Горячая пора настала в КУСХП «Зарубы»

Дубровно,Дубровенцы, механизаторы, уборка, рапс, зерно, урожай

Жнуць і… сеюць
Самы вялікі валавы збор азімага рапсу сярод гаспадарак раёна сёлета сабралі працаўнікі камунальнага сельгаспрадпрыемства “Зарубы”: з 301 гектара намалацілі 552 тоны насення рапсу або па 18,3 цэнтнера з гектара — на 2,5 цэнтнера больш, чым у сярэднім па раёне.

Уборку рапсу тут завяршылі 24 ліпеня і на наступны дзень без раскачкі прыступілі да абмалоту збожжавых. 26 ліпеня на пшанічным полі, што раскінулася непадалёку ад вёскі Іскозы, абмалот збожжавых вялі 5 збожжаўборачных камбайнаў. У кожнага з экіпажаў — свая загонка. Тут на полі я сустрэў і адказнага за работу ўборачнага атрада начальніка вытворчага ўчастка Дзмітрыя БЕЛАВУСАВА.

Малады спецыяліст расказаў, што ён і галоўны аграном гаспадаркі Міхаіл Давыдавіч Курпатаў рэгулярна правяраюць якасць абмалоту збажыны кожным камбайнам. Пакуль страт ураджаю па тэхнічных прычынах, якія б перавышалі нормы, не выяўлена. У кожнага экіпажа ёсць талон якасці, у які ў канцы рабочага дня выстаўляюцца адзнакі работы. Усе экіпажы працуюць старанна. Ударную працу стымулююць добрыя расцэнкі аплаты і клопат кіраўніцтва гаспадаркі аб стварэнні добрых умоў. Двойчы ў дзень непасрэдна ў поле дастаўляюцца гарачыя абеды.

Вось і ў той момант, калі я размаўляў з маладым брыгадзірам, на поле заехаў аўтамабіль, на якім даставілі абед. Камбайнеры і вадзіцелі на адвозцы зерня, а таксама экіпаж зарубскага пажарна-выратавальнага паста № 12 раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, пачалі абедаць.

У гэты момант на поле пад’ехалі малады дырэктар Аляксандр Аляксандравіч Зайцаў, які ўзначаліў гаспадарку ў канцы мая гэтага года і галоўны аграном гаспадаркі Міхаіл Давыдавіч Курпатаў.
Яны расказалі, што ўсе шэсць наяўных збожжаўборачных камбайнаў былі своечасова падрыхтаваны да жніва. Самым вузкім месцам на жніве з’яўляецца пасляўборачная дапрацоўка збожжа.

—У нас толькі адна старая польская збожжасушылка, якая можа дапрацоўваць толькі нязначную колькасць паступаючага з поля збожжа. Мантаж новай збожжасушылкі не па нашай віне зацягваецца і ў лепшым выпадку яе здадуць у эксплуатацыю толькі восенню, — апавядае А.А.Зайцаў. — Таму мы сёння заключылі дагавор з Аршанскім камбінатам хлебапрадуктаў на дастаўку значнай колькасці збожжа з поля на камбінат, дзе яго высушаць, ачысцяць і пакладуць на часовае захоўванне, пакуль нам яно не спатрэбіцца. Зразумела, што гэта некалькі знізіць эфектыўнасць вырошчвання збожжа, але ў склаўшайся сітуацыі гэта адзінае выйсце, каб не дапусціць псавання збожжа.

Дырэктар і галоўны аграном расказалі, што паралельна са жнівом у гаспадарцы самым актыўным чынам рыхтуюцца да сяўбы азімага рапсу.
—Учора мы ўбралі пшаніцу на суседнім полі, дзе сёння працуюць камбайны, — апавядае А.А.Зайцаў. — А вечарам там з’явіўся трактар МТЗ-3022 з васьмікорпуснымі абаротнымі плугамі, якім кіруе Сяргей Трушкоў. За ноч поле было ўзарана. У бліжэйшыя дні там будзем сеяць азімы рапс. Узворванне глебы ноччу — вымушаная мера: днем у спякоту пераграваецца трактар.

Дырэктар і галоўны аграном расказалі, што сёлета ў гаспадарцы плануюць пасеяць 300 гектараў азімага рапсу пад ураджай 2013 года. І завяршыць сяўбу плануюць у першай палавіне жніўня. На практыцы мінулых гадоў пераканаліся, што сяўба рапсу ў аптымальныя тэрміны дазваляе пераносіць зімоўку і забяспечваць добры ўраджай. Для сяўбы рапсу ў гаспадарцы дастаткова насення, ёсць пэўны запас угнаенняў і неабходная тэхніка для правядзення пасяўных работ, завяршаецца ўзворванне глебы.

Такім чынам, хлебаробы КУСГП “Зарубы” адначасова з уборкай сёлетняга ўраджаю самым актыўным чынам закладваюць падмурак будучаму.
Днямі прыспешыць у гаспадарцы яшчэ адна неадкладная работа — уборка лёну. Даўгунец тут прыспее на 100 гектарах. Від на ўраджай добры. Вельмі важна тое, што лён не палёг, а гэта значыць, што не будзе асаблівых праблем з яго церабленнем і наступнымі ўборачнымі работамі.

А. Квір
На здымку: камбайнер Дзмітрый Анатольевіч Калтуноў і  вадзіцель МАЗа Аляксандр Сяргеевіч Зайцаў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *