В Дубровенском районе выращен хороший урожай зерновых

Дубровно,Дубровенский,жатва,уборка,погода,жара
Раённыя “зажынкі”, як мы паведамлялі, адбыліся на пшанічным полі, што раскінулася за вёскай Чырвоная Слабада. У свяце першага снапа прынялі ўдзел камбайнеры і вадзіцелі ААТ “Баброва-Агра”, кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў, спецыялісты райсельгасупраўлення, настаяцель Свята-Нікольскага храма іерэй Вячаслаў, а таксама вакальная група “Сяляначкі” Станіславоўскага сельскага Дома культуры.
Абрад зажынак выконвалі самадзейныя артысты са Станіславова. Яны сардэчна віншавалі прысутных з пачаткам жніва. Па традыцыі ўручылі каравай старшыні райвыканкама Анатолю Лукашову, начальніку райсельгас¬упраўлення Алегу Лындзіну і дырэктару ААТ “Баброва-Агра” Аляксандру Мурашкіну.
Потым удзельнікі вакальнай групы зжалі сярпом першыя снапы новага ўраджаю і ўручылі іх кіраўнікам раёна і гаспадаркі.
Па народнай традыцыі благаславенне на паспяховае правядзенне ўборкі ўраджаю даў айцец Вячаслаў. Ён акрапіў уборачную тэхніку і ўдзельнікаў зажынак святой вадой.
З пачаткам уборачнай кампаніі хлебаробаў павіншавалі старшыня райвыканкама А.Лукашоў, начальнік райсельгасупраўлення А.Лындзін і дырэктар ААТ “Баброва-Агра” А.Мурашкін. Апошні ўручыў камбайнерам памятныя сувеніры. Самадзейныя артысты са Станіславова далі невялічкі канцэрт, у якім гучалі народныя песні, праслаўляючы працу на зямлі.
Як адзначылі ў сваіх выступленнях кіраўнікі раёна і гаспадаркі, дзе праводзілі зажынкі, сёлета, на палетках раёна паспеў нядрэнны ўраджай.
Асабліва радуе важкім коласам азімая пшаніца. Так, на полі, дзе праходзілі зажынкі, кожны гектар, па словах А.Мурашкіна, дае па 65 цэнтнераў зерня. І цяпер гэты хлеб трэба ўбраць без страт.
Сёлета хлебаробам раёна неабходна абмалаціць збожжавыя на 28 тысячах гектараў. Убіраць ураджай будуць каля 90 камбайнавых экіпажаў. Важна, што на старце жніва хлебаробам спрыяе надвор’е. У выніку, у апошнія чатыры дні ў большасці гаспадарак набраны нядрэнныя тэмпы ўборкі.
Самыя высокія тэмпы ўборкі ў ААТ “Прыдубровенскае”, “Усход-Чырына”, “Гігант-Агра”, КУСГП “Зарубы”, дзе збажына ўжо абмалочана на 25-28% уборачнай плопшчы. А самыя высокія намалоты па стану на 28 ліпеня ў ААТ “Праўда-С” і КУСГП “Прыдняпроўскі”, дзе з кожнага гектара збіраюць па 50 цэнтнераў зерня. І гэта не можа не радаваць. Нялёгкая праца хлебаробаў акупляецца важкім караваем.
Андрэй КВІР.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *