Дубровенцы делятся опытом выращивания рапса

Дубровно,Дубровенский, опыт, рапс, ОАО"Придубровенское", земля, урожай

Па ініцыятыве кіраўніцтва Віцебскага масла-экстрацыйнага завода ў нашым раёне пабывала дэлегацыя аграномаў з Талачынскага і Чашнікскага раёнаў. Мэта іх прыезду — пазнаёміцца з вопытам вырошчвання новага гібрыднага сорту яравога рапса “САЛЬСА КЛ”. Варта заўважыць, што ў Віцебскай вобласці гэты сорт сёлета вырошчвалі толькі ў чатырох раёнах: Аршанскім, Верхнедзвінскім, Міёрскім і нашым. Віцебскі МЭЗ, які ў апошнія гады востра адчувае недахоп сыравіны для перапрацоўкі, актыўна ініцыіруе пашырэнне зоны вырошчвання яравога рапсу “САЛЬСА КЛ” і ў іншых раёнах Віцебшчыны.

Што ж убачылі аграномы з Талачынскага і Чашнікскага раёнаў на палетках яравога рапса ў нашым раёне?
Яны пабывалі ў ААТ “Прыдубровенскае” і “Праўда-С”, дзе, па словах намесніка начальніка райсельгасупраўлення Валерыя Мельніка, на працягу ўсяго перыяду вегітацыі імкнуліся захоўваць тэхналогію вырошчвання. Таму і ўраджай рапсу сорта “САЛЬСА КЛ” тут даспявае нядрэнны. Па заключэнні прадстаўнікоў кампаній Рапуль і БАСФ (забяспечвала пастаўку сродкаў абароны раслін), якія ў той дзень разам з аграномамі пабывалі на рапсавых палетках, біялагічная ўраджайнасць новага імпартнага сорту на 100-гектарным полі каля вёскі Карабанавічы ААТ “Прыдубровенскае”складае каля 25 цэнтнераў , у ААТ “Праўда-С” — 19-20 цэнтнераў.

Гасцей уразіў той факт, што рапсавыя палеткі ў гэтых гаспадарках чыстыя ад пустазелля. Гэта вынік дзейнасці гербецыда “Напасаран”, які дазваляе знішчыць не толькі ўзашэдшае на момант апрацоўкі пустазелле, але і стварыць глебавы гербецыдны экран, які стрымлівае наступныя хвалі пустазелля.

Аграномы з Талачынскага і Чашнікскага раёнаў убачылі, што можа адбыцца, калі пасевы рапсу наогул не апрацоўваць фунгіцыдамі. Такі эксперымент (вольна ці нявольна) правялі на рапсавым полі каля вёскі Бахава. Пераважную частку рапсавага поля тут апрацавалі фунгіцыдам “Піктар”, а палоску на шырыню захопу агрэгата, пакінулі неапрацаванай. У выніку на гэтай палосцы рапс вельмі моцна паражон хваробамі, і на ўраджай тут марна разлічваць.

У гасцей была магчымасць параўнаць вынікі вырошчвання рапсу па дзвюх тэхналогіях. Так атрымалася, што на адным з палеткаў, які засявалі рапсам сорту “САЛЬСА КЛ” на ўсю адведзеную плошчу не хапіла насення. Застаўшыйся ўчастак поля засеялі рапсам айчыннага сорту “Прамень”. Натуральна, што і хімабарона раслін у перыяд вегітацыі тут выконвалася па беларускай тэхналогіі. На ўчастку, дзе даспявае “САЛЬСА КЛ” пасевы чыстыя ад пустазелля, у той жа час над “Прамянём” месцамі ўзвышаецца лебяда.

Дубровно,Дубровенский, рапс, жатва, посевы, урожай, комбайн
.
—Які ўраджай рапсу “САЛЬСА КЛ” расце ў іншых гаспадарках? — пацікавіўся я ў В.М.Мельніка.
—У тых сельгаспрадпрыемствах, дзе строга прытрымліваліся тэхналогіі, ураджай яравога рапсу даспявае нядрэнны. Там жа, дзе не захоўвалі тэхналагічныя аграпрыёмы — не будзе добрага ўраджаю, у прыватнасці гэта датычыцца ААТ “Рэдзькі”, — адзначыў В.М.Мельнік.

Відавочна, што пасля завяршэння ўборкі збожжавых, надыйдзе час абмалоту яравога рапсу “САЛЬСА КЛ”. Наколькі ён апраўдае надзеі, як высокаўраджайны сорт, будзе бачна, калі насенне будзе ў свірнах.

А тым часам гаспадаркі раёна пачалі сяўбу азімага рапса. У цэлым па раёне пад гэтую культуру адводзіцца 3790 гектараў. Як сведчыць аператыўная інфармацыя райсельгасупраўлення па стану на 13 жніўня былі засеяны 346 гектараў (9 працэнтаў).

Самыя высокія тэмпы сяўбы азімага рапсу ў ААТ “Праўда-С”: з 200 запланаваных гектараў 114, або 57 працэнтаў, ужо засеяны. Больш як на 20 працэнтах пакладзена насенне гэтай азімай культуры ў зямлю ў КУСГП “Арловічы”, “Зарубы”, ААТ “Гігант-Агра”, “Баброва-Агра”. У той жа час ААТ “Рэдзькі” і КУСГП “Прыдняпроўскі” па стану на 13 жніўня яшчэ не прыступалі да сяўбы азімага рапсу, хаця аптымальныя тэмпы для правядзення гэтай работы ў нашай кліматычнай зоне заканчваюцца 20 жніўня.

Андрэй КВІР.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *