Ремонтный конвейер Дубровенщины работает в полную силу

Дубровно,Дубровенский, техника, ремонт,сев,решения

Згодна з графікам, распрацаваным спецыялістамі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, рамонт тэхнікі, якая будзе выкарыстоўвацца на сяўбе яравых культур, неабходна завяршыць да 1 сакавіка. Якая сітуацыя на рамонтным канвееры ў сельгаспрадпрыемствах раёна? Аб гэтым наш карэспандэнт папрасіў расказаць начальніка вытворчага аддзела райсельгасупраўлення Уладзіміра Анішчанку.

—У тых гаспадарках, дзе да аднаўлення тэхнікі прыступілі адразу пасля завяршэння восеньскіх палявых работ, пераважная большасць сельгасмашын ужо на лінейцы гатоўнасці, — гаворыць У.Анішчанка. — Так не першы год паступаюць у ААТ “Праўда-С”. На гэты час практычна ўсе сельгасмашыны, якія будуць выкарыстоўвацца на веснавых палетках, ужо адрамантаваны, завяршаецца рамонт трактароў.

Планамерна, на працягу асенне-зімовага перыяду вядуць аднаўленне тэхнікі рамонтнікі КУСГП “Зарубы”. Тут засталося адрамантаваць два пасяўныя агрэгаты, неабходныя запчасткі закуплены, і машыны на працягу гэтага месяца тут паставяць на лінейку гатоўнасці.

Актыўным чынам працуюць рамонтнікі КУСГП імя Чарняхоўскага. Амаль усе трактары ўжо на хаду, адрамантавана пераважная большасць сельгасмашын, у гэтыя дні тут завяршаюць рамонт апошняга пасяўнога агрэгата.

Нядрэнна папрацавалі механізатары ААТ “Каманіна”. Тут завяршаюць рамонт глебаапрацоўчых і пасяўных агрэгатаў. Ды і ў шэрагу іншых гаспадарак выкананы значны аб’ём работ па падрыхтоўцы тэхнікі да веснавых палявых работ. У цэлым па раёне па стану на 26 студзеня падрыхтавана да сяўбы 75% трактароў, 82% плугоў і машын для ўнясення мінеральных угнаенняў, 74% — дыскатараў, 72% — культыватараў і 69% пасяўных агрэгатаў. На аднаўленне тэхнікі з пачатку рамонтнага сезона сельгаспрадпрыемствы раёна выдаткавалі 1,3 млрд.рублёў уласных грошай.

Але работы на рамонтным канвееры яшчэ шмат. У цэлым па раёне неабходна адрамантаваць 11 пасяўных агрэгатаў АПП-6 і 4-“Лемкен”, 9 дыскатараў, 13 энерганасычаных трактароў, пэўную колькасць іншых сельгасмашын. Падлікі паказваюць, што для завяршэння рамонта тэхнікі неабходна выдаткаваць каля 4,4 млрд.рублёў. Значная частка для рамонту гэтай сумы неабходна для рамонту энерганасычаных трактароў МТЗ-3022 і МТЗ-2522.

Самая складаная сітуацыя з падрыхтоўкай тэхнікі да веснавой сяўбы ў ААТ “Рэдзькі”. Тут няспраўныя два трактары МТЗ-3022. Неабходна рамантаваць рухавікі, адзін з якіх ужо даставілі на Віцебскі маторарамонтны завод. У гаспадаркі няма грошай, каб аплаціць рамонт. Другі няспраўны рухавік з-за адсутнасці сродкаў знаходзіцца ў рамонтнай майстэрні гаспадаркі. У гэтай гаспадарцы яшчэ многа няспраўных большасць глебаапрацоўчых і пасяўных агрэгатаў. Пачалі рамонт толькі аднаго з трох наяўных пасяўных агрэгатаў АПП-6А. Для таго, каб адрамантаваць трактары і сельгасмашыны, гэтай гаспадарцы неабходна выдаткаваць каля 800 млн.рублёў. Такой сумы грошай у гаспадарцы няма.

З-за адсутнасці сродкаў на набыццё запчастак яшчэ шмат няспраўнай тэхнікі ў КУСГП “Арловічы” і “Першамайскае”. Два трактары МТЗ-3022 з КУСГП “Арловічы” знаходзяцца ў рамонтных майстэрнях аршанскага райаграсэрвіса, але на аплату рамонту у гаспадарцы няма грошай.

Шмат яшчэ работы ў рамонтнікаў ААТ “Баброва-Агра”. Тут няспраўны два энерганасычаныя трактары МТЗ-3022, значная колькасць пасяўных і глебаапрацоўчых агрэгатаў. Для завяршэння рамонту тэхнікі гаспадарцы патрэбна выдаткаваць каля 500 млн.рублёў.

Звыш 400 млн. рублёў неабходна для рамонту двух трактароў МТЗ-3022 і сельгасмашын ААТ “Прыдубровенскае”.

—У папярэднія гады значныя сумы грошай на падрыхтоўку тэхнікі да веснавых палявых работ сельгаспрадпрыемствам выдзяляліся з абласнога бюджэту. Ці плануецца такая фінансавая дапамога дзяржавы сёлета?

—Не, з абласнога бюджэту на гэтыя мэты сёлета грошы не запланаваны. Гаспадаркам давядзецца вышукваць уласныя фінансавыя рэзервы, каб завяршыць рамонт тэхнікі. Да пачатку веснавых работ яшчэ ёсць час. Раз у дэкаду сітуацыя на рамонтным канвееры абмяркоўваецца на нарадзе кіраўнікоў гаспадарак у райвыканкаме. Думаецца, што ўдасца знайсці сродкі, каб завяршыць рамонт тэхнікі ў вызначаныя тэрміны.

Падрыхтаваў Андрэй КВIР.
На здымку: рамонт тэхнікі ў КУСГП «Зарубы».

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *