Председатель Дубровенского райисполкома поручил убрать урожай без потерь

Дубровно, Дубровенский район, уборка рапса, 2012
Старшыня раённага выканаўчага камітэта Анатоль Іванавіч Лукашоў на раённай нарадзе, якая адбылася 17 ліпеня, адзначыў, што на палетках раёна паспеў нядрэнны ўраджай рапсу. Але першыя выезды камбайнаў у поле паказалі, што ў многіх гаспадарках, на жаль, пакуль не гатовы належным чынам да жніва.

Больш за ўсё трывожыць той факт, што яшчэ няспраўны каля палавіны камбайнаў і збожжасушыльных комплексаў. А большасць тых камбайнаў, якія выехалі ў поле і прыступілі да абмалоту рапса, не адрэгуляваны і не загерметызаваны належным чынам. У выніку, значная частка ўраджаю, у вырошчванне якога ўкладзены вялікія матэрыяльныя сродкі, асыпаецца на зямлю пры абмалоце. У гэтым вінаваты кіраўнікі і спецыялісты гаспадарак, якія не арганізавалі падрыхтоўку тэхнікі да ўборкі ўраджаю.

Самая нізкая гатоўнасць камбайнаў і мехтакоў на дзень правядзення нарады, па словах начальніка вытворчага аддзела райсельгасупраўлення Уладзіміра Мікалаевіча Анішчанкі, была ў ААТ “Прыдубровенскае”, “Якубава-Агра”, “Баброва-Агра”, КУСГП “Першамайскае”, СГФ імя Ю.Смірнова. І толькі ў ААТ “Праўда-С”, КУСГП “Зарубы” і імя Чарняхоўскага тэхніка практычна гатова да ўборкі ўраджаю.

А.І.Лукашоў запатрабаваў ад кіраўнікоў і спецыялістаў гаспадарак у самыя кароткія тэрміны закончыць рамонт камбайнаў і мехтакоў. На кожны камбайн, які будзе задзейнічаны на ўборцы ўраджаю, павінны быць складзены акт гатоўнасці, падпісаны галоўнымі спецыялістамі і абавязкова правераны на якасць рэгуліровак і герметызацыі непасрэдна ў полі.

Пазней працэс праверкі гатоўнасці камбайнаў да ўборкі ўраджаю быў паказаны ўдзельнікам нарады на полі за вёскай Чубакова, дзе камбайнеры КУСГП “Першамайскае” ў той дзень абмалочвалі рапс.
Кантрольная праверка работы аднаго з камбайнаў у прысутнасці кіраўнікоў і спецыялістаў гаспадарак паказала, што нязначная колькасць насення рапсу ўсё ж прасыпалася на поліэтыленавую плёнку, якая была разаслана пад камбайнам. Аказалася, што недастаткова праведзена герметызацыя нахільнай камеры.

Наша галоўная задачанедапусціць страт ураджаю ў час яго ўборкі,падкрэсліў А.І.Лукашоў. — Якасць уборкі павінна быць на першым плане. Ёсць страты ўраджаю ў час уборкі — поўную адказнасць за такую безгаспадарчасць будуць несці галоўныя аграном і інжынер.

Начальнік райсельгасупраўлення Алег Міхайлавіч Лындзін запатрабаваў ад кіраўнікоў гаспадарак на перыяд жніва назначыць аднаго са спецыялістаў адказным за ўборку ўраджаю. Менавіта гэты спецыяліст у першую чаргу будзе несці адказнасць за якасць уборкі ўраджаю і абавязаны ўвесь час знаходзіцца на полі і правяраць якасць работы ўборачных агрэгатаў.

Якасць уборкі перш за ўсё будзе залежыць ад работы камбайнераў, ад таго, якім чынам яны падрыхтуюць уборачныя агрэгаты. Іх адносіны да сваіх прамых абавязкаў павінны рэгуляваць талоны якасці, якія выдадзены кожнаму камбайнеру. Менавіта ў талонах якасці і павінна штодзённа выстаўляцца ацэнка якасці работы, ад якой напрамую залежыць аплата працы.

У час нарады А.І.Лукашоў асаблівую ўвагу кіраўнікоў і спецыялістаў звяртаў на якасць рэалізуемай прадукцыі, ад якой залежыць закупачная цана. У першую чаргу гаспадаркі павінны выканаць дзяржзаказ па пастаўках насення рапсу.

Для таго, каб рапс не аказаўся стратнай культурай, неабходна пасляўборачную дапрацоўку па магчымасці весці ў гаспадарцы. І ні ў якім разе не спяшацца рэалізаваць насенне рапсу, якое застаецца пасля выканання дзяржзаказу. Неабходна шукаць спажыўцоў, якія вядуць закупку па больш высокіх цэнах.

Якасць уборкі павінна быць на першым плане, але і тэмпы яе маюць не менш важнае значэнне, бо спазненне можа прывесці да страт ураджаю на полі. Ужо праз тыдзень па заключэнні спецыялістаў райсельгасупраўлення надыйдзе час абмалоту збожжавых. Так што для раскачкі часу няма. У хлебаробаў наступае самы напружаны і адказны час.

Андрэй Квір.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *