Среди победителей областного соревнования животноводы Дубровенщины

Г.К.Рябцева

Галина Константиновна Рябцева

Абласны камітэт прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу падвёў вынікі спаборніцтва малочнатаварных ферм і аператараў машыннага даення за снежань мінулага года.
Прыемна адзначыць, што пераможцай абласнога спаборніцтва сярод маладых аператараў машыннага даення прызнана жывёлаводка са сваташыцкай фермы ААТ “Герой” Наталля Іванаўна Бычкова. Дарэчы, гэта ўжо трэцяя яе працоўная перамога ў абласным спаборніцтве аператараў машыннага даення: яна была лепшай у вобласці па выніках работы за кастрычнік і лістапад мінулага года. Н.І.Бычкова ўзнагароджана дыпломам і грашовай прэміяй у суме 300 тысяч рублёў.
Трэцяе месца сярод аператараў машыннага даення прысуджана Галіне Канстанцінаўне Рабцавай з мардахоўскай фермы СГФ імя Ю.Смірнова. Ёй уручаны падзяка і грашовая прэмія ў суме 200 тысяч рублёў.
Аб жыццёвых і працоўных буднях Н.І.Бычковай мы ўжо расказвалі на старонках “Дняпроўскай праўды”. Таму сёння наш аповед аб Г.К.Рабцавай.
Галіна Канстанцінаўна — патомная жывёлаводка. Нарадзілася і вырасла ў вёсцы Казлы.
—Мая мама, Марыя Ягораўна Раманенка, ўсё жыццё працавала даяркай на ферме ў вёсцы Казлы ў былым калгасе імя Дзяржынскага, — гаворыць Г.К.Рабцава. — Дапамагаць маці я пачала з дзяцінства. У школьныя гады пастаянна прыходзіла на ферму, карміла і даіла кароў. Маці і навучыла мяне, як трэба даглядаць жывёлу, каб яна давала многа малака. Пасля заканчэння школы я пайшла вучыцца ў Дубровенскае прафтэхвучылішча, дзе набыла прафесіі лабаранта, повара і жывёлавода. Атрымаўшы падсведчанне аб заканчэнні вучылішча, я, як і мая маці, пайшла працаваць на ферму. З той пары вось ужо адзінаццаць гадоў працую аператарам машыннага даення.
Сваю працоўную біяграфію Г.К.Рабцава пачынала на ляхаўскай малочнатаварнай ферме ў калгасе “Гігант” (цяпер ААТ “Гігант-Агра”), дзе адпрацавала аператарам сем гадоў. Потым па сямейных абставінах ёй двойчы даводзілася мяняць месца жыхарства і работы. Адзін год адпрацавала на баеўскай ферме ААТ “Усход-Чырына”, а ў апошнія тры гады доіць кароў на ферме ў вёсцы Мардахі.
—Аб рабоце Галіны Рабцавай магу сказаць толькі добрыя словы. Яна стараецца ўсё рабіць так, як рэкамендуюць спецыялісты. Таму і надоі ў яе групе самыя высокія на ферме, — цёпла адклікаецца аб рабоце падначаленай брыгадзір фермы Галіна Уладзіміраўна Рэйтузава.
Да слоў брыгадзіра варта дадаць, што ў мінулым годзе Г.К.Рабцава надаіла на карову па 5995 кілаграмаў малака. Гэта лепшы паказчык у гаспадарцы і пяты ў раёне. Так што прызавое месца Г.К.Рабцавай у абласным спаборніцтве аператараў машыннага даення па выніках работы за снежань заканамерная з’ява.
У кастрычніку мінулага года Галіне Рабцавай даручылі раздой групы першацёлак. З даручанай справай жывёлаводка спраўляецца паспяхова. На сённяшні дзень усе 60 цялушак ужо ацяліліся. У сярэднім кожная з іх дае па 14-16 іклаграмаў малака.
—У мяне ўжо ёсць вопыт раздоя першацёлак. У 2009 годзе я раздойвала групу перашацёлак на баеўскай ферме ААТ “Усход-Чырына”, — гаворыць Г.К.Рабцава.
Умовамі працы і жыцця на новым месцы яна задаволена. Кіраўніцтва гаспадаркі выдзеліла сям’і Г.К.Рабцавай, у якой двое дзяцей-школьнікаў, новы аднакватэрны дом з усімі зручнасцямі ў вёсцы Цеалін. І такі падарунак Галіна Канстанцінаўна Рабцава апраўдвае добрасумленнай працай.
Андрэй КВІР. Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *