Сняты ограничения на содержание свиней на личных подворьях

Дубровно,Дубровенский,АЧС, ветслужба

У канцы мінулага года раённы выканаўчы камітэт прыняў рашэнне аб зняцці абмежаванняў па ўтрыманні свіней на падвор’ях грамадзян Дубровенскага раёна. Пракаменціраваць гэтае рашэнне наш карэспандэнт папрасіў галоўнага ветурача раёна Дзмітрыя Сяргеевіча Праскурава.

—Згодна з рашэннем райвыканкама трымаць свіней дазваляецца ва ўласных падсобных гаспадарках грамадзян у пераважнай большасці населеных пунктаў раёна, за выключэннем населеных пунктаў, якія уваходзяць у пяцікіламетровую зону вакол свінагадоўчага комплекса ААТ “Аршанскі КХП”. Да іх ліку адносяцца вёскі Шабаны, Пятрыкі, Судзілавічы, Лабаны, Жабыкі, аграгарадкі Асінторф і Буда, дзе ўтрыманне свіней на падвор’ях па-ранейшаму забараняецца.

Хачу падкрэсліць, што ўтрыманне свіней на падвор’ях населеных пунктаў, якія не ўваходзяць у пяцікіламетровую зону, дазваляецца пры ўмове, калі грамадзяне строга выконваюць “Ветэрынарныя санітарныя правілы ўтрымання свіней ва ўласных падсобных гаспадарках”. Гэта галоўны фактар, які перасцерагае ад заносу на падвор’і ўзбуджальнікаў інфекцыйных хвароб.

Перш за ўсё ў памяшканні, дзе ўтрымліваюцца свінні, неабходна падтрымліваць належны санітарны парадак, перад уваходам у яго трэба абсталяваць дэзінфекцыйны коўрык. Для абслугоўвання свіней неабходна мець асобнае адзенне і абутак.

Пастаянна трэба весці барацьбу з грызунамі.

Грамадзянам, якія на сваіх падвор’ях трымаюць свіней, рэкамендуецца па магчымасці абмежаваць наведванне лясных угоддзяў.

Кармы для свіней — канцэнтраты, бульбу, караняплоды — можна выкарыстоўваць толькі пасля іх тэрмічнай апрацоўкі. Камбікорм варта купляць толькі ў магазінах дзяржаўнай гандлёвай сістэмы. Катэгарычна забараняецца для кармлення свіней выкарыстоўваць прадукты, якія ўтрымліваюць мясныя кампаненты.

У выпадку захворвання ці падзяжу свіней на на падвор’і, грамадзяне абавязаны немарудзячы паведаміць аб гэтым у райветстанцыю ці сельскі Савет.

Для прадухілення распаўсюджвання інфекцыйных хвароб хатніх свіней на тэрыторыі вобласці і ў нашым раёне пастаянна праводзіцца маніторынг на выяўленне фактаў захавання і падзяжу дзікіх свіней.

—Дзмітрый Сяргеевіч, як вядома, Прэзідэнт краіны паставіў задачу перад кіраўніцтвам аграпрамысловага комплекса краіны да канца 2015 года аднавіць пагалоўе свіней на ўсіх свінагадоўчых комплексах краіны, на якіх раней было забіта свінапагалоўе ў сувязі з мерапрыемствамі па барацьбе з інфекцыйнымі захворваннямі свіней. Што канкрэтна робіцца ў гэтым плане на свінакомплексе ля вёскі Шабаны нашага раёна?

— Тут ужо праведзены ўсе арганізацыйна-гаспадарчыя мерапрыемствы па стварэнні належных умоў для ўтрымання свіней. Цяпер ажыццяўляецца камплектацыя комплекса матачным свінапагалоўем і наладжваецца работа па арганізацыі ўзнаўлення статка.

Падрыхтаваў Андрэй КВІР.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *