Как пронести праздник через всю жизнь?

Дубровно, Дубровенский, Боброво, культура, биография, жизнь, рецепт

Дубровно, Дубровенский, Боброво, культура, биография, жизнь, рецепт 40 год свайго жыцця прысвяціла рабоце ў культуры цудоўная жанчына Валянціна Анатольеўна Храпко. Многа гэта ці мала – застаецца толькі меркаваць, але за гэты прамежак часу загадчыца сельскім клубам стала блізкай і роднай не толькі для ўсіх жыхароў мястэчка Баброва, але і яго гасцей. А моладзь, якая заўжды наведвала гурткі і дыскатэкі, што праходзілі пад пільным кіраўніцтвам Валянціны Анатольеўны, з павагай ласкава заве яе “наша цёця Валя”.

У гэтым годзе ў Валянціны Анатольеўны дзве круглыя даты: сёння яна адзначае асабістае шасцідзесяцігоддзе, а ў верасне яе працоўны стаж налічыць 40 гадоў.
Калісьці ў 1972 годзе маладой дзяўчынай наша гераіня ўладкавалася на працу ў аддзел культуры з думкамі: “крыху папрацую і пайду”, — а выйшла так, што засталася тут на ўсё жыццё. Здаралася перажывала, скардзілася на сваю работу, але заўжды з павагай і нейкай непадробнай пяшчотай і клопатам адносілася да яе.

Пад пільным, а калі патрабавалася, то і строгім кіраўніцтвам Валянціны Анатольеўны квітнеў і набываў папулярнасць сельскі клуб, які па праву стаў для жанчыны яе другім прытулкам. У хуткім часе тут пачалі дзейнічаць творчыя гурткі.
Так, вакальная група “Ручаёк” існуе пры клубе амаль з таго моманту, як пачаўся адлік працоўнага стажу Валянціны Анатольеўны. Людзі прыходзілі, спрабавалі, культурны адпачынак быў да спадобы – і яны заставаліся ў групе. Аднымі з такіх адданых агульнай творчай справе сталі салісткі гуртка Людміла Віктараўна Лазюк і Аксана Пятроўна Хмялёва. Сёння мілагучныя спевы “Ручайка” ўпрыгожваюць кожнае святочнае мерапрыемства ў мястэчку, а часам і ў раённым цэнтры.

Папулярнасцю сярод мясцовай моладзі і не толькі карыстаецца драматычны гурт “Прэстыж”. Іх рэпертуар цікавы і даволі разнастайны, і кіраўнік Валянціна Анатольеўна не забывае папаўняць яго творчую скарбонку. У мінулым годзе “Прэстыжныя” артысты з п’есай пра падзеі вайны “Огонек на ветру” прадстаўлялі наш раён на абласным аглядзе-конкурсе.

Неяк само сабой стаў непадзельным лёс клуба і яго загадчыцы. Калі вёсачка Баброва, набыўшы статус аграгарадка, памяняла свой знешні выгляд, падхарашылася і папрыгажэла, сельскі клуб змяніў сваю прапіску і пераехаў у новае памяшканне. Дзякуючы намаганням Валянціны Анатольеўны інтэр’ер яго значна абнавіўся, набыў сучасны выгляд, а разам з тым і больш удасканаленую апаратуру. Шчаслівая моладзь не прапускала ніводнай дыскатэкі, а дзеці – ранішніка.

Нескладана падлічыць, што больш за палову жыцця наша гераіня прысвяціла працы і клубу, але трэба аддаць ёй належнае: яна заўжды ўмела і правільна распараджалася сваім часам. Менавіта таму ёй хапала яго і на асабістае жыццё, і на сям’ю. Валянціна Анатольеўна вырасціла двух дзяцей. Дачка і сын ужо дарослыя, пакінулі бацькоўскі дом, пераехалі ў гарады, але разам са сваімі сем’ямі часта наведваюць малую радзіму і любімую матулю. А ўнук з унучкай прыязджаюць да бабулі на канікулы.

Апроч “клубнага” жыцця наша гераіня паспявае даглядаць вялікую гаспадарку. Больш таго – яна славіцца як майстра кулінарных спраў і на Дубровеншчыне, і за яе межамі: фірмовую страву “Баброў-ская вежа”, якую ўмее так незвычайна смачна і прыгожа прыгатаваць толькі Валянціна Анатольеўна, нават паказалі па тэлебачанні ў перадачы “Беларуская кухня”.

Паспрабуйце і вы, калі ласка!
Дубровно, Дубровенский, Боброво, культура, биография, жизнь, рецепт Для цеста вам спатрэбіцца: 3 яйкі, 3 сталовыя лыжкі малака. Муку насыпаем патроху такім чынам, каб атрымалася цеста, як на пяльмені. Потым дабаўляем туды лыжку водкі, каб хрусцела, і палову чайнай лыжкі соды, гашанай воцатам (уксус).
Цеста вымешваецца і раскатваецца па некалькі разоў, каб атрымалася пластовым.
З пластоў “каточкам” ці звычайным нажом выразаюцца нятоўстыя палоскі. Потым гэтыя палосачкі выпякаюць на патэльні ў сланечнікавым алеі да румянай корачкі. Алею не шкадуйце, яго павінна быць многа, каб нашы палосачкі нават патанулі ў ім.
Пасля запякання атрымаўся хвораст, але на гэтым прыгатаванне не скончана – зараз будзем майстраваць саму “вежу”. Пакуль наш хвораст астывае, мы гатуем верашчаку (подливу). Для гэтага нам спатрэбіцца натуральны мёд і тры сталовыя лыжкі цукру. Мёд даводзім да кіпення на лёгкім агні, дабаўляем туды цукар і павольна памешваем.
У атрыманую верашчаку акунаем нашы палачкі хворасту і складваем іх, як зруб хаты, квадратам: унізе большыя, зверху – меншыя. Цяпер наш “зруб” можна паставіць застываць у холад.

—На святочным стале “Баброўская вежа” будзе зіхацець і пералівацца, нібы сапраўдны бурштын, — усміхаецца шчырая гаспадыня Валянціна Анатольеўна і расказвае, што гэтым фірмовым прысмакам частавалі і на нядаўнім юбілеі ў Полацку, і на “Дняпроўскіх галасах” у Дуброўне, і на “Славянскім базары” ў Віцебску. Людзі выстройваліся ў чаргу, каб паспрабаваць залацістую мядовую палачку, прыгатаваную дубровенскай гаспадыняй.

Ганна КАЦІКАВА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *