менш, чым у любой іншай гаспадарцы раёна), што складае адпаведна ўсяго 12 і 16 працэнтаў ад агульнай сумы выручкі (у сярэднім па раёне 24 працэнты).

Дывідэнты ад насення

Зусім невысокая доля выручкі ад рэалізацыі насення рапсу і льнопрадукцыі: у цэлым па раёне яна склала адпаведна 3 і 1 працэнт. Яшчэ каля 900 мільёнаў рублёў (0,9 працэнта выручкі) гаспадаркі атрымалі ад продажы кармоў, насення шматгадовых траў і іншай раслінаводчай прадукцыі. Бульбу, напрыклад, вырошчвае толькі КУСГП “Прыдняпроўскі” і ад яе рэалізацыі гаспадарка выручыла толькі 22 мільёны рублёў.

Ёсць над чым працаваць…

Такім чынам, асноўнымі відамі таварнай прадукцыі ў сельгаспрадпрыемствах раёна ў мінулым годзе былі малако, жывёла і збожжа. А вось надзеі на рапс не спраўдзіліся: з-за неспрыяльных умоў зімоўкі на пераважнай большасці плошчаў азімы рапс загінуў. У выніку выручка ад рэалізацыі гэтай прадукцыі аказалася намнога ніжэйшай, чым планавалася. Ды і лён для гаспадарак раёна ўжо не з’яўляецца тым “манетным дваром”, якім ён быў у 70-80 гады мінулага стагоддзя.

Зразумела, што сума грашовай выручкі залежыць не толькі ад колькасці, але і ў значнай ступені ад якасці прадукцыі. Гэта рэгулюецца закупачнымі цэнамі. Напрыклад, закупачная цана 1 кілаграма малака сорта “экстра” вышэй, чым першага сорта амаль на 600 рублёў або на 26 працэнтаў. А розніца паміж цэнамі на харчовае і фуражнае зерне, жывёлу вышэйшай укормленасці і схуднелай, яшчэ больш істотная. Таму сёння на першы план выходзяць: не колькасныя, а якасны паказчыкі, атрыманне прадукцыі не любой цаной, а з найменшымі затратамі, не валавыя паказчыкі, а ўзровень эфектыўнасці гаспадарання. Па гэтаму і ацэньваецца работа кіраўнікоў і спецыялістаў, цэлых калектываў сельгаспрадпрыемстваў ва ўмовах рынкавай эканомікі. І ў якіх гаспадарках эфектыўнасць гаспадарання на першым плане, там і фінансавыя рэзультаты лепшыя.

Андрэй КВІР

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *