Дубровенские сельхозпредприятия переводят стада на стойловое содержание

Дубровно,Дубровенский, осень, фермы, экономика, ОАО"Каманина"

Статкі — у зімовыя «кватэры»

Ці гатовы фермы да работы ў зімовых умовах?

Адказ на гэтае пытанне вырашыў пашукаць у адной з гаспадарак. 25 верасня я пабываў у ААТ “Каманіна”, дзе на фермах утрымліваецца каля 2400 галоў буйной рагатай жывёлы, у тым ліку 765 кароў.

На той дзень толькі адзін статак на малочнатаварнай ферме вёскі Каўровая быў пераведзены на стойлавае ўтрыманне. Яшчэ тры статкі кароў круглыя суткі ўтрымліваліся на пашы.

—Заўтра пераводзім на стойлавае ўтрыманне яшчэ адзін дойны статак: на пнявіцкай ферме гатоў да прыёму жывёлы кароўнік, дзе сёлета праведзена рэканструкцыя, — паведаміла галоўны ветурач гаспадаркі Святлана Мікалаеўна Кантузорава.

Разам з С.М.Кантузоравай я пабываў на цэнтральнай ферме гаспадаркі: тут за летні перыяд выкананы вялікі аб’ём работ па мадэрнізацыі двух памяшканняў для ўтрымання дойных статкаў.
Cтвораны нармальныя ўмовы для ўтрымання жывёлы, працы жывёлаводаў і атрымання высакаякаснага малака.
А вось, каб завяршыць работы па рэканструкцыі другога кароўніка на гэтай ферме, па словах галоўнага ветурача, спатрэбіцца, як мінімум, яшчэ тыдзень. І толькі ў пачатку кастрычніка сюды змогуць паставіць жывёлу.

Не гатовы да работы ў зімовых умовах на той дзень быў адзін з двух кароўнікаў на каўроўскай ферме: тут патрэбен капітальны рамонт падлогі ў стойлах. Гэтую работу тут плануюць выканаць пасля завяршэння работ па рэканструкцыі памяшкання на пнявіцкай ферме.

Варта адзначыць, што на рамонце ферм у гаспадарцы працуюць дзве брыгады.
Як вядома, Прэзідэнт краіны паставіў задачу ў перспектыве даенне кароў у кожнай гаспадарцы праводзіць у даільных залах. У нашым раёне ў гэтым годзе запланавана будаўніцтва трынаццаці даільных залаў. Што ў гэтым плане робіцца ў ААТ “Каманіна”?
—Даільная зала будзе пабудавана на каўроўскай ферме. Зараз вырабляецца праектная дакументацыя, — паведаміла С.М.Кантузорава.
Што датычыцца бягучага рамонту, уцяплення іншых жывёлагадоўчых памяшканняў, то да гэтай работы тут яшчэ практычна не прыступалі. Уся ўвага будаўнічых брыгад пакуль сканцэнтравана на завяршэнні мадэрнізацыі двух кароўнікаў на пнявіцкай ферме.

Андрэй КВІР.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *