АТП №12 г.Дубровно гордится своими водителями

Дубровно,дубровенский, АТП-12, профессия, работа, водитель, график, авторитет

Па працы пашана
Па прадстаўленні працоўнага калектыву ААТ “Аўтатранспартнае прадпрыемства №12 г.Дуброўна” на раённую Дошку гонару сёлета занесены партрэт вадзіцеля аўтобуса Сяргея Міхайлавіча Стругава.
—Сяргей Міхайлавіч у нашай арганізацыі працуе даўно. Ён першакласны вадзіцель, добрасумленны працаўнік. Карыстаецца аўтарытэтам і павагай у калектыве. Беражліва адносіцца да даверанай тэхнікі. Калі ўзнікае неабходнасць, працуе ў выхадныя дні. Пабольш бы такіх працавітых вадзіцеляў і праблем у арганізацыі было б менш, — такую характарыстыку герою майго аповеду даў дырэктар аўтатранспартнага прадпрыемства Юрый Уладзіміравіч Гарбачоў.
Прафесія вадзіцеля аўтобуса нялёгкая і адказная, звязаная з абслугоўваннем людзей. Перш за ўсё вадзіцель павінен быць дысцыплінаваным і ветлівым з пасажырамі, строга захоўваць графік руху аўтобуса. І ў гэтым плане Сяргей Міхайлавіч Стругаў, па словах Ю.У.Гарбачова, з’яўляецца прыкладам для іншых вадзіцеляў аўтапарка. Праца вадзіцеля аўтобуса нялёгкая перш за ўсё ў тым плане, што рабочы дзень вельмі расцягнуты і разарваны, вобразна кажучы, на дзве часткі.
—На работу з дому я адпраўляюся ў 5 гадзін 20 мінут, а вечарам вяртаюся ў 20 ці ў 21 гадзіну, у залежнасці ад маршрута абслугоўвання. Праўда, днём ёсць перапынак, але ў цэлым я за рулём каля 10 гадзін. Праз шэсць рабочых дзён — два выхадныя. Далёка не кожны вадзіцель згодзен працаваць у такім рэжыме, асабліва маладыя. Таму многія праз пэўны час звальняюцца. Гэта адна з прычын таго, што ў нашай арганізацыі існуе кадравая праблема, не хапае вадзіцеляў. Нярэдка па просьбе адміністрацыі арганізацыі даводзіцца працаваць у выхадныя, — расказвае С.М.Стругаў.
Сяргей Міхайлавіч Стругаў разам з жонкай Таццянай Рыгораўнай, якая раней працавала з Белдзяржстраху, а цяпер на пенсіі, выхавалі двух сыноў. Малодшы Дзмітрый пайшоў, вобразна кажучы, па слядах бацькі, набыў прафесію вадзіцеля. Спачатку працаваў вадзіцелем аўтобуса ў Оршы, потым шэсць гадоў перавозіў пасажыраў у нашым раёне, а ў апошнія гады працуе вадзіцелем бензавоза ў прадпрыемстве “Лукойл-Беларусь”.
Старэйшы сын Аляксандр скончыў акадэмію МУС, працаваў намеснікам начальніка аддзялення ДАІ Дубровенскага РАУС, а цяпер працуе ў ДАІ г.Орша.
Вось такі след за 39 гадоў жыцця і працы на беларускай зямлі пакідае ўраджэнец Смаленшчыны Сяргей Міхайлавіч Стругаў. І тое, што сёлета яго партрэт занесены на раённую Дошку гонару, заслужаная ўзнагарода за шматгадовую старанную працу.
Андрэй КВІР.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *