В Дубровенском районе определены задачи для сельского хозяйства на 2013год

О.М.Лындин,И.И.Федоров,А.Е.Атясов

Дубровно,дубровенский, агрогородок,Зарубы, совещание,планирование

Вызначаны задачы на 2013 год

У рабоце нарады прынялі ўдзел старшыня абласнога Савета дэпутатаў Аляксандр Ягоравіч Ацясаў і намеснік старшыні абласнога камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванню Іван Іванавіч Фёдараў.
З інфармацыяй аб выніках работы сельгаспрадпрыемстваў раёна за мінулы год і задачах па вытворчасці і рэалізацыі сельгаспрадукцыі на 2013 год выступіў першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Алег Міхайлавіч Лындзін.
У сваім выступленні А.М.Лындзін адзначыў, што ў мінулым годзе па аб’ектыўных і суб’ектыўных прычынах у большасці сельгаспрадпрыемстваў не ўдалося выйсці на запланаваныя рубяжы па вытворчасці сельгаспрадукцыі. У цэлым па раёне аб’ём валавой прадукцыі ў параўнанні з узроўнем 2011 года скараціўся на 3 працэнты. Такое зніжэнне звязана з недаборам прадукцыі раслінаводства: у цэлым па раёне яе атрымана на 11,5 працэнта менш, чым у 2011 годзе. На 11 тысяч тон або на 14,6 працэнта зменшыўся валавы намалот збожжа. Горш урадзілі кармавыя палеткі: на 6 тысяч тон менш нарыхтавана сенажу і на 87 тысяч тон менш назапашана сіласу. Усяго кармоў у пераводзе ў кармавыя адзінкі нарыхтавана на 27,2 працэнты менш, чым у папярэднім годзе.
Адной з галоўных прычын зніжэння вытворчасці збожжа з’яўляюцца неспрыяльныя ўмовы надвор’я ў перыяд сяўбы і вегетацыі раслін.
Другой прычынай зніжэння аддачы збожжавага палетка, па словах А.М.Лындзіна, з’яўляецца горшая, чым у папярэднім годзе, запраўка глебы мінеральнымі ўгнаеннямі. Такія ж прычыны недабору кармоў.
А вось у жывёлагадоўлі зроблены чарговы крок наперад: вытворчасць малака і мяса ў параўнанні з узроўнем 2011 года павялічылася на 4 працэнты.
Значна палепшыўся эканамічны і фінансавы стан сельгаспрадпрыемстваў. Усе гаспадаркі закончылі год з прыбыткам. За 11 месяцаў 2012 года ў цэлым па раёне сельгаспрадпрыемствы атрымалі каля 50 мільярдаў чыстага прыбытку, узровень рэнтабельнасці з улікам дзяржпадтрымкі склаў 26 працэнтаў. Усе галіны сельгасвытворчасці, за выключэннем ільнаводства, рэнтабельныя. Рэнтабельнасць малака склала 17,4 працэнта, а ялавічыны — 5,2 працэнта. Характэрна, на рэнтабельную работу мясная галіна сёлета выйшла ўпершыню за апошнія 15 гадоў.
Па словах старшыні абласнога Савета дэпутатаў А.Я.Ацясава, аграпрамысловы комплекс Дубровенскага раёна ў фінансавым плане з’яўляецца адным з самых устойлівых сярод раёнаў Віцебскай вобласці. Большасць гаспадарак выплачваюць зарплату і пагашаюць іншыя неадкладныя плацяжы ў бюджэт і за энерганосьбіты за кошт уласных сродкаў, не маюць вялікіх пратэрмінаваных плацяжоў па банкаўскіх крэдытах. Гэта стварае спрыяльныя ўмовы для далейшага нарошчвання вытворчасці і рэалізацыі сельгаспрадукцыі.
А.М.Лындзін агучыў задачы, якія абласны выканаўчы камітэт ставіць перад аграпрамысловым комплексам нашага раёна на 2013 год.
У гэтым годзе сельскім працаўнікам нашага раёна неабходна атрымаць 135 тысяч тон збожжа, 2775 тон ільновалакна, 500 тон бульбы, 8000 тон рапсу, 43280 тон малака і 9349 тон мяса. У параўнанні з узроўнем мінулага года вытворчасць збожжа трэба павялічыць у 1,9 раза, малака — у 1,3 раза, мяса — у 1,2 раза. І толькі па вытворчасці льновалакна планавыя паказчыкі на 6 працэнтаў ніжэйшыя за фактычныя ў мінулым годзе.
Андрэй КВІР.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *